Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДРОЗДАПАДО́БНАЯ ЧАРАЦЯ́НКА,

птушка, гл. ў арт. Чарацянкі.

т. 6, с. 208

ДРО́ЙЗЕН ((Droysen) Іаган Густаў) (6.7.1808, г. Трэптаў, цяпер г. Тшабятаў, Польшча — 19.6.1884),

нямецкі гісторык. Праф. Берлінскага (у 1835—40 і з 1859), Кільскага (з 1840) і Іенскага (з 1851) ун-таў. Удзельнік антыдацкага паўстання ў Шлезвіг-Гольштэйне і чл. Франкфурцкага парламента ў Рэвалюцыю 1848—49 у Германіі, выступаў за аб’яднанне герм. зямель вакол Прусіі. Увёў у гіст. навуку паняцце элінізм (разумеў яго як працэс «распаўсюджвання грэч. дзяржаўнасці і адукаванасці» сярод стараж.-ўсх. народаў). Заснавальнік пруска-малагерм. гіст. школы. Аўтар прац «Гісторыя Аляксандра Вялікага» (1833), «Гісторыя элінізму» (т. 1—2, 1836—43 ; 2 выд, т. 1—3, 1877—78), «Гісторыя прускай палітыкі» (т. 1—14, 1855—86) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — История эллинизма. [Т.] 1—3. Ростов н/Д. 1995.

т. 6, с. 208

ДРОК (Косць) (Канстанцін Леанідавіч; 22.4.1919, г. Луганск, Украіна — 22.5.1996),

украінскі паэт. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1941). Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Насустрач сонцу» (1953), «Дняпроўскія мелодыі» (1956), «Мелодыі жыцця» (1972), «Пад ветразямі гадоў» (1978), «Сцвярджэнне» (1990) і інш. роздум пра чалавечы лёс у складаных умовах рэчаіснасці 20 ст. Пісаў творы для дзяцей (зб. «Хочаш ведаць пра Карпаты», 1954). Пераклаў на ўкр. мову паасобныя вершы Я.​Купалы, К.​Кірэенкі.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 209

ДРО́НАЎ (Фёдар Амосавіч) (18.5.1925, г. Крамянчуг, Украіна — 4.7.1994),

бел. вучоны-эканаміст. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р эканам. н. (1976), праф. (1979). Засл. эканаміст Беларусі (1985). Скончыў Ленінградскі фін.-эканам. ін-т (1954). З 1964 у Ін-це эканомікі АН Беларусі (з 1968 нам. дырэктара). У 1980—88 дырэктар Н.-д. эканам. ін-та Дзяржэканомплана. Навук. працы па сац.-эканам. праблемах навук.-тэхн. прагрэсу і эфектыўнасці вытв-сці.

Тв.:

Научно-технический прогресс и проблемы ускорения экономического роста. Мн., 1979;

Проблемы интенсификации промышленного производства. Мн., 1979 (у сааўт.);

Интенсификация в условиях научно-технического прогресса. М., 1986.

Ф.А.Дронаў.

т. 6, с. 209

ДРО́НТАВЫЯ (Raphidae),

сямейства птушак атр. голубападобных. 2 роды, 3 віды: дронт звычайны, або дода (Raphus cucullatus), белы (R. apterornis) і пустэльнік (Pezophaps solitaria). Вынішчаны паляваннем, завезенымі свойскімі жывёламі і макакамі. Былі пашыраны на Маскарэнскіх а-вах (Індыйскі ак.), дода на в-ве Маўрыкій (апошнія звесткі ў 1681), белы на в-ве Рэюньён (вымер каля 1750), пустэльнік на в-ве Радрыгес (канец 18 ст.). У некат. музеях (Оксфард, Капенгаген, Масква і інш.) зберагліся шкілеты і асобныя часткі цела пераважна доды.

Маса да 20 кт (дода). Галава вял., дзюба кручкаватая. Крылы маленькія, пер’е кароткае. 4 пальцы. Неслі 1 яйцо. Расліннаедныя.

Да арт. Дронтавыя. Дронт звычайны, або дода.

т. 6, с. 209

Дронь Павел Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 382

ДРО́СЕЛЬ (ням. Drossel),

1) прыстасаванне, якое звужае паток вадкасці, пары ці газу ў трубаправодах. Выкарыстоўваецца для вымярэння і рэгулявання ціску і расходу гэтых рэчываў (дросельныя расходамеры, дыяфрагмы, соплы і інш.), а таксама для рэгулявання гаручай сумесі ў рухавіках унутр. згарання (дросельныя клапаны, засланкі).

2) Шпуля з вял. індуктыўным супраціўленнем (гл. Індуктыўнасці шпуля).

т. 6, с. 209

ДРО́ЦІК (ад грэч. dorotos кап’ё),

кароткае кідальнае кап’ё. Вядомы з эпохі верхняга палеаліту (з каменным або касцяным наканечнікам; выкарыстоўваўся як паляўнічая зброя), асабліва ў аўстрал. абарыгенаў і алеутаў. У старажытнасці служыў зброяй першага ўдару ў арміях Грэцыі і Рыма (з жал. наканечнікам). Для павелічэння далёкасці і сілы кідка (да 70—80 м) выкарыстоўвалася раменная пятля. У сярэднія вякі быў пашыраны (з жал. наканечнікам) у Зах. і Усх. Еўропе (на Русі наз. суліца; упершыню згадваецца ў 12 ст. ў «Слове пра паход Ігаравы»).

т. 6, с. 209

ДРУ ((Drew) Джон) (13.11.1853, Нью-Йорк — 9.7.1927),

амерыканскі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у т-ры «Арч-стрыт». У 1875—92 у трупе антрэпрэнёра О.​Дэйлі (Нью-Йорк), адзін з вядучых акцёраў трупы. Яго ігра вызначалася вытанчанасцю манер, лёгкасцю і шчырасцю. Сярод роляў: Розенкранц, Петручыо («Гамлет», «Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), гаспадар гасцініцы («Рып Ван Вінкль» паводле У.​Ірвінга). З 1892 выступаў у якасці «зоркі» ў гастрольных трупах.

т. 6, с. 209

ДРУ́ГАСНАЕ КВАНТАВА́ННЕ,

метад апісання квантавых сістэм з вял. пераменнай колькасцю часціц, у якім ролю незалежных пераменных хвалевых функцый выконваюць лікі часціц у індывід. станах асобнай часціцы (т.з. лікі запаўнення).

Д.к. распрацавана П.Дзіракам для базонаў (1927) і незалежна Ю.Вігнерам і ням. фізікам П.​Іорданам для ферміёнаў (1928). Д.к. дасягаецца ўвядзеннем аператараў, што павялічваюць (аператары нараджэння) або памяншаюць (аператары знікнення) лік часціц у вызначаным стане на 1. Матэм. ўласцівасці такіх аператараў устанаўліваюцца перастановачнымі суадносінамі (камутантамі), выгляд якіх вызначаецца спінам часціцы (відам квантавай статыстыкі). Пры такім падыходзе хвалевая функцыя сама становіцца аператарам. Д.к. выкарыстоўваецца ў квантавай тэорыі поля.

А.​І.​Балсун.

т. 6, с. 209