Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГО́МЕС ДЭ ЛА СЕ́РНА ((Gómez de la Serna) Рамон) (5.7.1888, Мадрыд — 12.1.1963),

іспанскі пісьменнік і публіцыст. Адзін з буйных прадстаўнікоў ісп. авангардызму (прапагандыст дадаізму), ідэі якога абагульніў у кн. «Ізмы» (1931). Вядомасць прынеслі кнігі эсэ і нарысаў «Растра» (1915), «Цырк» (1917), а таксама «грэгерыі» — парадаксальныя афарызмы. Яго эксперым. драматургія (п’есы «Беатрыс», 1909, «Паўлюдзі», 1929, «Лесвіцы», 1935) істотна паўплывала на фарміраванне тэатра абсурду. Аўтар больш як 20 раманаў і аповесцей. Найб. значныя: зб. навел «Незвычайны доктар» (1914), у якім прадугаданы шматлікія адкрыцці ў галіне псіхалогіі, і раман «Кіналандыя» (1923) — фантаст.-сатыр. адлюстраванне тагачаснай кінаіндустрыі. Пісаў аўтабіягр. і мемуарную прозу. Творы Гомеса дэ ла Серна вызначаюцца гумарам, стылістычнай свабодай і яркімі моўнымі навацыямі. З 1936 жыў у Аргенціне.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1983.

К.М.Міхееў.

т. 5, с. 350

ГО́МЕС КА́СТРА ((Gómez Castro) Лаўрэана Элеўтэрыо) (20.2.1889, г. Багата, Калумбія — 13.7.1965),

палітычны і дзярж. дзеяч Калумбіі. З 1911 дэп. Нац. кангрэса. Міністр грамадскіх работ (1925—26), пасол у Аргенціне (1923—31) і Германіі (1931—32). Сенатар (1931—44). З 1932 лідэр Кансерватыўнай партыі. З 1948 міністр замежных спраў. У 1950—53 прэзідэнт Калумбіі, устанавіў у краіне рэжым асабістай дыктатуры. У выніку перавароту Г.Рохаса Пінілы (1953) адхілены ад улады і эмігрыраваў у Іспанію. У 1958—62 старшыня сената Калумбіі.

т. 5, с. 350

«ГО́МОН»,

нелегальны часопіс бел. народнікаў. Выдаваўся ў 1884 у Пецярбургу гектаграфічным спосабам на рус. мове бел. арг-цыяй «Гоман». Выйшлі 2 нумары: 1-ы ў пач. года, другі 15 лістапада. Меў падзагаловак «Беларускі сацыяльна-рэвалюцыйны агляд». Змяшчаў матэрыялы пра рэв. падзеі ў Расіі і Беларусі, эканам. і паліт. становішча бел. народа, сцвярджаў самабытнасць бел. мовы, крытыкаваў палітыку царызму, выступаў за федэратыўную самастойнасць бел. народа, за развіццё яго культуры.

С.В.Говін.

т. 5, с. 350

ГО́МПЕРС ((Gompers) Сэмюэл) (27.1.1850, Лондан — 13.12.1924),

прафсаюзны дзеяч ЗША. З 1863 у ЗША. Працаваў у тытунёвай прам-сці. З 1881 кіраўнік Федэрацыі трэд-юніёнаў і рабочых саюзаў ЗША і Канады, з 1886 (акрамя 1895) старшыня Амерыканскай федэрацыі працы. Выступаў за паляпшэнне прац. заканадаўства, мірнае вырашэнне прац. спрэчак, сац. партнёрства, паліт. нейтралізм прафсаюзаў, пошук саюзнікаў сярод паліт. дзеячаў і партый. Аўтар твораў «Амерыканская праца і вайна», «Праца і ўсеагульны дабрабыт» (абодва 1919), «Семдзесят гадоў жыцця і працы» (т. 1—2, 1925).

