Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛІ ЦЗЫЧЭ́Н (1606—45),

кіраўнік паўстання 1628—44 у Кітаі супраць дынастыі Мін. Працаваў паштовым кур’ерам. Далучыўся да паўстанцаў, з 1636 кіраўнік паўстанцкай арміі ў Хэбэй-Шэньсійскім р-не. У 1644 абвешчаны ў г. Сіянь імператарам 25.4.1644 заняў сталіцу Кітая г. Пекін. 27.5.1644 разбіты аб’яднанымі сіламі маньчжураў і здрадніка У Саньгуя. Быў вымушаны пакінуць Пекін, загінуў у прав. Хубэй.

т. 9, с. 325

ЛІ ЯН (Lee Yuan) Юань Цзелі(н. 19 11.1936, г. Сіньчжу, Кітай), амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1979). Скончыў Нац. Тайваньскі (1959) і Каліфарнійскі ун-ты (1965), дзе і працуе (з 1974 праф.). Навук. працы па хім. кінетыцы. Даследаваў шырокі клас рэакцый з удзелам свабодных атамаў фтору, вадароду, кіслароду, бору і інш., дынаміку элементарных працэсаў дэйтэрыравання, галагеніравання арган. злучэнняў, акіслення шматлікіх рэчываў. Развіў прынцыпова новыя ўяўленні аб механізме хім. рэакцый. Нобелеўская прэмія 1986 (разам з Д.Хершбахам і Дж.Полані).

Б.​В.​Корзун.

т. 9, с. 330

«ЛИТЕРАТУ́РНАЯ ГАЗЕ́ТА»,

штотыднёвае расійскае літ.-мастацкае і грамадска-паліт. выданне. Выходзіць з 1929 у Маскве на рус. мове. Засн. як орган Саюза пісьменнікаў СССР; у 1942—44 наз. «Литература и искусство». У 1950—66 выходзіла 3 разы на тыдзень. Гал. рэдактарамі ў розны час былі: А.​Суркоў, К.​Сіманаў, С.​Смірноў, А.​Чакоўскі і інш. Асвятляе пытанні развіцця л-ры, мастацтва, навукі, культуры, а таксама палітыкі, сацыялогіі, эканомікі, падзеі міжнар. жыцця. Змяшчае літ.-крытычныя, публіцыстычныя артыкулы, нарысы, маст. творы, дыскусійныя матэрыялы вучоных, пісьменнікаў, дзеячаў культуры і навукі. На яе старонках надрукаваны творы, артыкулы, нарысы бел. пісьменнікаў, у т. л. Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, П.​Броўкі, Я.​Брыля, К.​Крапівы, А.​Куляшова, І.​Мележа, М.​Танка, В.​Быкава, І.​Шамякіна, А.​Адамовіча, Б.​Сачанкі, А.​Мальдзіса, І.​Чыгрынава і інш.

т. 9, с. 314

«ЛИТОВСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕДОМОСТИ»,

штотыднёвы часопіс, орган Літоўскай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1863—1917 у Вільні на рус. мове (да 1873 двухтыднёвы). Прызначаліся для Літ. правасл. епархіі. Часопіс меў афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле змяшчаў пастановы, распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні Літ. духоўнай кансісторыі; у неафіц — матэрыялы па гісторыі правасл. царквы на Беларусі, гісторыі асобных храмаў і манастыроў (у т. л. пра Жыровіцкі манастыр і цудатворцы абраз Маці Божай, 1863), нарысы пра царк. дзеячаў, пра ўдзел правасл. духавенства Літ. епархіі ў паўстанні 1863—64 (1863), арг. М.​Каяловіча «Смута ва уніяцкім асяроддзі ў Беларусі ў 1802—1803 гг.» (1874), Р.​Кіпрыяновіча «Духоўны суд у Заходняй Русі ў XVI ст.», «Лёсы рэлігійна-царкоўнага жыцця ў Заходняй Русі і Літве» (1878) і інш. Часопіс змяшчаў рэцэнзіі на творы пра гісторыю канфесій на Беларусі, у т. л. на працы М.​Ізвекава, І.​Чыстовіча, Кіпрыяновіча. З 1907 неафіц. частку замяніў «Вестник Виленского православного Св.-Духовского братства».

