Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКТУАЛІЗА́ЦЫЯ

(ад лац. actualis рэчаісны, сучасны),

працэс пераходу аб’екта, з’явы і г.д. са стану магчымасці ў стан рэчаіснасці. Першапачатковае філас. абгрунтаванне і тэарэт. эксплікацыю атрымала ў працах Арыстоцеля. Сваімі поглядамі на ператварэнне патэнцыі ў рэальнасць праз актуалізацыю Арыстоцель увёў у анталогію прынцып развіцця, узнікнення новага ў быцці. Напр., будаўніцтва дома і ўжо збудаваны дом — гэта актуалізацыя («актуальнасць» дома ў адносінах да матэрыі, з якой ён складаецца — цэглы). Духоўныя асаблівасці чалавека актуалізуюцца ў яго паводзінах. Далейшае развіццё тэорыя актуалізацыі набыла ў творах Г.Спенсера, Э.Гартмана, Х.Гёфдынга, а таксама тамістаў Фамы Аквінскага, К.Ранера і інш. Яны здолелі актуалізаваць гэты прынцып у адносінах да сучаснай ім сацыяльнай і духоўна-культ. рэчаіснасці. У сучасным грамадска-паліт. развіцці Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы вельмі важнае значэнне набывае актуалізацыя прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і рыначных адносін ва ўсіх сферах сац. быцця.

Літ.:

Аристотель. Метафизика. М.; Л. 1934.

Я.М.Бабосаў.

т. 1, с. 209

АКТУА́ЛЬНАЕ ЧЛЯНЕ́ННЕ СКА́ЗА,

падзел сказа (у жывым маўленні — выказвання) на тэму (зыходны пункт выказвання) і рэму (тое новае, што паведамляецца чытачу ці слухачу аб тэме). Актуальнае чляненне сказа накладваецца на фармальна-сінтаксічную будову сказа, і ён набывае магчымасць перадаваць актуальную ў дадзеным кантэксце, важную ў момант паведамлення інфармацыю. Напр., у сказах «Мужчыны выйшлі на двор з хаты» і «На двор з хаты выйшлі мужчыны» суадносіны і камунікатыўная значымасць тэмы і рэмы розныя (з другога варыянта сказа вынікае, што ў хаце былі не толькі мужчыны). Тэма і рэма перадаюцца: лагічным націскам (прасадычныя сродкі), парадкам слоў (сінтаксічныя), часціцамі, займеннікамі, прыслоўямі або сінонімамі (марфалагічныя і лексічныя). У вусным маўленні тэма найчасцей падкрэсліваецца інтанацыяй, у пісьмовым — парадкам слоў. У экспрэсіўных выказваннях рэма можа папярэднічаць тэме, што патрабуе пры вымаўленні сказа асабліва ўзмоцненага націску і наз. эмфазай. Калі ў сказе адсутнічае проціпастаўленне тэмы і рэмы, ён наз. камунікатыўна нерасчлянёным.

А.Я.Міхневіч.

т. 1, с. 209

АКТУА́ЛЬНАСЦЬ,

важнасць, значнасць чаго-н. на гэты момант, сучаснасць, надзённасць (напр., актуальнасць пытання).

т. 1, с. 210

АКТУА́РЫЙ,

служачы страхавой кампаніі, спецыяліст па тэхніцы страхавання. На аснове апрацоўкі і аналізу стат. звестак складае актуарныя табліцы і вызначае прыбытковыя, канкурэнтаздольныя ўзроўні страхавых прэмій, узносаў і г.д.

т. 1, с. 210

АКТЫВАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ, радыеактывацыйны аналіз,

метад вызначэння якаснага і колькаснага саставу рэчыва, які грунтуецца на апрамяненні (актывацыі) ат. ядраў і наступным вымярэнні іх радыеактыўнага выпрамянення. Упершыню выкарыстаны венг. хімікамі Дз.Хевешы і Г.Леві (1936).

