Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКЯЛА́ЙЦІС (Akelaitis; Акялевіч) Мікалоюс

(6.12.1829, в. Чуадэрышкіс Капсукскага р-на, Літва — 27.9.1887),

літоўскі грамадскі дзеяч, асветнік, пісьменнік. Пазнаёміўшыся ў 1850-х г. з В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім, У.Сыракомлем, А.Кіркорам, распрацаваў у 1859 план выдання кніг для беларусаў і літоўцаў на іх родных мовах. Выдаў літоўскі лемантар, граматыку і дыдактычную аповесць «Квестар» (усе 1860), у 1861 зрабіў літоўскую перапрацоўку бел. «Гутаркі старога дзеда», апісаў рэцэнзію на 2 часткі «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, выд. у бел. перакладзе Дуніна-Марцінкевіча (апубл. ў кн. «Пачынальнікі», 1977). У час паўстання 1863—64 пам. камісара паўстанцкага Часовага ўрада ў Аўгустоўскім ваяв. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе і памёр.

А.І.Мальдзіс.

т. 1, с. 224

АК-ШЫЙРА́К, Акшыйрак,

горны масіў у Цянь-Шані, у Кыргызстане. Цягнецца з ПдЗ на ПнУ трыма кулісападобнымі паралельнымі хрыбтамі даўж. каля 50 км, выш. да 5126 м. Водападзел вярхоўяў Нарына і рэк бас. Сарыджаза (Учкёль і інш.). Складзены з метамарфічных сланцаў, вапнякоў, гранітаў. Рэльеф высакагорны. Цэнтр зледзянення ў Цянь-Шані (59 ледавікоў пл. больш за 400 км²). Самы вял. ледавік Пятрова, дае пачатак р. Нарын.

т. 1, с. 224

АЛА...

(ад грэч. allos іншы),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «іншы», «розны», «зменены», напр., алагенез, аламетрыя.

т. 1, с. 224

АЛА́,

рака ў Беларусі, у Кіраўскім, Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл. і Жлобінскім, Светлагорскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 100 км. Пл. вадазбору 1230 км² у межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Прыдняпроўскай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 0,8—1 км. Пойма (у вярхоўі асушаная і разараная) шыр. ад 0,5 да 1,5 км. Рэчышча каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 1—3 м, у ніжнім цячэнні нізкія. Асн. прытокі: Рылейка, Беліца, Вял. Вязанка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с, 52% гадавога сцёку прыпадае на вясну. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ г.п. Кіраўск.

Рака Ала ў Бабруйскім раёне.

т. 1, с. 224

АЛАБА́МА

(Alabama),

рака ў Паўн. Амерыцы, на ПдУ ЗША. Даўж. 640 км. Пл. бас. 115 тыс. км². Утвараецца ад зліцця рэк Куса і Талапуса, якія сцякаюць з паўд. адгор’яў Апалачаў. Цячэ па Прымексіканскай нізіне. Пасля злучэння з р. Тамбігбі наз. Мабіл, упадае ў аднайм. заліў Мексіканскага заліва. Разводдзе вясной, сярэдні расход вады 1790 м³/с. Вадасховішчы. Суднаходная ад г. Мантгомеры. У вусці марскі порт Мабіл.

т. 1, с. 224

АЛАБА́МА

(Alabama),

штат на Пд ЗША. Пл. 131,4 тыс. км², нас. 4187 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Мантгомеры. Найб. гарады Бірмінгем, Мабіл, Хантсвіл. Большая ч. тэрыторыі занята нізіннай прыморскай раўнінай, месцамі забалочанай, на Пн і ПнУ — адгор’і Апалачаў. Клімат умерана цёплы, на Пд субтрапічны. Ападкаў каля 1500 мм за год. Рэкі Алабама, Тэнесі. Вядучая галіна эканомікі — апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная металургія (Бірмінгем), вытв-сць алюмінію, пластмасаў, гумы, хімікатаў, тэкстылю, электратэхн. абсталявання. Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, авіяракетнай, суднабуд., тэкст. прам-сці. Здабыча вугалю, нафты, прыроднага газу. ГЭС на р. Тэнесі. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (адкорм буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней, бройлераў). Вырошчваюць сою, кукурузу, бавоўнік, сеяныя травы, арахіс, агародніну, садавіну. Чыг., аўтамаб., водны транспарт. Марскі порт Мабіл.

т. 1, с. 225

«АЛАБА́МА»,

канфлікт паміж ЗША і Англіяй у час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. Выкліканы ваен. дапамогай Англіі мяцежным рабаўладальніцкім штатам. Англ. крэйсер «Алабама» ў 1862—64 захапіў і знішчыў 68 гандл. і 1 ваен. карабель паўн. штатаў. Сам быў патоплены 14.7.1864. Пасля заканчэння вайны ЗША узнялі пытанне пра адказнасць Англіі за дзеянні «Алабамы» і інш. яе крэйсераў. Арбітражны суд у Жэневе 14.9.1872 вынес рашэнне, паводле якога Англія заплаціла ЗША 15,5 млн. долараў.

т. 1, с. 225

АЛАБРО́ГІ

(лац. Allobroges),

кельцкае племя, якое жыло паміж Жэнеўскім воз., рэкамі Рона і Ізер і Альпамі. Іх гал. гарады — Віена (сучасны В’ен у Францыі) і Генава (сучасная Жэнева). Алаброгі выступалі на баку Ганібала (218 да н.э.), у 121 да н.э. падпарадкаваны рым. палкаводцам Фабіем Максімам Квінтам, а іх тэр. ўключана ў склад правінцыі Карбонская Галія Нарбонская Галія.

т. 1, с. 225

АЛАБЯ́Н Каро Сямёнавіч

(26.7.1897, г. Пяндж, Таджыкістан — 5.1.1959),

сав. архітэктар. Скончыў Маскоўскі вышэйшы дзярж. маст.-тэхн. ін-т (1929). Заснавальнік Усерас. т-ва пралет. архітэктараў, адказны сакратар Саюза архітэктараў СССР (1932—50), віцэ-прэзідэнт Акадэміі архітэктуры СССР (1949—53). Асн. работы: Тэатр Сав. Арміі (1934—40) і павільён Арм. ССР на ВДНГ (1939 і 1954) у Маскве; ген. план аднаўлення Валгаграда (1945, у сааўт.), павільён СССР на Сусветнай выстаўцы ў Нью-Йорку (1939, з Б.Іафанам).

т. 1, с. 225

АЛАВЕ́РДЫ,

кафедральны сабор 1-й чвэрці 11 ст., помнік груз. сярэдневяковага дойлідства. Пабудаваны за 20 км на ПнЗ ад г. Тэлаві. Выцягнутае ўверх збудаванне, у плане — падоўжаны крыж; у сяродкрыжжы купал на высокім барабане (рэканструяваны ў 15 ст.). Грандыёзная ўнутр. прастора (выш. больш за 42 м). Дэкор скупы. У 1960-я г. раскрыта размалёўка 15 ст.

Сабор Алаверды.

т. 1, с. 225