В.​В.​Грыгор’ева.

т. 9, с. 314

ЛО́БАН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 27.10.1911, в. Чаплічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.12.1984),

бел. пісьменнік, мовазнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Канд. філал. н. (1953). Скончыў БДУ (1945). У 1944—67 і 1968—75 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1967—68 у Гал. рэдакцыі Бел. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1930. Першая кніга — аповесць «Іркуцянка» (1953). У трылогіі «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. 20 ст. (рэвалюцыя, грамадз. вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вял. Айч. вайну). У творы паказана вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сац.-быт. праявах, перададзены складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, створана разгалінаванае, напоўненае ўнутр. драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстаны жывая нар. мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці (зб. «Пяць раніц тыдня», 1984; Літ. прэмія імя І.​Мележа 1985). Адзін з укладальнікаў «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.​Р.​Суднікам, 1948, 5-е выд. 1982), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Кіраваў працай па стварэнні «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84; рэдактар т. 1). На бел. мову пераклаў (з Э.​Агняцвет) «У людзях» М.​Горкага і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—3. Мн., 1986.

Літ.:

Бугаёў Дз. На арбіце часу. Мн., 1974;

Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979;

Яго ж. Шматграннасць. Мн., 1970;

Вітка В. Урокі. Мн., 1982;

Дзюбайла П. У вялікай дарозе. Мн., 1981;

Куляшоў Ф. Эцюды аб прозе. Мн., 1964;

Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981.

Дз.​Я.​Бугаёў.

М.Лобан.

т. 9, с. 331

ЛО́БАЧ (Марына Вікенцьеўна) (н. 26.6. 1970, г. Смалявічы Мінскай вобл),

бел. спартсменка (маст. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1988). Суддзя міжнар. катэгорыі (1991). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры і спорту (1991). З 1994 трэнер-харэограф Рэсп. вучылішча алімп. рэзерву. Абс. чэмпіёнка Алімп. гульняў па маст. гімнастыцы (1988, Сеул). Чэмпіёнка свету (1987, г. Варна, Балгарыя; сярэбраны прызёр у 1985, г. Вальядалід, Іспанія), Еўропы (1988, Хельсінкі; сярэбраны прызёр у асобных відах практыкаванняў), СССР (1985, 1987—88), IX летняй Спартакіяды народаў СССР (1986) у асобных відах практыкаванняў. Уладальніца Кубка СССР (1985, 1987, 1988).

М.​В.​Лобач.

т. 9, с. 332

ЛО́БАЧ (Мікалай Рыгоравіч) (7.8.1938, в. Маціёва Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

дзеяч бел. дыяспары ў Расіі. Канд. эканам. н. (1999). Скончыў Маскоўскі аўтадарожны ін-т (1966). З 1972 у КБ крыніц высокаінтэнсіўнага святла (г. Зеленаград, Расія). З 1973 у «Литературной газете». З 1983 у Дзяржкамінтурысце Расіі, вядучы спецыяліст, ген. дырэктар акц. т-ва «Раска». Навук. працы па праблемах эканам. інтэграцыі Беларусі і Расіі. Значны ўклад яго ў аднаўленне інфраструктуры стараж. бел. гарадоў, буд-ва правасл. храмаў. Дзеяч нац.-культ. аўтаноміі «Беларусы Расіі».

т. 9, с. 332

ЛО́БЖА,

рака, гл. Лабжанка.

т. 9, с. 332

ЛО́БЖА,

вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Калінка. Цэнтр сельсавета. За 10 км на З ад горада і 11 км ад чыг. ст. Клімавічы, 134 км ад Магілёва. 379 ж., 137 двароў (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік Я.​Купалу.

т. 9, с. 332

ЛО́БІ (англ. lobby кулуары),

арганізаваныя групы пры парламентах многіх краін, якія аказваюць націск на заканадаўцаў і дзярж. чыноўнікаў з мэтай дамагчыся прыняцця рашэнняў у інтарэсах пэўных грамадскіх і прыватных арг-цый. У ЗША з 1946 існуюць легальна як спец. агенцтвы і канторы. Гл. таксама Лабізм.

т. 9, с. 332