А́КЦЫЯ
(ад франц. action акцыя, дзеянне),
1) каштоўная папера, якая сведчыць пра ўдзел яе ўладальніка ў акцыянерным таварыстве, дае права атрымліваць долю прыбытку ў выглядзе дывідэнду, удзельнічаць у кіраванні дзейнасцю таварыства і размеркаванні маёмасці пры яго ліквідацыі. Як прадмет куплі-продажу акцыя, апрача намінальнай вартасці, мае цану, або курс, які вагаецца ў адпаведнасці з кан’юнктурай рынку.
Акцыі бываюць прывілеяваныя (прыносяць уладальніку раней устаноўлены працэнт даходу незалежна ад прыбытку акц. т-ва) і звычайныя (даход залежыць ад прыбытку акц. т-ва), імянныя і на прад’яўніка. Адрозніваюць акцыі, якія маюць адзін голас; якія не маюць голасу (у т. л. часам і прывілеяваныя); т.зв. ўстаноўчыя, якія маюць некалькі галасоў кожная і даюць права атрымліваць новыя выпушчаныя акцыі.
2) Дзеянне з паліт., эканам., ваен. або інш. мэтай.
Г.І.Краўцова.
т. 1, с. 221
АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
форма арганізацыі вытв-сці на аснове цэнтралізацыі капіталу шляхам продажу акцый. Дае магчымасць аб’яднаць дробныя капіталы акцыянераў для вырашэння маштабных вытв.-гасп. праблем (буд-ва чыгунак, буйных прадпрыемстваў і інш.), аператыўна манеўраваць сродкамі, дэмакратызаваць капітал, зацікавіць акцыянераў у павелічэнні прыбытку. Бываюць адкрытыя акцыянерныя таварыствы (акцыі свабодна прадаюцца і купляюцца) і закрытыя (акцыі размяркоўваюцца толькі сярод заснавальнікаў). Акцыянернае таварыства — юрыд. асоба, мае свой статут. Вышэйшы орган — агульны сход акцыянераў, бягучымі справамі кіруе праўленне (савет дырэктараў). Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў акцыянераў (уласны капітал), назапашанага прыбытку, а таксама за кошт крэдытаў банка (пазыковыя сродкі) і выпуску аблігацый. Па абавязацельствах акцыянернае таварыства адказвае толькі сваёй маёмасцю (абмежаваная адказнасць), акцыянеры — толькі коштам іх акцый. Удзел акцыянераў у кіраванні акцыянернага таварыства абмежаваны. Вырашальная роля ў прыняцці рашэнняў належыць уладальніку кантрольнага пакета (51%) акцый. Але ва ўмовах распылення акцый сярод. вял. колькасці акцыянераў для атрымання большасці галасоў фактычна дастаткова 15—20% акцый.
Першыя акцыянерныя таварыствы ўзніклі ў 1600 у Англіі і ў 1602 у Нідэрландах, дзякуючы сваім перавагам сталі асн. формай прадпрымальніцкай дзейнасці сярэдніх і буйных прадпрыемстваў. У Расіі да рэформы 1861 было 120 акцыянерных таварыстваў, да 1914 — 2235 (дамінуючае становішча займалі ў фабр.-заводскай прам-сці).
На Беларусі ў 1913 было 20 акцыянерных таварыстваў, у 1914 ім належалі 34 буйныя прадпрыемствы: ільнопрадзільныя ф-кі ў Віцебску («Дзвіна») і ў Высачанах (Аршанскі р-н), віцебскі трамвай, з-д сухой перагонкі драўніны ў Выдрыцы (Аршанскі р-н), запалкавая ф-ка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, Гродзенская тытунёвая, Дубровенская тэкстыльная ф-кі і інш. Доля акцыянерных таварыстваў у аб’ёме валавой прадукцыі ў 1914 складала 14,8%. У перыяд новай эканам. палітыкі ў БССР ствараліся дзярж. (пры ўдзеле некалькіх гасп. наркаматаў), мяшаныя (дзярж.-каап. і дзярж.-прыватныя), каап. і прыватныя акцыянерныя таварыствы. У розных галінах дзейнічалі Белкамунбанк, Бел. т-ва с.-г. крэдыту, Дзяржгандальбел, Віцебскгандаль, Палесгандаль, Хлебапрадукт. У 1923—28 зарэгістравана 20 прыватных акцыянерных таварыстваў. У канцы 1920-х г. яны рэарганізаваны ў буйныя дзярж. прадпрыемствы. Зноў пачалі ўзнікаць з пач. 1990-х г. з фарміраваннем рыначнай эканомікі, пераважна на базе дзярж. прадпрыемстваў з удзелам сродкаў працоўных калектываў. Як акцыянерныя таварыствы ўзнікаюць і камерцыйныя банкі, біржы і інш. рыначныя структуры. На на Беларусі зарэгістравана 1021 акцыянернае таварыства, у т. л. 780 закрытых.
