Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАНЮ́ШЫ,

службовая пасада ў ВКЛ і Польшчы. У Польшчы вядомы з 11 ст., у ВКЛ — з 15 ст. Павінен быў наглядаць за велікакняжацкімі табунамі і стайнямі, хоць фактычна гэтыя абавязкі выконваў падканюшы. У 16 ст. пры вял. князю называўся К. дворны, у паветах — К. земскі. З 17 ст. пасада вялікага К. (К. ВКЛ) — дыгнітарская, г. зн. прыдворная.

т. 8, с. 18

КАНЮШЫ́НА (Trifolium),

род двухдольных кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я, некат. віды ёсць ў гарах Паўд. Амерыкі і трапічнай Афрыкі. На Беларусі 15 дзікарослых. Найб. вядомыя К.: гібрыдная, або ружовая (T. hybridum), лутавая, або чырвоная (T. pratense), паўзучая, або белая (T. repens). 8 інтрадукаваных: К. александрыйская, або егіпецкая, бурсіма (T. alexandrinum), бледна-жоўтая (T. ochroleucum), валасістагаловая (T. trichocephalum), каўказская (T. caucasicum), мяса-чырв. (T. incarnatum) і інш. Растуць на лугах, пашах, у лясах, акультураныя часам дзічэюць. К. лубінавая (T. lupinaster) і чырванаватая (T. rubens) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з узыходнымі, прамастойнымі або распасцёртымі аблісцелымі сцёбламі, стрыжнёвымі, цыліндрычнымі ці верацёнападобна патоўшчанымі каранямі (у некаторых відаў карэнішча). На дробных карэньчыках утвараюцца каранёвыя клубеньчыкі, у якіх месцяцца клубеньчыкавыя бактэрыі, што засвойваюць азот паветра. Лісце чаргаванае, трайчастае ці пальчата-складанае з 5—9 суцэльна-крайнімі лісцікамі з прылісткамі. Кветкі дробныя, двухполыя, зігаморфныя (матыльковага тыпу), рознага колеру, у галоўчатых цыліндрычных, шарападобных і інш. суквеццях. Плод — дробны струк. Кармавая (мае шмат пратэіну), сідэральная (азотфіксавальная — павялічвае ўрадлівасць глебы), лек., меданосная і дэкар. расліна.

Г.​У.​Вынаеў.

Канюшына: 1 — чырванаватая; 2 — лубінавая.

т. 8, с. 18

КА́НЯ,

птушка, гл. Кнігаўка.

т. 8, с. 18

КАНЯВА́ ((Kaniava) Эдуардас) (н. 1.7.1937, г. Клайпеда, Літва),

літоўскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Вільнюскую кансерваторыю (1960), з 1969 выкладае ў ёй. З 1959 саліст Літ. оперы. Валодае яркімі вак. данымі, сцэн. майстэрствам, выконвае партыі лірычнага і драм. барытона: Марус («Птушкі, якія заблудзілі» В.​Лаўрушаса), Удрыс («Піленай» В.​Кловы), Анегін, Ялецкі, Раберт («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Рыгалета, Жэрмон, маркіз ды Поза («Рыгалета, «Травіята», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі). Выступае і як канцэртны спявак.

т. 8, с. 18

Канявалава Наталля Юр’еўна

т. 18, кн. 1, с. 400

КАН ЮВЭ́Й (19.3.1858, пав. Наньхай, прав. Гуандун, Кітай — 31.3.1927),

кітайскі паліт. дзеяч і сац. філосаф. Апіраўся на ідэі канфуцыянства, але імкнуўся да мадэрнізацыі краіны і ўвядзення канстытуцыйнай манархіі. У 1898 заснаваў партыю рэформ Баахагой (Саюз абароны дзяржавы). Падтрыманы маладой кіт. інтэлігенцыяй і імператарам Гуансюем, у час «ста дзён рэформ» 1898 адм. шляхам праз выданне ўказаў ад імя імператара зрабіў спробу рэалізаваць праграму рэформ (удасканаленне дзярж. апарата, сістэмы асветы, рыначныя пераўтварэнні ў эканоміцы і інш.). Пасля задушэння рэфарматарскага руху імператрыцай Цысі эмігрыраваў. Як прыхільнік манархіі выступаў супраць рэвалюцыі 1911—13. Аўтар трактата «Кніга аб Вялікім Яднанні» (1887), у якім даў утапічную канцэпцыю будучага свету, дзе, на яго думку, не будзе месца прыватнай уласнасці і сац. няроўнасці.

т. 8, с. 17

КАО́НЫ,

тое, што К-мезоны.

т. 8, с. 19

КАО́Р, Кагор (Cahors),

горад на ПдЗ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Ло, на р. Ло, прытоку р. Гарона. 19,7 тыс. ж. (1995). Цэнтр раёна вінаградарства і вінаробства. Вытв-сць віна «Кагор». Арх. помнікі 12—17 ст., у т. л. сабор Сент-Эцьен, мост Валентрэ, епіскапскі палац.

т. 8, с. 19

КАП ((Kapp) Эўген) (26.5.1908, г. Астрахань, Расія — 29.11.1996),

эстонскі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Талінскую кансерваторыю па класах фп. і кампазіцыі (1931, клас А.​Капа), з 1945 выкладаў у ёй (з 1947 праф., у 1952—64 рэктар). Аўтар першых эст. сав. оперы «Агні помсты» (паст. 1945) і балета «Калевіпоэг» (паст. 1948). З інш. твораў: оперы «Пясняр свабоды» (паст. 1950), «Рэмбрант» (паст. 1975), «Зімовая казка» (дзіцячая, паст. 1958), балет «Золатапапрадухі» (дзіцячы, паст. 1956); араторыя «Эрнст Тэльман» (1977); кантаты; 3 сімфоніі (1942—64), 6 сюіт і 4 уверцюры для сімф. аркестра; канцэрты для фп, (1970), флейты (1976), канцэрціна для скрыпкі (1973), флейты (1965) з аркестрам; камерна-інструментальныя творы; хар. і сольныя песні; музыка да кінафільмаў. Сярод вучняў Э.​Тамберг. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1952. Дзярж. прэміі Эстоніі 1948, 1950, 1977.

Літ.:

Кырвитс Х. Эуген Капп. М., 1959.

т. 8, с. 19

КАПА́,

1) часовая ўкладка сена ці саломы ў кучу.

2) У беларусаў, палякаў, рускіх і ўкраінцаў адзінка лічэння, роўная 60 (60 снапоў, яек, агуркоў і інш.).

3) Грашовая адзінка, якая адпавядала 60 грошам. Была пашырана ў Беларусі ў 14—18 ст. У 17 ст. адпавядала 75 польскім грошам або 50 рус. капейкам.

4) На Беларусі і Украіне ў часы феадалізму сход сялян, які разглядаў суд. справы (гл. Копны суд) і зямельныя спрэчкі.

т. 8, с. 19