Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКУМУЛЯ́ТАР,

прыстасаванне для назапашвання (акумуляцыі) энергіі з мэтай далейшага яе выкарыстання. У залежнасці ад віду энергіі адрозніваюць акумулятары: гідраўлічныя, механічныя (інерцыйныя), паравыя, пнеўматычныя, цеплавыя, электрычныя.

Гідраўлічны акумулятар назапашвае энергію рабочай вадкасці, што знаходзіцца пад ціскам. Выкарыстоўваецца для выраўноўвання ціску і расходу вадкасці ці газу з рэзкапераменнай нагрузкай. Бываюць гру́завыя, спружынныя, з пругкім корпусам, а таксама пнеўмагідраакумулятары поршневыя, мембранныя, балонныя. Інерцыйны акумулятар звычайна складаецца з масіўнага махавіка, вала, падшыпнікаў і кажуха. Мае мінім. страты энергіі на трэнне і супраціўленне паветра. Выкарыстоўваецца ў ветраэл. станцыях для выраўноўвання абаротаў генератара, прывода аўтаматрыс і аўтобусаў (гіробусаў), у прэсавым абсталяванні і інш. Паравы акумулятар — стальны бак, у якім назапашваецца адпрацаваная ў розных паравых машынах (напр., у паравым молаце) пара без змены агрэгатнага стану, якая затым расходуецца на тэхнал. мэты (напр., у сушыльных і прапарачных камерах) ці ў сан.-тэхн. прыстасаваннях (падагравальніках, цеплаабменніках і інш.). Пнеўматычны акумулятар — рэзервуар са сціснутым паветрам (ці інш. газам), падключаны да паветравода і абсталяваны засцерагальным клапанам, які рэгулюецца на зададзены гранічны ціск. Выкарыстоўваецца ў пнеўматычных сетках для выраўноўвання рабочага ціску і інш. Цеплавыя акумулятары (пастаяннага і пераменнага ціску) — пераважна паравадзяныя, назапашваюць цеплату ў цепласілавых устаноўках. Служаць для выраўноўвання цеплавых і сілавых нагрузак і недапушчэння перабояў у забеспячэнні парай прамысл. установак. Найб. пашыраны электрычны акумулятар.

Гідраўлічны акумулятар: а — гру́завы; б — балонны; 1 — рэзервуар; 2 — поршань; 3 — груз; 4 — балоны са сціснутым паветрам.

т. 1, с. 216

АКУМУЛЯТЫ́ЎНЫЯ РАЎНІ́НЫ, намыўныя раўніны,

наносныя раўніны, выраўнаваныя паверхні, утвораныя ў выніку працяглага намнажэння (акумуляцыі) рыхлых асадкавых горных парод рознага паходжання. Адрозніваюць марскога (раўніны марской акумуляцыі, або першасныя), рачнога (алювіяльныя), азёрнага (азёрныя), ледавіковага (марэнныя, флювіягляцыяльныя, або зандравыя, раўніны) паходжання; вылучаюць таксама падводныя акумулятыўныя раўніны (гл. Абісальныя раўніны).

т. 1, с. 217

АКУМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. accumulatio намнажэнне, збіранне) у геалогіі, працэс намнажэння на паверхні сушы ці на дне воднага басейна рыхлых мінер. і арган. асадкаў. Вобласць акумуляцыі — пераважна паніжаныя прасторы тэктанічнага і дэнудацыйнага паходжання. Існуюць 2 асн. Тыпы акумуляцыі: вулканічная і асадкавая (гл. Седыментацыя, Намнажэнне асадкаў). У залежнасці ад геал. фактараў адрозніваюць акумуляцыю наземную і падводную. У выніку акумуляцыі ўтвараюцца вулканічныя горныя пароды і разнастайныя формы акумуляцыйнага рэльефу, паклады многіх відаў карысных выкапняў, на Беларусі, напр., торфу, сапрапеляў, вапняку, калійных соляў, галіту і інш.

т. 1, с. 217

АКУМУЛЯ́ЦЫЯ ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНЫХ РЭ́ЧЫВАЎ у арганізмах,

назапашванне ў жывых істотах хім. рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Месцам акумуляцыі могуць быць розныя органы і тканкі, пры гэтым многія з забруджвальнікаў (асабліва біягеннага паходжання) здольныя паступова часткова ці цалкам утылізавацца праз уключэнне ў біяхім. цыклы арганізма; у такім выпадку шкоднасць іх (напр., нітратаў) выяўляецца не абавязкова ў самім арганізме-назапашвальніку. Стойкія забруджвальнікі дрэнна ўключаюцца ў цыкл натуральнага кругавароту рэчываў і працяглы час захоўваюцца і ў навакольным асяроддзі і ў арганізмах, якія іх акумулююць. У працэсе руху па трафічных ланцугах яны могуць ствараць значна большыя канцэнтрацыі — аж да асабліва небяспечных для існавання асобных відаў жывёл і раслін, а таксама для здароўя чалавека. Прыкладам такой акумуляцыі забруджвальных рэчываў з’яўляецца назапашванне ядахімікатаў (ДДТ і некат. інш. пестыцыдаў), многіх радыенуклідаў (стронцый-90), цяжкіх металаў і інш. Для Беларусі праблема акумуляцыі забруджвальных рэчываў вельмі абвастрылася пасля стварэння на яе тэр. буйных комплексаў хім. прам-сці і асабліва ў сувязі з яе радыеактыўным забруджваннем у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

