Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУСА́РКА,

вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 7 км на ПнУ ад горада і 10 км ад чыг. ст. Клімавічы, 131 км ад Магілёва. 97 ж., 41 двор (1997). Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі.

т. 5, с. 542

ГУСА́РЫ (венг. huszár, адз. л.),

від кавалерыі ў арміях еўрап. дзяржаў у 15 — пач. 20 ст. З’явіліся ў Венгрыі ў 1458 пры каралю Мацьяшы І Корвіне як конныя атрады дваранскага апалчэння, якія камплектаваліся паводле прынцыпу вылучэння аднаго ўзбр. конніка ад кожных 20 дваранскіх двароў (адсюль назва). З 16 ст. гусары вядомы ў Польшчы і Беларусі (у складзе войска ВКЛ, існавалі да канца 18 ст.), з 1634 — у Расіі (пераважна лёгкая кавалерыя, асабліва вызначыліся ў вайну 1812, выкарыстоўваліся да 1917), з канца 17 — пач. 18 ст. — у Францыі, Аўстрыі, Прусіі (лёгкая конніца для дзеянняў у тыле і на флангах праціўніка, вядзення разведкі і праследавання).

Літ.:

Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994. С. 39-43.

т. 5, с. 542

«ГУСАРЫ́»,

«Гусарыкі», бел. нар. танец. Блізкі да карагода. Муз. памер 24 або 44. Тэмп павольны. Выканаўцы ходзяць, узяўшыся за рукі і спяваючы песню, ствараюць розныя фігуры: круг, вароты, запляценні і інш. Зафіксаваны ў Магілёўскай вобл. На нар. першааснове ў харэаграфічным ансамблі «Харошкі» створаны арыгінальны канцэртны танец.

Ю.М.Чурко.

т. 5, с. 542

«ГУСАЧО́К»,

бел. нар. танец. Блізкі да карагода. Муз. памер 24. Тэмп павольны. Танцоры імітуюць рухі гусей за важаком: нетаропкі, з боку ў бок крок, звілістыя лініі, спіралі ў малюнку. Часта суправаджаецца прыпеўкамі: «Гэй, гэй, гусачок, // Ці харошы касначок? //Гэр, гэр, гуска, // Ці хароша хустка?». Зафіксаваны ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

т. 5, с. 542

ГУ́СЕВА (Іна Сяргееўна) (н. 12.2.1930, г. Фергана, Узбекістан),

бел. вучоны ў галіне антрапалогіі і генетыкі. Д-р біял. н. (1982), праф. (1983). Скончыла Ферганскі настаўніцкі ін-т (1951), Сярэднеазіяцкі ун-т (1959, Ташкент). У 1973—87 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па дэрматагліфіцы, эвалюцыі аддзела твару чэрапа чалавека ў антрапа- і расагенезе, эвалюцыйным і канстытуцыянальным аспектах адаптыўнай нормы папуляцыі.

Тв.:

Морфогенез и генетика гребешковой кожи человека. Мн., 1986;

Прырода чалавека, чалавек у прыродзе. Мн., 1992 (разам з А.І.Мікулічам);

Ён і яна: Эцюды па генетыцы і эвалюцыі полу. Мн., 1995 (з ім жа).

т. 5, с. 542

ГУ́СЕВА (Ларыса Нічыпараўна) (н. 8.8.1933, Мінск),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1966), дац. (1979). Скончыла БДУ (1955). У 1956—68 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1973—82 у БДУ (1968—72 у Нью-Йорку, 1982—88 у Аўстрыі). Друкуецца з 1964. Даследуе творчасць М.Багдановіча, Я.Коласа, К.Чорнага, Я.Брыля, сучасную прозу, традыцыі стараж. рус. і бел. л-р, пытанні тэксталогіі. Аўтар манаграфіі «Янка Брыль — мастак» (1968). Складальнік хрэстаматыі «Старажытная руская літаратура ў даследаваннях» (1979, з Л.Кароткай), метадычнага дапаможніка «Гісторыя старажытнай рускай літаратуры і літаратуры XVIII ст.» (1982, з Кароткай).

т. 5, с. 542

ГУСЕ́ЛЬНІКАВА (Ніна Іванаўна) (н. 2.10.1924, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

бел. і рус. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Засл. арт. Беларусі (1951). Скончыла Бел. кансерваторыю (1950). У 1949—52 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1952—64 — Вял. т-ра ў Маскве. На бел. сцэне стварыла пранікнёныя вобразы Марфы («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Антаніды («Іван Сусанін» М.Глінкі), Мікаэлы («Кармэн» Ж.Бізэ), Джыльды, Віялеты («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба), Цэрліны («Фра-Д’ябала» Ф.Абера), Разіны («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Аксаны («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Дуні («Марозка» М.Красева). Лаўрэат конкурсу 2-га Сусв. кангрэсу студэнтаў (1950, Прага).

