АКЦЭНТАЛО́ГІЯ (ад акцэнт + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае тыпы, асаблівасці і функцыі націску; сістэма моўных з’яў, звязаных з націскам. Вывучае націск у сінхранічным і дыяхранічным аспектах (гіст. і параўнальна-гіст. акцэнталогія) і з уласна фаналагічных і марфалагічных пазіцый (апісальная акцэнталогія).

Мае даўнюю традыцыю. У інд. брахманах (8—6 ст. да н.э.) і упанішадах (7—3 ст. да н.э.) сустракаецца паняцце «свара» — націск або тон. Пытанні акцэнталогіі вывучаліся ў Стараж. Грэцыі (6—4 ст. да н.э.) і Кітаі (з 5 ст. н.э.). У 19 ст. націск як самастойны аб’ект вывучэння вылучыў А.​Х.​Вастокаў; уклад у развіццё акцэнталогіі зрабілі А.​А.​Патабня, І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр, П.​Ф.​Фартунатаў, А.​Мее.

Бел. акцэнталогія сфарміравалася ў 20 ст. Упершыню націск даследаваўся ў працах Я.​Ф.​Карскага. Акцэнтныя сродкі бел. мовы вывучаны ў апісальным плане [М.​В.​Бірыла, Л.​Ц.​Выгонная, Л.​М.​Вардамацкі, М.​П.​Лобан, Я.​І.​Івашуціч, Я.​Э.​Смулкова (Польшча), Э.​Станкевіч (ЗША)].

Л.​П.​Кунцэвіч.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)