Л.А.Лобан.
т. 1, с. 222
АКЦЫЯНЕ́РНАЯ КАМАНДЫ́ТА,
від кампаніі (таварыства), які спалучае элементы акцыянернага таварыства і камандытнага таварыства. Частка яго ўдзельнікаў (поўных кампаньёнаў), якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю ад імя акцыянернай камандыты, адказваюць па яе абавязацельствах усёй сваёй маёмасцю, а частка (камандытныя акцыянеры) маюць абмежаваную адказнасць — у памеры кошту сваіх акцый. Пашыраны ў малой і сярэдняй вытв-сці, гандлі, сферы паслуг. З’яўляецца пераходнай формай ад акц. т-ва.
Ствараюцца, як правіла, для атрымання вял. грашовых сродкаў ад рэалізацыі акцый. Засн. на калектыўнай форме ўласнасці. Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў яго членаў. Спалучэнне прынцыпаў акц. і камандытных т-ваў у гасп. дзейнасці дае шэраг пераваг; высокая ступень адказнасці па абавязацельствах робіць акцыянерную камандыту надзейным партнёрам; канцэнтрацыя кіравання сярод абмежаванага кола асоб (поўных кампаньёнаў) забяспечвае дастатковую самастойнасць, свабоду і аператыўнасць у прыняцці рашэнняў; залучэнне капіталаў і інш. інвестараў спрыяе развіццю вытв-сці і павышэнню яе канкурэнтаздольнасці.
Л.А.Лобан.
т. 1, с. 222
А́КЦЫЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ,
сукупнасць свецкіх арг-цый вернікаў-католікаў, дзейнасць якіх каардынуе Ватыкан. Пачалі стварацца ў 19 ст. дзеля захавання ўплыву каталіцкай царквы і магчымасці непасрэднай паліт. дзейнасці духавенства. Арганізацыйна аформілася пасля 1922 па ініцыятыве папы Пія XI, які вызначыў яе паліт. мэты: спрыяць укараненню ў грамадстве асн. ідэй каталіцкай сац. праграмы, папскіх энцыклік (пасланняў), пашыраць грамадскую базу каталіцкай царквы, актыўна ўплываць на паліт. асяроддзе. У час парламенцкіх выбараў арг-цыі акцый каталіцкіх вядуць агітацыю пераважна за прадстаўнікоў каталіцкіх партый. Некаторыя з гэтых партый (ХДП у Італіі, ХДС/ХСС у Германіі, СХП у Бельгіі, АНП у Аўстрыі і інш.) прыходзілі да дзярж. улады. У залежнасці ад рэгіёна і гіст. умоў дзейнасць акцый каталіцкіх набывае спецыфічныя рысы: у 1929—43 у Італіі ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі яна падпарадкоўвалася рэжыму Мусаліні; у Германіі дзейнічае пры епархіях як сістэма камісій па наглядзе за выхаваннем у школе, а праз сродкі масавай інфармацыі — за «маральным станам нацыі». У 1925—39 акцыя каталіцкая (пераважна суполкі пры касцёлах) дзейнічала ў Зах. Беларусі. Старшыні і сакратары гэтых суполак падпарадкоўваліся Віленскаму епархіяльнаму «Інстытуту акцыі каталіцкай», які ў сваю чаргу нёс адказнасць перад Ватыканам. Члены акцыі каталіцкай спалучалі прапаганду каталіцкіх ідэй з культ.-асв. работай. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) арг-цыі акцыі каталіцкай як антысав., а іх арганізатары і кіраўнікі ў 1949—52 рэпрэсіраваны.
Літ.:
Ковальский Н.А. Международные католические организации. М., 1962.
А.А.Цітавец.
т. 1, с. 222
АКЦЭ́НТ
(ад лац. accentus націск),
1) тое, што націск.
2) Знак націску над літарай («вада́»).