Актывацыйны аналіз бывае інструментальны (даследаванне другаснага выпрамянення з дапамогай спец. апаратуры без разбурэння пробы) і радыехімічны (хім. раздзяленне радыенуклідаў і вызначэнне актыўнасці кожнага з іх паасобку або ў невял. групе элементаў). Пры актывацыйным аналізе доследны матэрыял пэўны час апрамяняюць ядз. часціцамі, потым вымяраюць энергет. спектр, актыўнасць, перыяд паўраспаду T1/2 радыеізатопа, які ўтварыўся ў выніку апрамянення. Ведаючы T1/2, від радыеактыўных пераўтварэнняў, тып і энергію другаснага выпрамянення, якое суправаджае распад узніклага радыеізатопа, ідэнтыфікуюць зыходны ізатоп. Актыўнасць радыеактыўнага ізатопа пасля апрамянення прама прапарцыянальная колькасці ядраў зыходнага (звычайна стабільнага) ізатопа, што дазваляе правесці колькасны аналіз. Адрозніваюць актывацыйны аналіз нейтронны, на зараджаных часціцах і на жорсткіх гама-квантах. Найб. пашыраны нейтронны актывацыйны аналіз: ядры большасці элементаў лягчэй актывуюцца нейтронамі; розніца ў значэннях эфектыўных сячэнняў ядз. рэакцый на нейтронах забяспечвае высокую выбіральнасць метаду адносна элементаў; мае высокую адчувальнасць (10​-7—10​10% у залежнасці ад элемента). Актывацыйны аналіз выкарыстоўваецца для аналізу асабліва чыстых рэчываў, кантролю тэхнал. працэсаў, разведкі карысных выкапняў, у крыміналістыцы, археалогіі і інш.

Э.І.Гірэй.

т. 1, с. 211

АКТЫ́Н,

мышачны бялок. Мал. м. 42 000. Складаецца з 374 астаткаў амінакіслот і небялковай часткі (АТФ ці АДФ). Існуе ў глабулярнай (манамернай) і фібрылярнай (палімернай, дамінуе ў мышцах) формах. Утварае аснову тонкіх філаментаў мышачных міяфібрыл і мікрафіламентаў у нямышачных клетках. У папярочна-паласатых і гладкіх мышцах з міязінам утварае іх асн. структурны скарачальны комплекс — актаміязін. Зваротныя пераходы паміж манамернай і палімернай формамі ў нямышачных структурах фарміруюць рухомасць клетак, рух цытаплазмы, арыентацыю рэцэптараў на цытаплазматычнай мембране і інш.

т. 1, с. 212

АКТЫНА...

[ад грэч. aktis (aktinos) прамень],

першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнні слову «прамяністы», словазлучэнню «прамянёвая энергія», напр. актыналіт, актынаметрыя.

т. 1, с. 212

АКТЫНАБАЦЫЛЁЗ, праактынамікоз,

псеўдаактынамікоз, хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца грыбком з кл. актынаміцэтаў. Пашырана ў многіх краінах свету, у т. л. на Беларусі. Хварэюць пераважна свойскія жывёлы (часцей маладняк буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней) у зімова-веснавы перыяд. У арганізм узбуджальнік трапляе праз раны скуры або слізістай абалонкі рота, часцей з кормам. У хворых жывёл у мяккіх тканках галавы і шыі, лімфатычных вузлах з’яўляюцца шчыльныя гнойныя вузельчыкі, з наступным утварэннем свішчоў. У прафілактычных мэтах неабходна пазбягаць выпасу на нізкіх пашах, запарваць грубыя кармы.

т. 1, с. 212

АКТЫНАЛІ́Т

(ад актына... + ..літ),

мінерал класа сілікатаў, манаклінны амфібол, Ca2(Mg,Fe​2+)5[Si4O11]2(OH,F)2. Крышталі ігольчастыя, ніткападобныя. Агрэгаты прамяністыя, валакністыя або масіўныя (нефрыт). Колер зялёны, розных адценняў. Бляск шкляны. Паўпразрысты, рэдка празрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 3,2—3,3 г/см³. Пародаўтваральны мінерал метамарфічных сланцаў і кантактных скарнаў. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці аўтапакрышак як напаўняльнік.

Актыналіт.

т. 1, с. 212

АКТЫНАМЕ́ТРЫЯ

(ад актына... + ...метрыя),

раздзел метэаралогіі, які вывучае перанос і ператварэнне сонечнага, зямнога і атмасфернага выпрамянення ў атмасферы Зямлі. Гал. задачы актынаметрыі — вымярэнне прамой, рассеянай, сумарнай і адбітай радыяцыі і радыяцыйнага балансу зямной паверхні, вывучэнне заканамернасцяў паглынання і рассейвання радыяцыі ў атмасферы і геагр. размеркавання яе. Актынаметрычныя назіранні пачаліся ў 17 ст., на Беларусі з 1936. У 1994 праводзіліся на 10 станцыях: у Мінскім гідраметэацэнтры, на аграметэастанцыі Васілевічы, Палескай балотнай станцыі і інш.

М.А.Гольберг.

т. 1, с. 212