Б.С.Смольскі.

т. 5, с. 542

ГУ́СЕНІЧНЫ ХОД,

прыстасаванне (рухач) самаходных машын, асн. часткай якога з’яўляецца гусеніца. Гэта суцэльны метал. або гумаметал. ланцуг з шарнірна злучаных звёнаў, які прыводзіцца ў рух вядучымі коламі машыны. Гусеніца верціцца разам з коламі і апорнымі каткамі, падкладваецца пад іх і стварае бясконцы пуць з супраціўленнем руху значна меншым, чым на грунце. Вял. паверхня гусеніц забяспечвае нізкі ціск на глебу, павялічвае счапленне з грунтам і праходнасць машыны. Гусенічны ход выкарыстоўваецца ў трактарах, торфаўборачных і дарожных машынах, экскаватарах, трубаўкладчыках, снегаходах, танках, цягачах і інш.

т. 5, с. 543

ГУСЕПАДО́БНЫЯ,

пласціністадзюбыя (Anserformes), атрад вадаплаўных птушак. 2 сям.: паламедэі (Anhimidae, 2 роды, 3 віды; жывуць у Паўд. Амерыцы па ўзбярэжжах мелкаводных вадаёмаў) і качыныя (43 роды, 147 відаў, пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды). У сям. качыных 3 падсям.: паўлапчатыя гусі, гусіныя (лебедзі, казаркі, гусі, дрэвавыя качкі) і качыныя (крахалі, пяганкі, качкі). У Чырв. кнізе МСАП 15 відаў гусепадобных. На Беларусі 30 відаў з сям. качыных, з іх 14 відаў гняздуюцца, 11 пралётных, 5 выпадкова залётных. У Чырв. кнігу занесена 8 відаў: белавокі нырэц, свіязь, шылахвостка, вялікі і даўгадзюбы крахалі, звычайны гогаль (гл. Гогаль), лебедзь-шыпун, чырвонаваллёвая казарка.

Даўж. цела гусепадобных 38—180 см, маса ад 300 г (чырок-траскунок) да 13 і больш кг (лебедзь-шыпун). Цела ўкрыта густым пухам і пер’ем і змазваецца сакрэтам копчыкавай залозы. Афарбоўка разнастайная, розная ў самцоў і самак. Шыя доўгая, ногі кароткія, з плавальнай перапонкай. Дзюба падоўжаная, плоская. Большасць відаў — манагамы. Гняздуюцца парамі. Гнёзды каля вады на беразе або на вадзе сярод расліннасці, зрэдку ў дуплах дрэў і інш. Нясуць 2—15 яец. Вывадкавыя птушкі. Корм раслінны і жывёльны. Многія — аб’екты палявання, птушкагадоўлі. Гл. таксама Гусі свойскія.

Л.В.Кірыленка.

т. 5, с. 543

ГУ́СЕРЛЬ ((Husserl) Эдмунд) (8.4.1859, г. Просніц, Чэхія — 26.4.1938),

нямецкі філосаф, заснавальнік фенаменалогіі. Праф. у Гале, Гётынгене і Фрайбургу. Паводле Гусерля, філасофія не мае ніякіх адносін ні да навакольнага свету, ні да навук, што яе вывучаюць; яе прадмет — гэта толькі з’явы (феномены) свядомасці, якія разглядаюцца як адзіныя і непасрэдна дадзеныя. Гэтыя феномены ён разглядаў як абсалютныя сутнасці, што маюць усеагульнае значэнне і не залежаць ад індывід. свядомасці; асабістыя перажыванні суб’екта, яго ўспрыманне і інтуіцыя складаюць асн. крытэрый ісціны. Ідэі Гусерля сталі філас. асновай экзістэнцыялізму, паўплывалі на развіццё філас. антрапалогіі неатамізму, структуралізму, некат. навук. школ у псіхалогіі, псіхіятрыі, літ.-знаўстве, метадалогіі навукі.

Тв.:

Husserliana. Gesammelte Werke. Bd. 1—26. Den Haag, 1950—84;

Рус. Пер. — Логические исследования. Ч. 1. Пролегомены к чистой логике. СПб., 1909;

Кризис европейского человечества и философия // Вопр. философии. 1986. № 3;

Логические исследования. Т. 2, ч. 1. Исследования по феноменологии и теории познанния. Исслед. V. Об интенциональных переживаниях и их «содержаниях» // Проблемы онтологии в современной буржуазной философии. Рига, 1988.

В.В.Краснова.

т. 5, с. 543