Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СВІРЭ́ПА (Barbarea),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, як заноснае — паўсюдна ў нетрапічных краінах. На Беларусі 2 віды С.: звычайная (B. vulgaris) і прамая (B. stricta). Трапляюцца на вільготных лугах, па берагах рэк, на палях, у пасевах.

Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя. Ніжняе лісце лірападобнае, верхняе суцэльнае. Кветкі жоўтыя. Плод — стручок. Насенне ядавітае для свойскай жывёлы і птушак. Зімовы крэс (B. vema) культывуюць у Зах. Еўропе як салату. Харч., тэхн., меданосныя расліны, часта — пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Свірэпа звычайная.

т. 14, с. 263

СВІРЭ́ПАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты алей, які атрымліваюць прасаваннем насення свірэпіцы. Вадкасць зеленавата-бурага колеру, шчыльн. 918 кг/м³, т-ра застывання -8 °C. Не раствараецца ў вадзе, метаноле і этаноле. Паўвысыхальны алей; мае значную колькасць (31—47% па масе) трыгліцэрыдаў ненасычанай эрукавай к-ты (C21H41COOH). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пакостаў, алкідных смол, мыла, кампанент змазачных матэрыялаў; рафінаваны С.а. — харч. прадукт. Гл. таксама Алеі.

т. 14, с. 263

СВІРЭ́ПІЦА, капуста палявая (Brassica campestris),

кветкавая расліна сям. крыжакветных. Пашырана ў Еўразіі, у Паўн. Афрыцы, Амерыцы і Аўстраліі — заносная. Вырошчваецца як алейная культура. На Беларусі трапляецца на палях, агародах, уздоўж дарог, на сметніках.

Аднагадовая расліна выш. да 100 см. Сцёблы прамыя, галінастыя. Прыкаранёвае лісце простае, лірападобна-перыстае, апушанае, сцябловае — голае, суцэльнае, сядзячае. Кветкі жоўтыя. Плод — стручок. Насенне мае да 45% свірэпавага алею Маладое лісце спажываюць як салату. Алейная, харч., меданосная, кармавая, рудэральная расліна.

А.​М.​Скуратовіч.

Свірэпіца палявая.

т. 14, с. 263

СВІ́СЛАЦКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства ў складзе ВКЛ на р. Бярэзіна ў 14 ст. Цэнтр — в. Свіслач (цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Адзіны вядомы князь Сямён Свіслацкі ўпамінаецца ў летапісах пад 1349, калі быў пасланы вял. кн. Альгердам разам з князямі Міхаілам, Карыятам і Айкшой у пасольства да татар. Некат. гісторыкі атаясамлівалі Сямёна Свіслацкага з Сямёнам, сынам вял. кн. Яўнута (гл. ў арт. Заслаўскія) або з Сямёнам Ямантовічам (гл. ў арт. Ямантовічы). У 1387 вял. кн. Ягайла перадаў Свіслацкую воласць разам з іншымі землямі ў пажыццёвае ўладанне Скіргайлу. Пасля Свіслач — дзярж. ўладанне.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 263

СВІ́СЛАЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ Існавала ў 1916—18. Засн. ў 1916

(заняткі пачаліся 15.10.1916) у мяст. Свіслач Ваўкавыскага пав. Рыхтавала настаўнікаў для бел. пач. школ зах. Беларусі, акупіраванай войскамі Германіі. Паводле статуса ў семінарыю павінны былі прымацца асобы абодвух полаў і рознага веравызнання, якія скончылі 4 класы гімназіі або гар. ці вышэйшага пач. вучылішча (фактычна прымаліся і з меншым адукац. цэнзам). Навучанне вялося на бел. мове, тэрмін — 3—4 месяцы. Дазвалялася здаць курс навучання экстэрнам. Выкладаліся: бел. мова і л-ра, ням. мова, рэлігія, педагогіка, арыфметыка, асновы геаграфіі, гісторыя Беларусі, гімнастыка, спевы, маляванне, гігіена, садоўніцтва і агародніцтва, ручная праца. У 1917 у семінарыі чытаў лекцыі па гісторыі бел. л-ры праф. Брэслаўскага (Вроцлаўскага) ун-та Р.​Абіхт, сярод выкладчыкаў Б.​Пачопка (паводле лекцый у 1918 выдаў лацінкай у Вільні «Граматыку беларускай мовы»),

У семінарыі вучыліся А.​Грыкоўскі, В.​Мурашка (Маслоўская), У.​Шалешка. Закрыта 15.11.1918.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 14, с. 263

СВІ́СЛАЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у нізоўі р. Свіслач (прыток Бярэзіны) у 14—18 ст. Першапачаткова ўяўляла сабой, напэўна, цэнтр. частку Свіслацкага княства, далучанага да ВКЛ у сярэдзіне 14 ст. У 15 ст., верагодна, мела двайное падпарадкаванне Віленскаму і Трокскаму ваяв. У 1-й пал. 16 ст. ўваходзіла ў Віленскае ваяв. У 1560 у С.в., як і ў інш. дзярж. маёнтках, праведзена зямельная рэформа, уведзена новая адзінка абкладання — служба. Паводле інвентара, складзенага з гэтай нагоды, у воласці (акрамя мястэчка і замка Свіслач) было 18 сёл з 484 дварамі, у якіх намерана 137 службаў. Паводле адм. рэформы 1565—66 тэр. С.в. на З ад р. Бярэзіна ўключана ў Мінскі пав., рэшта — у Аршанскі пав. У 1568 свіслацкі намеснік М.​Б.​Гарабурда атрымаў ад вял. кн. ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста прывілей на падараванне яму воласці, якая засталася за яго нашчадкамі як прыватны маёнтак.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 264

СВІ́СЛАЦКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.

