Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКУ́ЛАЎ Герасім

(Гераська),

разьбяр па дрэве 17 ст. Нарадзіўся ў г. Дуброўна Віцебскай вобл. Майстэрству разьбы вучыўся ў Куцеінскім Богаяўленскім манастыры пад Оршай. З 1654 працаваў у Іверскім (пад Ноўгарадам), з 1658 у Нова-Іерусалімскім (пад Масквой) манастырах. У 1666 пераведзены ў Аружэйную палату Маскоўскага Крамля. У 1667—68 удзельнічаў у аздабленні царскага Каломенскага палаца. Адзін са стваральнікаў разьбяных іканастасаў 3 цэркваў у Ізмайлаўскай сядзібе цара Аляксея Міхайлавіча. У 1686 удзельнічаў у стварэнні іканастаса царквы Пятра і Паўла ў Маскве.

т. 1, с. 215

АКУ́ЛАЎ Мікалай Сяргеевіч

(25.12.1900, г. Арол — 21.9.1976),

бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1940), д-р фізіка-матэм. н., праф. (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926). У 1931—54 у Маскоўскім ун-це. З 1959 у Фізіка-тэхн. ін-це, у 1963—67 заг. Аддзела фізікі неразбуральнага кантролю АН Беларусі. У 1928 сфармуляваў закон анізатрапіі, які ўстанаўлівае сувязь паміж магн. і мех. ўласцівасцямі ферамагнетыкаў. Аўтар прац па тэорыі хім. дынамікі і ланцуговых працэсаў, стат. тэорыі дыслакацыі, тэорыі пластычнасці і трываласці. Прапанаваў метады аналізу ферасплаваў і спосабы выяўлення дэфектаў у метал. вырабах. Дзяржаўная прэмія СССР 1941, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Ферромагнетизм. М.; Л., 1939;

Основы химической динамики. М., 1940;

Теория цепных процессов. М.; Л., 1951;

Дислокации и пластичность. Мн., 1961.

Літ.:

Н.С.Акулов // Весці АН БССР. Сер. фізіка-тэхн. навук. 1976. № 4.

т. 1, с. 215

АКУЛЕ́ВІЧ Павел Антонавіч

(вер. 1896 — 1.3.1979),

бел. казачнік з в. Старыя Прыборкі Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. Расказваў гумарыстычныя і сатыр. казкі і анекдоты сюжэтных тыпаў «Дзе чорт не зможа, туды бабу пашле», «Салдат гатуе кашу з сякеры», «Скупы поп і парабак» і інш. Выкарыстоўваў рыфмаваныя традыц. казачныя формулы, дыялогі, рабіў свае імправізацыі. Расказваў чарадзейныя казкі «Ілья Мурамец», «Бава Каралевіч». Выконваў свае вершаваныя гумарыстычныя апавяданні ў стылі «гутарак» пра розныя падзеі мясцовага жыцця: «Як сенакос дзялілі», «Як у суседа банкетавалі». Казкі Акулевіча зберагаюцца ў архіве Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі.

т. 1, с. 215

АКУЛЕ́ВІЧ Рыгор Раманавіч

(19.4.1907, в. Вял. Кракотка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 28.10.1974),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, дзеяч бел. эміграцыі. Адзін з арганізатараў гурткоў Бел. сялянска-работніцкай грамады і Т-ва бел. школы, б-кі імя Я.Купалы на радзіме. Каб пазбегнуць арышту, у 1928 эмігрыраваў у Канаду. Удзельнічаў у выпуску газ. «Канадский гудок», якая мела бел. старонку. Адзін са стваральнікаў Федэрацыі рус. канадцаў і яе друкаванага органа газ. «Вестник». Аўтар кн. «Рускія ў Канадзе» (Таронта, 1952), брашуры «50 год Беларускай рэспублікі» (Таронта, 1968).