3) Асаблівасці вымаўлення, уласцівыя асобе, якая гаворыць не на роднай мове.
4) Вылучэнне, падкрэсліванне таго, што з’яўляецца найб. важным, галоўным у артыкуле, маст. творы і г.д. 5) У музыцы — вылучэнне, падкрэсліванне гуку або акорда. Адрозніваюць акцэнт дынамічны (узмацненне гучання), метрычны (вылучэнне апорных доляў такта), рытмічны (перанясенне націску з апорных доляў на слабыя — сінкопа, рытмічнае падаўжэнне гуку), агагічны (затрымка або зацягванне гуку), меладычны (вылучэнне гуку меладычным скачком або арнаментальнай фігурай). Сродкам акцэнтавання служыць і раптоўная змена гармоніі, тэмбру і інш.
т. 1, с. 222
АКЦЭНТАЛО́ГІЯ
(ад акцэнт + ...логія),
раздзел мовазнаўства, які вывучае тыпы, асаблівасці і функцыі націску; сістэма моўных з’яў, звязаных з націскам. Вывучае націск у сінхранічным і дыяхранічным аспектах (гіст. і параўнальна-гіст. акцэнталогія) і з уласна фаналагічных і марфалагічных пазіцый (апісальная акцэнталогія).
Мае даўнюю традыцыю. У інд. брахманах (8—6 ст. да н.э.) і упанішадах (7—3 ст. да н.э.) сустракаецца паняцце «свара» — націск або тон. Пытанні акцэнталогіі вывучаліся ў Стараж. Грэцыі (6—4 ст. да н.э.) і Кітаі (з 5 ст. н.э.). У 19 ст. націск як самастойны аб’ект вывучэння вылучыў А.Х.Вастокаў; уклад у развіццё акцэнталогіі зрабілі А.А.Патабня, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр, П.Ф.Фартунатаў, А.Мее.
Бел. акцэнталогія сфарміравалася ў 20 ст. Упершыню націск даследаваўся ў працах Я.Ф.Карскага. Акцэнтныя сродкі бел. мовы вывучаны ў апісальным плане [М.В.Бірыла, Л.Ц.Выгонная, Л.М.Вардамацкі, М.П.Лобан, Я.І.Івашуціч, Я.Э.Смулкова (Польшча), Э.Станкевіч (ЗША)].
Л.П.Кунцэвіч.
т. 1, с. 222
АКЦЭ́ПТ
(ад лац. acceptus прыняты),
1) згода на заключэнне дагавору ў адпаведнасці з прапановай (афертай) інш. боку.
2) У міжнар. праве — аднабаковая заява пра звязанасць умовамі дагавору.
3) Прыняцце плацельшчыкам (трасатам) па пераводным вэксалі (траце) абавязацельстваў аплаціць вэксаль у вызначаны ў ім тэрмін. Такі акцэпт афармляецца на правым баку вэксаля ў выглядзе адпаведнага надпісу акцэптанта.
4) Згода банка гарантаваць выплату сумы, названай у пераводным вэксалі.
5) Згода плацельшчыка на аплату грашовых і таварных дакументаў. Выкарыстоўваецца пры разліках за тавары, паслугі і выкананыя работы: плацеж ажыццяўляецца са згоды плацельшчыка па разліковых дакументах, выпісаных пастаўшчыком.
Г.І.Краўцова.
т. 1, с. 222
АКЦЭ́ПТАР,
дэфект крышталічнай рашоткі паўправадніка, здольны «захапіць» электроны і тым забяспечыць дзірачную электраправоднасць. Тыповыя акцэптары для германію (Ge) і крэмнію (Si) — атамы-дамешкі хім. элементаў III групы (B, Al, Ga, In). Гл. таксама Донары.
т. 1, с. 223
АКЦЭСО́РНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ
(ад лац. accessorius дадатковы),
мінералы, якія ёсць у горных пародах у нязначных колькасцях (менш за 1%); заканамерная частка вывергнутых і асадкавых парод. Спачатку лічыліся выпадковымі дадатковымі мінераламі (адсюль назва). Тыповыя акцэсорныя мінералы гранітаў — апатыт, цыркон, турмалін, гранат і інш. Пры разбурэнні парод намнажаюцца ў россыпах. Па характары акцэсорных мінералаў можна выявіць роднаснасць, паходжанне і ўзрост горных парод.
т. 1, с. 223