Існавала ў 1876—1921 у мяст. Свіслач Гродзенскай губ. як агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова з пед. ухілам. Засн. 21.9.1876 на месцы 4-класнай прагімназіі. Рыхтавала настаўнікаў для пач. нар. вучылішчаў пераважна для Віленскай навуч. акругі, у склад якой уваходзіла. Утрымлівалася за кошт казны і збораў за навучанне. З губернскага фонду на спец. земскія стыпендыі штогод выдзялялася 2 тыс. руб. Напачатку мела 3 класы. У 1907 рэарганізавана — асн. курс падзелены на 4 класы, адкрыты падрыхтоўчы клас і ўзорнае пач. вучылішча, у якім семінарысты праходзілі практыку. Прымаліся асобы з усіх саслоўяў, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту і мелі дыплом пра заканчэнне нар. пач. вучылішча. Паступаць у ВНУ Рас. імперыі выпускнікі не мелі права. У 1911 у семінарыі навучалася 204, у 1915—207 выхаванцаў. Яе ўзначальваў дырэктар, працавалі законанастаўнік, 6 выкладчыкаў, урач і фельчар. Заняткі вялі выпускнікі рас. ун-таў, духоўных акадэмій, Бельскай настаўніцкай семінарыі, Віленскага настаўніцкага ін-та, уласныя выхаванцы. Выкладаліся: Закон Божы, асновы педагогікі, рус. і царк.-слав. мовы, матэматыка, фізіка, каморніцтва, геаметрыя, гісторыя, геаграфія, чарчэнне, прыродазнаўства, чыстапісанне, спевы, гімнастыка, рамёствы, маляванне, агародніцтва і садоўніцтва. Летам 1915 семінарыя эвакуіравана ў г. Мядынь Калужскай губ. (Расія).

А.​Ф.​Самусік.

т. 14, с. 264

СВІ́СЛАЦКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1976, адкрыты ў 1979 у г.п. Свіслач Гродзенскай вобл. Пл. экспазіцыі 189 м², больш за 6 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў кавалкі балотнай руды, каменныя прылады працы эпохі мезаліту, фотаздымкі і матэрыялы пра ўладальніка мяст. Свіслач В.​Тышкевіча, у т. л. макет тэатра; пра гісторыю свіслацкіх гімназіі і семінарыі, падзей часоў паўстання 1863—64, буд-ва чыгункі, 1-й сусв. вайны, Свіслаччыны пач. 20 ст., пра дзейнасць Т-ва бел. школы, КПЗБ, падзеі Вял. Айч. вайны, арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху, дыярама «Партызанская засада», матэрыялы пра аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі, аховы здароўя, культуры і спорту ў пасляваенны час, жывёльны і раслінны свет раёна.

Н.​У.​Пакутнік.

т. 14, с. 264

СВІ́СЛАЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. каля в. Свіслач

(цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Гарадзішча «Замак», звязанае з гісторыяй мяст. Свіслач і Свіслацкага княства (14 ст.),

размяшчалася на мысе правага берага р. Бярэзіна, у якую справа ўпадае р. Свіслач. У сярэдзіне 17 ст. замкавая пляцоўка мела форму прамавугольніка (72,8 × 63,5 м), была аддзелена ад астатняга плато шырокім (каля 15 м) дугападобным ровам і ўмацавана па краі земляным валам. Над узроўнем вады ў Свіслачы замчышча ўзвышалася на 12 м. У 1-й пал. 13 ст. замак быў спалены. Потым яго разам з горадам разбурылі ў 1506 крымскія татары і ў 1535 — рус. войскі. Ужо ў 1501 С.з. меў агнястрэльную зброю, у т. л. гарматы. Паводле плана С.з. (1647), зробленага ўладальнікам Свіслачы кн. Багуславам Радзівілам, у драўляным замку меліся 3 вежы, у т. л. ўязная брама, і 2 участкі сцен-гародняў даўж. 39 м і 35,8 м. На самым мысе С.з. размешчана пабудова ў форме прамавугольніка (верагодна, дом адміністратара). На 2-м плане Радзівіла акрамя замка пазначаны і ўчастак тэрыторыі паміж Бярэзінай і Свіслаччу. У месцы найб. блізкага працякання іх адна каля адной знаходзіліся земляны вал з брамай на ім і абарончы роў, які запаўняўся водамі рэк. Другая размяшчалася з боку моста цераз р. Свіслач. У час антыфеад. вайны 1648—51 паўстанцкі атрад палк. Г.​Бута колькасцю каля 1 тыс. чал. заняў у 1648 Свіслач. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 без вял. намаганняў «Иван Золоторенко город Свислочь взял... в сентябре 1654 г.». З таго часу ў дакументах звесткі пра С.з. больш не сустракаюцца.

М.​А.​Ткачоў.

Свіслацкі замак. Агульны выгляд у сярэдзіне 17 ст. Рэканструкцыя С.​А.​Сергачова.

т. 14, с. 264

СВІ́СЛАЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31. Цэнтр — в. Свіслач. Утвораны 17.7.1924 у Бабруйскай акр. (да 26.7.1930). 20.8.1924 падзелены на 9 сельсаветаў. 8.7.1931 раён скасаваны, сельсаветы перададзены Клічаўскаму і Асіповіцкаму р-нам.

т. 14, с. 264