т. 5, с. 350

ГО́МРУЛЬ (англ. Home Rule літар. самакіраванне, аўтаномія),

рух за гомруль, барацьба за ажыццяўленне праграмы аўтаноміі Ірландыі ў рамках Брыт. імперыі ў 1870-я г.пач. 20 ст. Аўтар праграмы ірл. ліберал І.Бат. Прыхільнікі гомруля патрабавалі скасавання навязанай у 1800 Ірландыі уніі з Вялікабрытаніяй, але не імкнуліся да поўнай незалежнасці. Яны арганізавалі масавую барацьбу (пераважна ірл. сялян), адмаўлялі тэрарыст. метады і супрацоўнічалі з Зямельнай лігай. Праект аўтаноміі для Ірландыі, двойчы (1886, 1893) прапанаваны ліберальным урадам У.Ю.Гладстана, быў адхілены парламентам. У канцы 19 ст. рух за гомруль замяніў незалежніцкі рух Шын фейн. У 1912 ліберальны ўрад 3-і раз прапанаваў біль аб гомрулі, але сутыкнуўся з узбр. супраціўленнем пратэстанцкай большасці Ольстэра. Напярэдадні 1-й сусв. вайны парламент прызнаў аўтаномію Ірландыі (3.8.1914), біль аб гомрулі набыў сілу закона 18.9.1914, але адтэрмінаваны да заканчэння вайны; фактычна ў дзеянне так і не ўведзены. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916.

т. 5, с. 350

«ГОМСЕЛЬМА́Ш»,

вытворчае аб’яднанне па выпуску машын с.-г. прызначэння. Створана ў 1977. Уключае Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання (галаўное прадпрыемства), з-ды ліцця і нармалей, самаходных камбайнаў, спецінструментаў і тэхнал. аснасткі, рамонтна-буд. і мантажнае ўпраўленне, гал. СКБ па комплексе кормаўборачных машын, канструктарска-тэхнал. і эксперым. ін-т па тэхн. пераўзбраенні і падрыхтоўцы вытв-сці (у Гомелі), Светлагорскі з-д машынабудавання для кормапрыгатавання.

т. 5, с. 350

ГО́МСТЭДЫ,

зямельныя надзелы, якія раздаваліся ў ЗША паводле Гомстэд-акта.

т. 5, с. 351

ГО́МСТЭД-АКТ (ад англ. homestead сядзіба, участак),

закон аб зямельных надзелах у ЗША, прыняты ў маі 1862 у ходзе Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861 — 65 і Рэканструкцыі Поўдня. Паводле гэтага закона кожны грамадзянін ЗША, які дасягнуў 21 года і не ваяваў супраць Поўначы, мог атрымаць з зямель грамадскага фонду ўчастак зямлі не больш за 160 акраў (65 га) пасля выплаты рэгістрацыйнага збору. Пасяленец, які прыступіў да апрацоўкі зямлі і пачаў на ёй забудоўвацца, праз 5 гадоў атрымліваў права бясплатнай уласнасці на зямлю. Паводле Гомстэд-акта ў ЗША было раздадзена каля 2 млн. надзелаў агульнай пл. 285 млн. акраў (115 млн. га). Гомстэд-акт і мерапрыемствы супраць рабаўладальнікаў Поўдня азначалі перамогу ў ЗША ў нац. маштабе фермерскага («амерыканскага») шляху развіцця ў сельскай гаспадарцы.

т. 5, с. 350

ГОН,

адзінка даўжыні, тое, што гоні.

т. 5, с. 351

ГО́НАР,

паняцце маралі, у якім выяўляецца ступень самапавагі чалавека і павагі да яго з боку грамадства. Яно блізкае па значэнні да паняцця годнасць. Аднак калі годнасць асобы грунтуецца на прызнанні роўнага права кожнага чалавека на павагу, то гонар адлюстроўвае перш за ўсё меру павагі, якую ён заслужыў у грамадстве. Маральная каштоўнасць чалавека ў паняцці гонару цесна звязана з яго канкрэтным сац. становішчам, грамадскім прызнаннем заслуг, аўтарытэту. Гонар прадугледжвае адпаведнасць паводзін чалавека маральным прынцыпам і нормам, распаўсюджаным у пэўнай сац. супольнасці, падтрыманне пэўнай індывідуальнай або сац.-групавой рэпутацыі (гонар школы, гонар афіцэра, дваранскі гонар і інш.).

В.А.Паўлоўская.

т. 5, с. 351