Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКТЫ́ЎНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА паветра,

тэмпература паветра, якая перавышае біялагічны мінімум на працягу ўсяго перыяду вегетацыі якой-н. расліны або на працягу пэўнай фазы яе развіцця. Вызначае межы пашырэння кожнай расліннай культуры. Сумы актыўнай тэмпературы вышэй за 5, 10 і 15 °C звычайна выкарыстоўваюцца як агракліматычныя паказчыкі для вызначэння патрэб у цяпле большасці раслін і для ацэнкі тэрмічных рэсурсаў тэрыторыі. Перыяд з т-рамі вышэй за 10 °C забяспечвае актыўную вегетацыю большасці с.-г. культур умеранага пояса. На тэр. Беларусі сума т-р паветра вышэй за 10 °C паступова памяншаецца (у °C) з Пд і ПдЗ на ПнУ прыкладна ад 2600 да 2100, вышэй за 5 °C — ад 2900 на ПдЗ да 2400 на крайнім ПнУ, за 15 °C — прыкладна ад 1900 на ПдЗ да 1350 на ПнУ.

т. 1, с. 214

АКТЫ́ЎНЫ ВУ́ГАЛЬ, актываваны вугаль,

вугляродны адсарбент, з развітой сітаватай структурай. Добра адсарбіруе арган. рэчывы, дрэнна аміяк, ваду, спірт. Адсорбцыя ў мікрасітавінах (памер 3 нм, аб’ём да 0,6 см³/г) адбываецца па механізме аб’ёмнага запаўнення, у мезасітавінах (3—200 нм, аб’ём да 0,5 см³/г) — капілярнай кандэнсацыі; макрасітавіны (200 нм, аб’ём да 1,2 см³/г) выконваюць трансп. функцыю. Атрымліваюць з выкапнёвага ці драўнянага вугалю парафазавай ці хім. карбанізацыяй і актывацыяй, а таксама тэрмічным раскладаннем сінт. палімераў. Выкарыстоўваецца для рэкуперацыі арган. растваральнікаў, пры рафінаванні цукру, ачыстцы пітной вады, спіртных напіткаў, сцёкавых водаў, як адсарбент і носьбіт каталітычных дабавак, у медыцыне для ачысткі крыві і паглынання шкодных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце.

т. 1, с. 214

АКТЫ́ЎНЫ КАПІТА́Л,

капітал, свабодны ад абавязацельстваў і даўгоў.

т. 1, с. 214

АКТЫ́ЎНЫ КО́МПЛЕКС у хіміі,

гл. Пераходны стан.

т. 1, с. 214

АКТЫ́ЎНЫ ЎЧА́СТАК у касманаўтыцы,

адрэзак траекторыі палёту касм. лятальнага апарата, калі працуюць ракетныя рухавікі. Заканчваецца звычайна ў месцы, дзе касм. аб’ект аддзяляецца ад ракеты-носьбіта і выходзіць на зададзеную траекторыю руху. У залежнасці ад месца старту палёт касм. апарата можа складацца з чаргавання актыўнага ўчастка з пасіўнымі (без работы ракетных рухавікоў).

т. 1, с. 214

АКТЫ́ЎНЫ ЦЭНТР у біяхіміі,

участак у малекулах ферментаў, які непасрэдна ўзаемадзейнічае з субстратам. У актыўны цэнтр уваходзяць функцыянальныя групы бакавых ланцугоў некаторых амінакіслот (гістыдзіну, цыстэіну, серыну і інш.), а таксама атамы металаў і каферменты. Утвараецца ў бялковай малекуле ў выніку збліжэння пэўных участкаў поліпептыднага ланцуга. Актыўным цэнтрам з’яўляюцца таксама ўчасткі малекул антыцелаў, якія звязваюцца з бактэрыямі, вірусамі і інш. антыгенамі.