т. 1, с. 217

АКУНЕПАДО́БНЫЯ

(Perciformes),

самы шматлікі атр. касцістых рыб. Уключае 21 падатр., 150 сям., каля 1200 родаў, 6,5 тыс. марскіх і прэснаводных відаў (каля 40% ад агульнай колькасці ўсіх відаў рыб). У вадаёмах Беларусі 4 віды сям. акунёвых (акунь звычайны, судак, джгір звычайны, джгір-насар), па аднаму віду бычковых (бычок-пясчанік) і падкаменшчыкавых (падкаменшчыкі).

Даўж. 1 см—5 м, маса ад доляў грама да 900 кг. Маюць звычайна 2 спінныя плаўнікі з калючкамі; брушныя плаўнікі складаюцца з прамянёў (не болей як 6) і знаходзяцца пад груднымі або наперадзе іх. Плавальны пузыр не злучаны з кішэчнікам. Луска найчасцей ктэноідная. Ёсць шыпы на галаве, верхнія і ніжнія рэбры. Акунепадобныя з’явіліся ў верхнім меле, большасць сямействаў вядома з эацэну. Многія акунепадобныя — каштоўныя прамысл. рыбы, шэраг відаў разводзіцца ў акварыумах.

т. 1, с. 217

АКУНЁВА,

возера ў Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мнюта. Пл. 0,49 км², даўж. 0,97 км, найб. шыр. 0,6 км, найб. глыб. 11,8 м, даўж. берагавой лініі 2,7 км. Пл. вадазбору 1,4 км². Схілы выш. да 4 м, на ПдУ да 10—11 м. Берагі нізкія, пясчаныя і галечныя, на Пн і ПнУ тарфяністыя, дно пясчанае, глыбей за 2 м глеістае. Злучана меліярац. каналам з воз. Пліса. На зах. і паўн.-зах. схілах крыніцы грунтавых водаў.

т. 1, с. 217

АКУНЁЎКА,

вёска ў Беларусі, у Гарадзішчанскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Аўчоса. Цэнтр саўгаса «Юбілейны». За 20 км на У ад Шклова, 40 км ад Магілёва, 23 км ад чыг. ст. Шклоў. 355 ж., 177 двароў (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 1, с. 217

АКУ́НІНА возера ў Беларусі, у Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Піна. Пл. 0,23 км². Даўж. 0,94 км, найб. шыр. 0,31 км, найб. глыб. 11,8 м. Пл. вадазбору каля 3 км². Схілы нізкія, на З і Пд парослыя лесам, на У забалочаныя. Берагі пясчаныя, на Пд тарфяністыя. Праз Завішчанскі канал злучана з Завішчанскім возерам.

т. 1, с. 217

АКУ́НЬ ЗВЫЧА́ЙНЫ

(Perca fluviatilis),

азёрна-рачная рыба атр. акунепадобных. Пашыраны ў прэсных і саленаватых вадаёмах Еўразіі. На Беларусі трапляецца амаль ва ўсіх вадаёмах. Малыя акуні звычайныя жывуць у затоках, буйныя — на глыбіні.

Даўж. да 55 см, маса да 3 кг. Цела адносна высокае, у буйных — гарбатае, галава вялікая. Трымаецца чародамі. Нерастуе ранняй вясной пры т-ры вады 5—8 °C. Плоднасць да 300 тыс. ікрынак. Моладзь корміцца планктонам, бентасам і маляўкамі рыб. Дарослы акунь звычайны — драпежнік. Аб’ект прамысл. і аматарскага рыбалоўства.

Акунь звычайны.

т. 1, с. 217

АКУПА́ЦЫЯ (ад лац. occupatio захоп) ваенная, у міжнар. праве часовы захоп тэрыторыі адной дзяржавы войскамі другой і ўстанаўленне ваен. адміністрацыі для кіравання ёю. Рэжым акупацыі рэгулюецца 4-й Гаагскай канвенцыяй 1907 пра законы і звычаі сухапутнай вайны, Жэнеўскай канвенцыяй 1949 пра абарону цывільнага насельніцтва ў час вайны і дадатковым пратаколам 1977 да яе. Паводле гэтых пагадненняў акупацыйныя ўлады абавязаны падтрымліваць грамадскі парадак і ствараць нармальныя ўмовы для пражывання насельніцтва. У практыцы 1-й і 2-й сусв. войнаў вядомы шматлікія факты грубага парушэння Германіяй і яе саюзнікамі нормаў міжнар. права, найперш у адносінах да мірнага насельніцтва, якое станавілася аб’ектам жорсткага падаўлення і знішчэння. Рэжым пасляваеннай акупацыі звычайна ўстанаўліваецца спец. міжнар. пагадненнямі зацікаўленых дзяржаў для пэўнай дзяржавы або тэрыторыі з мэтаю выканання ўмоў мірнага дагавору.

Л.В.Паўлава.

т. 1, с. 218