ДРО́ЙЗЕН ((Droysen) Іаган Густаў) (6.7.1808, г. Трэптаў, цяпер г. Тшабятаў, Польшча — 19.6.1884),

нямецкі гісторык. Праф. Берлінскага (у 1835—40 і з 1859), Кільскага (з 1840) і Іенскага (з 1851) ун-таў. Удзельнік антыдацкага паўстання ў Шлезвіг-Гольштэйне і чл. Франкфурцкага парламента ў Рэвалюцыю 1848—49 у Германіі, выступаў за аб’яднанне герм. зямель вакол Прусіі. Увёў у гіст. навуку паняцце элінізм (разумеў яго як працэс «распаўсюджвання грэч. дзяржаўнасці і адукаванасці» сярод стараж.-ўсх. народаў). Заснавальнік пруска-малагерм. гіст. школы. Аўтар прац «Гісторыя Аляксандра Вялікага» (1833), «Гісторыя элінізму» (т. 1—2, 1836—43 ; 2 выд, т. 1—3, 1877—78), «Гісторыя прускай палітыкі» (т. 1—14, 1855—86) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — История эллинизма. [Т.] 1—3. Ростов на/Д. 1995.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)