АЛАВЯ́НЫЯ РУДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць волава ў злучэннях і канцэнтрацыях, дастатковых для прамысл. здабычы. Прамысл. мінералы касітэрыт (каля 78% Sn) і станін (22—28% Sn). Падзяляюць на эндагенныя (карэнныя) і экзагенныя (россыпныя). Карэнныя радовішчы сфарміраваліся ў пародах алюмасілікатнага саставу і прадстаўлены касітэрыт-кварцавымі і касітэрыт-сульфіднымі рудамі (прамысл. колькасць Sn 0,1—0,2%). Важнае прамысл. значэнне маюць россыпы (сярэдняя колькасць каля 300—500 мг/м³, у іх каля 70% сусв. запасаў волава, даюць да 75% усёй здабычы металу). Асн. рэсурсы — у Інданезіі, Малайзіі, Тайландзе, Балівіі, Бразіліі, Нігерыі, Аўстраліі.
т. 1, с. 225
АЛАГЕНЕ́З
(ад ала... + ...генез),
кірунак эвалюцыі групы арганізмаў, пры якой у блізкіх відаў адбываецца змена адных прыватных прыстасаванняў на іншыя, а агульны ўзровень арганізацыі застаецца ранейшым. Выяўляецца гэта ў адаптыўных ператварэннях (напр., пры змене асяроддзя наземнага на воднае) — аламарфозах, або ідыяадаптацыях.
Адзначаецца на ўсіх стадыях індывід. развіцця жывёлы — ад зародка, лічынкі і маляўкі да дарослай асобіны. Пры гэтым адны органы прагрэсіўна развіваюцца, іншыя — трацяць функцыян. значэнне і рэдукуюцца. Прыкладам прыстасавання арганізмаў да спецыфічных умоў эмбрыянальнага або лічынкавага развіцця (цэнагенез) з’яўляюцца якасныя новаўтварэнні: амніён, харыён, плацэнта і інш.
т. 1, с. 225
АЛАГЁЗ,
самая высокая вяршыня Армянскага нагор’я; гл. Арагац.
т. 1, с. 225
АЛАГІ́ЗМ
(ад а... + грэч. logismos розум),
1) у логіцы адмаўленне ці рэзкае перамяшчэнне ролі лагічнага мыслення як сродку дасягнення ісціны; логіцы проціпастаўляецца інтуіцыя, вера і інш. Выкарыстоўваецца для апраўдання ірацыяналізму, містыцызму, фідэізму. Часта бывае схаваны фармальнай правільнасцю выказвання, але абвяргаецца грамадскай практыкай чалавецтва і гісторыяй навукі.
2) У стылістыцы наўмыснае парушэнне ў мове лагічных сувязей з мэтай стылістычнага (у т. л. камічнага) эфекту.
т. 1, с. 225
АЛАГО́АС
(Alagoas),
штат на ПнУ Бразіліі, на Пн ад ніжняга цячэння р. Сан-Франсіску. Пл. 27,7 тыс. км². Нас. 2409 тыс. чал. (1989). Адм. ц. — г. Масеё. Плантацыйнае вырошчванне цукр. трыснягу і бавоўны. Харч. і тэкст. прам-сць. На р. Сан-Франсіску каля вадаспадаў Паўлу-Афонсу ГЭС.
т. 1, с. 225
АЛА́ДАВА Алена Васілеўна
(22.5.1907, г. Пружаны — 29.5.1986),
бел. мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Жонка М.І.Аладава. Скончыла БДУ (1928). З 1937 працавала ў музеях Мінска. У 1944—77 дырэктар Дзярж. маст. музея Беларусі. Яе намаганнямі ў пасляваен. гады адноўлены фонд музея, сабраны творы бел., рус., зарубежнага мастацтва (у 1977 больш за 15 тыс. экспанатаў), арганізаваны шматлікія экспазіцыі і выстаўкі. Аўтар кніг пра творчасць І.Ахрэмчыка, П.Гаўрыленкі, В.Цвіркі, пра Дзярж. маст. музей Беларусі (1958), бел. жывапіс (1978) і інш.
т. 1, с. 225
АЛА́ДАВА Радаслава Мікалаеўна
(н. 11.2.1945, Мінск),
бел. музыказнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1980). Дачка М.І.Аладава. Скончыла Бел. кансерваторыю (1968). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Навук. працы пераважна па пытаннях нац. муз. стылю.
Тв.:
Аб поліфанізацыі фактуры ў беларускай сімфанічнай музыцы другой палавіны 50-х—60-х гадоў // Бел. музыка. Мн., 1975. Вып. 1;
Белорусское симфоническое творчество // Межнациональные связи в советской музыкальной культуре. Л., 1987;
«Фольклорный» камерно-вокальный цикл в белорусской музыке 70-х гг. // Вопр. культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1988. Вып. 7;
Опера С.Картэса «Візіт дамы» ў яе сувязях з літаратурай //Там жа. 1994. Вып. 13.
т. 1, с. 226