Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКТЫНАМІКО́З

(ад актына... + ...мікоз),

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, радзей чалавека, што выклікаецца грыбкамі з кл. актынаміцэтаў, якія пастаянна прысутнічаюць у арганізме (поласць рота, страўнікава-кішачны тракт, верхнія дыхальныя шляхі і інш.), а таксама пашыраны і ў прыродзе (глеба, расліны). Найчасцей хварэе буйн. раг. жывёла, успрымальныя авечкі, коні, свінні, драпежныя. У буйн. раг. жывёлы часцей пашкоджваюцца косці і тканкі ніжняй сківіцы, лімфавузлы, радзей іншыя часткі цела. Характарызуецца ўтварэннем шчыльных пухлін, інфільтратаў, абсцэсаў, свішчоў і рубцоў. У чалавека больш хварэюць мужчыны ва ўзросце 21—40 гадоў. Пры вузлаватай форме актынамікозу ў глыбокіх слаях скуры ўтвараецца цвёрды, цвёрдаэластычны, маларухомы інфільтрат цёмна-чырвонага колеру з фіялетавым адценнем, які нагнойваецца і прарывае свішчамі з гноем. Пры бугарковай форме ў тоўшчы скуры і падскурнай клятчатцы ўзнікаюць дробныя, паўшарападобныя, цвёрдыя, бязбольныя, цёмна-чырвоныя бугаркі, якія найчасцей нарываюць з выдзяленнем кроплі гною, потым утвараюцца свішчы. Пашкоджваецца і падскурная клятчатка. Язвавая форма развіваецца ў аслабленых хворых. Язвы мяккія, няроўныя, скура вакол іх сіняватага колеру. Атэраматозная форма — інфільтрат дыяметрам да 5 см, эластычнай кансістэнцыі, акрэслена абмежаваны, з паслядоўным нагнойваннем, выдзяленнем гною і свішчамі.

М.З.Ягоўдзік.

т. 1, с. 212

АКТЫНАМІЦЭ́ТЫ, прамянёвыя грыбкі,

група грамдадатных бактэрый, якія ўтвараюць клеткі або гіфы. Каля 700 відаў: уласна актынаміцэты, мікабактэрыі, стрэптаміцэты і інш. Большасць актынаміцэтаў — сапратрофы; пашыраны ў глебе, вадаёмах і паветры, на раслінных рэштках.

Маюць нітачна-, палачка- ці кокападобную форму, бакавыя нарасці, большасць утварае міцэлій. Размнажаюцца спорамі або дзяленнем. Патагенныя для раслін, жывёл і чалавека віды выклікаюць актынамікоз, актынабацылёз, туберкулёз і інш. хваробы. Віды, якія прадуцыруюць антыбіётыкі, пігменты, вітаміны і інш., выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці.

т. 1, с. 212

АКТЫНАМО́РФНАЯ КВЕ́ТКА,

гл. ў арт. Кветка.

т. 1, с. 212

АКТЫНАФА́ГІ,

вірусы актынаміцэтаў і роднасных ім мікраарганізмаў. Выклікаюць спантаннае разбурэнне (лізіс) грыбкоў, што наносіць значную шкоду вытв-сці антыбіётыкаў.

т. 1, с. 212

АКТЫНІ́ДЫ,

гл. Актыноіды.

т. 1, с. 212

АКТЫНІ́ДЫЯ

(Actinidia),

род павойных кустовых раслін сям. актынідыевых. Каля 40 відаў. Пашырана ў Паўд.-Усх. Азіі, на Д. Усходзе. На Беларусі 4 інтрадукаваныя віды, больш вядомыя актынідыя каламікта (A. kolomicta) і актынідыя востразубчастая (A. arguta).

Актынідыя каламікта (амурскі агрэст) найб. пашыраная ў культуры. Даўж. да 15 м. Кара цёмная. Лісце дробнапілаватае з рыжаватымі валаскамі на жылках. Кветкі белыя. Цвіце ў чэрвені. Плады — зялёныя ягады даўж. 2—3 см, масай да 4 г, з сакавітай мякаццю, багатай цукрамі і вітамінам С, ядомыя. Каштоўны перганос (дае кветкавы пылок). Размнажаюць насеннем, чаранкамі і адводкамі. Добра расце на дрэніраваных, багатых перагноем глебах. Мароза- і газаўстойлівая.

Актынідыя каламікта.

т. 1, с. 212

АКТЫ́НІІ, марскія анемоны (Actiniaria),

атрад марскіх кішачнаполасцевых жывёл. Існуюць як адзіночныя, радзей каланіяльныя бесшкілетныя паліпы. Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах. Трапляюцца ў Чорным, Баранцавым і далёкаўсходніх морах.

Цыліндрычнай формы, у папярочніку ад некалькіх міліметраў да 1,5 м, з венчыкам шчупальцаў вакол рота, звычайна ярка афарбаваныя. Сядзячыя або павольна перамяшчаюцца, закопваюцца ў грунт, зрэдку плаваюць. Кормяцца дробнымі воднымі жывёламі, у т. л. рыбамі. Размнажэнне палавое і вегетац. дзяленнем. Для многіх характэрны сімбіёз з ракамі-пустэльнікамі і інш. беспазваночнымі. Дотык шчупальцаў да чалавека можа выклікаць апёк скуры.

Актыніі: цэракціс і конскія.

т. 1, с. 212

АКТЫ́НІЙ

(лац. Actinium),

Ac, радыеактыўны хімічны элемент з ліку актыноідаў, ат.н. 89. Вядомы 12 ізатопаў; найб. устойлівы ​227Ac (перыяд паўраспаду 21,7 года — α- і β-выпрамяняльнік). У прыродзе сустракаецца ў рудах урану і торыю. Адкрыты франц. вучоным А.Дэб’ернам (1899). Серабрыста-белы метал, у выніку радыеактыўнага распаду свеціцца ў цемнаце, tпл 1050 °C. Хім. ўласцівасцямі блізкі да лантану.

Атрымліваюць пры апрамяненні ​226Ra нейтронамі ў ядз. рэактарах. Выкарыстоўваецца ў нейтронных крыніцах. Высокатаксічны, ГДК у вадаёмах 34,8 Бк/л, у паветры 1,3∙10​-6 Бк/л.

т. 1, с. 213

АКТЫНІ́ЧНАСЦЬ фатаграфічная,

здольнасць светлавога выпрамянення аказваць фатагр. ўздзеянне на святлоадчувальны матэрыял. Пры нязменным у часе выпрамяненні мерай адноснай актынічнасці з’яўляюцца адносіны асветленасцяў, утвораных у плоскасці фатагр. матэрыялу дадзенай крыніцай і крыніцай параўнання, якія пры аднолькавых экспазіцыях і хім.-фатагр. апрацоўцы даюць аднолькавы фатагр. эфект.

т. 1, с. 213

АКТЫНО́ГРАФ

(ад актына... + ...граф),

прылада для бесперапыннага аўтаматычнага запісу інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі. Складаецца з прыёмніка (часцей тэрмаэл. актынометр), які варочаецца геліястатам за сонцам, і рэгістратара-гальванографа (самапісны высокаадчувальны гальванометр).

т. 1, с. 213