т. 1, с. 215

АКУЛЁНАК Пётр Сяргеевіч

(н. 22.7.1910, в. Вял. Мяхінічы Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. балетмайстар. Засл. дз. маст. Беларусі (1960). Скончыў курсы культасветработнікаў у Магілёве (1932). З 1937 саліст Ансамбля песні і танца Бел. філармоніі, у ансамблях песні і танца Адэскай і Прыбалтыйскай ваен. акруг. У 1953—73 гал. балетмайстар Дзярж. нар. хору БССР. Сярод пастановак: «На прывале», «Лянок», «Калгасная полька», «Лявоніха», «Мяцеліца», «Беларуская маладзёжная» і інш. Работы Акулёнка — яркі прыклад узаемаўзбагачэння нар. і прафес. харэагр. мастацтва.

т. 1, с. 215

АКУ́ЛІН Эдуард Аляксандравіч

(н. 7.1.1963, в. Вял. Нямкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Гомельскі ун-т (1984). Настаўнічаў. З 1990 заг. філіяла Літ. музея М.Багдановіча ў Мінску. Аўтар зб. «Пяшчота ліўня» (1990), «Крыло анёла» (1995). Актуальнасць праблематыкі, лірызм, задушэўнасць — асн. рысы яго паэзіі. Паэма «Шлях да радзімы» прысвечана памяці М.Багдановіча. Аўтар і выканаўца песень на свае вершы і музыку.

т. 1, с. 215

АКУЛІ́НІН Аркадзь Андрэевіч

(16.5.1909, с. Вял. Лазаўка Токараўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 1986),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р біял. н. (1959), праф. (1960). Скончыў Варонежскі зоавет. ін-т (1932) і Ленінградскі вет. ін-т (1935). З 1947 у Віцебскім вет., з 1969 у Гродзенскім с.-г. ін-тах. Асн. працы па мікра- і макраскапічнай будове вегетатыўнай нерв. сістэмы свойскай жывёлы.

т. 1, с. 215

АКУЛІРО́ЎКА

(ад лац. oculus вока),

спосаб прышчэплівання раслін роставай пупышкай (вочкам). Найб. пашыраны спосаб размнажэння многіх пладовых дрэў. Спячым вочкам часцей за ўсё прышчэпліваюць сеянцы дзікіх відаў і культурных сартоў. Акуліроўка патрабуе найменшага расходу прышчэпачнага матэрыялу і забяспечвае адносна высокую прыжывальнасць прышчэпак. Прышчэпа прыдатная да акуліроўкі ў час летняга руху сокаў (ліпень—жнівень), калі ў раслін добра адстае кара. У першую чаргу акуліруюць костачкавыя культуры, потым грушу, насенныя прышчэпы яблыні і апошнімі — клонавыя прышчэпы.

Акуліроўка: а — паўмесяцавы надрэз кары прышчэпы; б — падоўжны разрэз кары; в — пачатак зрэзу шчытка з пупышкай; г — размяшчэнне шчытка пад кару; д — абцісканне кары пасля размяшчэння шчытка; е — пачатак абвязкі; ж — паслядоўнасць абвязкі.

т. 1, с. 215

АКУ́ЛІЧ Аляксандр Канстанцінавіч

(27.1.1888, в. Стары Мазалаў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 13.5.1961),

ваен. дзеяч. Генерал-лейтэнант (1940). З 1915 у арміі, з 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны: старшыня палкавога ВРК, камандзір палка, нач. штаба, камандзір брыгады. У Вял. Айч. вайну з 1941 камандзір дывізіі на Волхаўскім фронце, удзельнік абароны Ленінграда. Да 1946 у Сав. Арміі.

т. 1, с. 215

АКУ́ЛІЧ Уладзімір Лявонцьевіч

(2.4.1904, г. Радвілішкіс, Літва — 17.12.1972),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў тэхнікум кінематаграфіі (Адэса, 1928). З 1947 на кінастудыі «Беларусьфільм». Зняў маст. фільмы «Палеская легенда», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Рагаты бастыён» (1965) і інш., сюжэты для кіначасопісаў і навук.-папулярных фільмаў, кінанарысы, дакумент. фільмы. Аператар-пастаноўшчык тэлевіз. маст. фільма «Побач з вамі» (1967).

т. 1, с. 216