Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛО́БІ (англ. lobby кулуары),

арганізаваныя групы пры парламентах многіх краін, якія аказваюць націск на заканадаўцаў і дзярж. чыноўнікаў з мэтай дамагчыся прыняцця рашэнняў у інтарэсах пэўных грамадскіх і прыватных арг-цый. У ЗША з 1946 існуюць легальна як спец. агенцтвы і канторы. Гл. таксама Лабізм.

т. 9, с. 332

ЛО́БІК (Лявон Сцяпанавіч) (1871, в. Кукавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.сак. 1918),

бел. паэт і публіцыст. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў. За ўдзел у рэвалюцыі 1905—07 сасланы на 3 гады ў Краснаярскі край. Пасля жыў у Пінску, потым на радзіме. З 1910 друкаваўся ў газ. «Наша ніва» (вершы, нататкі). Аўтар вершаваных апавяданняў «Залом у жыце» (1911), «Лекар-вядзьмар» і «Калядны вечар» (1912), якія вызначаюцца вострай сац. накіраванасцю, крытычным пафасам.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

т. 9, с. 332

ЛО́БЧАНКА,

рака ў Чэрыкаўскім р-не і на мяжы са Слаўгарадскім р-нам Магілёўскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 122 км². Пачынаецца на зах. ускраіне в. Дубраўка Чэрыкаўскага р-на. Рэчышча каналізаванае на працягу 5,8 км.

т. 9, с. 332

ЛО́ВАН (Стафан Рыгоравіч) (? — каля 1595),

беларускі мысліцель-атэіст. Працаваў земскім суддзёй у Мазыры. Напачатку прыхільнік радыкальнага пратэстантызму, потым эпікурэізму. У 1592 выкліканы ў Трыбунал ВКЛ за распаўсюджванне атэістычных поглядаў. Л. не верыў у Бога, бессмяротнасць душы, уваскрэсенне з мёртвых, судны дзень; лічыў, што свет не створаны, а існуе адвечна. Сцвярджаў ідэю зямнога прадвызначэння чалавека, людскога шчасця, безрэліг. натуральнай маралі. Яго сац.-паліт. погляды вызначаліся рацыянальным, гуманіст. падыходам да вырашэння жыццёвых праблем, верай у перамогу дабра над злом. Ён асуджаў існуючыя ў грамадстве несправядлівасць, бяспраўе і беднасць адных, неабмежаваныя ўладу і багацце другіх, выказваў надзею на магчымасць лепшай сацыяльнай арганізацыі свету.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978.

т. 9, с. 332

ЛО́ВАЦЬ,

рака ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у Пскоўскай і Наўгародскай абл. Расіі, бас. р. Нява. Даўж. 536 км, пл. вадазбору 21,9 тыс. км². Выцякае з воз. Ловацец (Пскоўская вобл.), упадае ў воз. Ільмень з Пд. Паводле інш. крыніц, пачынаецца з воз. Завесна за 3,5 км на ПдУ ад в. Марчанкі Гарадоцкага р-на. Цячэ ў межах Беларусі (даўж. 47 км) па Гарадоцкім узвышшы, праз азёры Задрач, Мяжа, Сосна, Чарняста і Сясіта, па Валдайскім узвышшы і ў ніжнім цячэнні па Ільменскай нізіне. Найб. прытокі на Беларусі: Сярвайка, Пясчанка (справа), Склянка (злева). Даліна ад вытоку да воз. Мяжа невыразная (пойма забалочаная), паміж азёрамі Сосна, Чарняста і Сясіта трапецападобная (пойма роўная, лугавая). Рэчышча да воз. Мяжа звілістае, да воз. Задрач яго шырыня 3—5 м, ніжэй 5—10 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 150 м³/с, на мяжы Беларусі і Расіі каля 2,5 м³/с. Суднаходная ў нізоўі і на працягу 70 км. На рацэ гарады Вялікія Лукі і Холм (Расія); па ёй у старажытнасці праходзіла частка гандл. шляху «з варагаў у грэкі».

т. 9, с. 332

ЛО́ВЕЛ ((Lovell) Джэймс Артур) (н. 25.3. 1928, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС ЗША у адстаўцы. Скончыў Вісконсінскі ун-т і Ваенна-марскую акадэмію ў Анапалісе (1952). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 4—18.12.1965 з Ф.Борманам здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Джэміні-7», 11—15.11.1966 з Э.Олдрынам — на КК «Джэміні-12» (як камандзір), 21—27.12.1968 з Борманам і У.Андэрсам — першы ў свеце палёт да Месяца на КК «Алалон-8» з выхадам на селенацэнтрычную арбіту (як пілот асн. блока), 11—17.4.1970 з Дж.​Суіджэртам і Ф.​Хейсам — палёт да Месяца на КК «Апалон-13» (як камандзір). Правёў у космасе 29,8 сут. Імем Л. названы кратэр на адваротным баку Месяца.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 9, с. 332

ЛО́ВІЦ (Товій Ягоравіч) (25.4.1757, г. Гётынген, Германія — 7.12.1804),

расійскі хімік і фармацэўт. Акад. Пецярбургскай АН (1793). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (1780—82). У 1784—97 працаваў у Гал. аптэцы ў Пецярбургу, выкладаў хімію і фармацэўтыку ў Мед. школе і Медыка-хірург. акадэміі. Навук. працы па агульнай хіміі. Адкрыў адсорбцыю раствораных рэчываў драўняным вугалем (1785) і прапанаваў выкарыстоўваць яго для ачысткі спірту і гарэлкі, фармацэўтычных прэпаратаў. Атрымаў ледзяную воцатную к-ту (1789), бязводныя дыэтылавы эфір і этылавы спірт (1796).

Тв.:

Избр. труды по химии и химической технологии. М., 1955.

Літ.:

Балезин С.А., Бесков С.Д. Выдающиеся русские ученые-химики. 2 изд. М., 1972.

т. 9, с. 332

ЛОГ,

даліна значнай працягласці, з роўным днішчам і спадзістымі схіламі, зарослымі вільгацелюбівай расліннасцю; адмоўная форма эразійнага рэльефу. Часта атаясамліваецца з лагчынай. На Беларусі Л. часта называюць неглыбокія паніжэнні без пастаяннага вадасцёку.

т. 9, с. 332

ЛО́ГАН (Logan),

вяршыня ў гарах Св. Ільі, на ПнЗ Канады. Выш. 6050 м (другая па вышыні ў Паўн. Амерыцы). Складзена з гранітаў. Укрыта вял. ледавікамі амаль да падножжа, дае пачатак многім далінным ледавікам даўж. да 80 км (ледавік Логан). Уваходзіць у склад нац. парку Клуэйн.

т. 9, с. 332

ЛО́ГАС (грэч. logos паняцце, слова, розум),

тэрмін ант. сярэдневяковай філасофіі, які азначае ўсеагульны закон прыроды, а таксама розум, унутр. паводзіны, думку. Геракліт лічыў, што ўсё адбываецца паводле Л., які вечны, усеагульны і неабходны. Ідэалісты (Г.​Гегель, В.​Віндэльбанд) атаясамлівалі логас Геракліта з усеагульным розумам. Платон і Арыстоцель разумелі Л. як закон быцця і як лагічны прынцып. У стоікаў тэрмінам «Л.» абазначаны закон фіз. і духоўнага свету. У хрысціянстве атаясамліваецца з 2-й асобай тройцы — Богам-сынам (Хрыстом). Ва ўсх. філасофіі паняццямі, аналагічнымі Л., з’яўляюцца дао і, у некаторым сэнсе, дхарма.

т. 9, с. 332