т. 1, с. 214

А́КТЫ АРХЕАГРАФІ́ЧНАЙ ЭКСПЕДЫ́ЦЫІ, «Акты, собранные в библиотеках и архивах Российской империи Археографическою экспедициею Императорской Академии наук»,

серыя дакументаў па гісторыі Расіі. Выдадзены Археаграфічнай камісіяй (т. 1—4. Спб., 1836). 1-ы т. ахоплівае 1294—1598, 2-і — 1598—1613, 3-і — 1613—45, 4-ы — 1645—1700. Змяшчаюць крыніцы па сац.-эканам. (дакументы пра збор дзярж. даходаў, вышук збеглых сялян і інш.), паліт., ваен. і царк. гісторыі (матэрыялы пра выбранне на царства Б.Гадунова, вайну з Рэччу Паспалітай 1654—67, царк. раскол і інш.). Да «Актаў...» складзены імянны, геагр. і прадметны паказальнікі (Спб., 1838).

т. 1, с. 210

А́КТЫ ВІ́ЛЕНСКАЙ КАМІ́СІІ

(АВК),

Акты Віленскай археаграфічнай камісіі (АВАК), шматтомны збор дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 14—19 ст. (т. 1—39. Вільня, 1865—1915). Сабраны дакументы на старабел., рус., польскай і лац. мовах па паліт., сац.-эканам., царк. гісторыі, этнаграфіі, пра развіццё прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, становішчы яўрэяў і татараў ВКЛ, вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, вайну 1812. Выданне мела на мэце сцвердзіць справядлівасць далучэння Беларусі і Літвы да Рас. імперыі, прапагандаваць ідэю пра «спрадвечна рускі» характар ВКЛ. Нягледзячы на недахопы (тэндэнцыйнасць падбору матэрыялаў, недакладнасці перадачы тэкстаў, друкарскія памылкі) мае вял. каштоўнасць як крыніца па гісторыі Беларусі.

В.Ф.Голубеў.

т. 1, с. 210

А́КТЫ ВІ́ЛЕНСКІХ ЦЭ́ХАЎ,

«Akty cechów Wileńskich», зборнік дакументаў па гісторыі прафесійна-вытв. карпарацый у Вільні ў 1495—1700. Выдадзены ў Вільні ў 1939. Складальнік Г.Лаўмянскі. Змешчана 487 актаў (у т. л. прывілеі вял. князёў, выпіскі з соймавых пастаноў, судовыя рашэнні), звязаных з дзейнасцю віленскіх цэхаў, рамесных і мядовых «брацтваў», розных прафес. карпарацый — лекараў, купцоў, чл. віленскага магістрата і інш. Дакументы на лац., старабел., польск. мовах. Яны сведчаць, што многія цэхі Вільні аб’ядноўвалі бел. правасл. Рамеснікаў.

Г.Я.Галенчанка.

т. 1, с. 210

А́КТЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ, «Акты исторические, собранные и изданные Археографическою комиссиею»,

зборнік дакументаў па гісторыі Расіі. Выдадзены Археаграфічнай камісіяй (т. 1—5. Спб., 1841—42). Т. 1-ы ахоплівае 1334—1598, 2-і — 1598—1613, 3-і — 1613—45, 4-ы — 1645—76, 5-ы — 1676—1700. Змяшчаюць крыніцы па сац.-эканам., паліт., дыпламат. і ваен. гісторыі, гісторыі рус. царквы: асобныя дагаворныя граматы вялікіх і ўдзельных князёў 14—15 ст., даравальныя граматы духоўным і свецкім феадалам, устаўныя граматы, наказы ваяводам, дакументы пра збор дзярж. даходаў, судзебнікі 1497 і 1550, пасланні цара Івана IV да Максіма Грэка і ў Кірыла-Белазерскі манастыр, урывак следчай справы пра С.Ц.Разіна і інш. Да «Актаў...» складзены імянны і геагр. паказальнікі (Спб., 1843).

т. 1, с. 210