Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

О́РЛЯ,

вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдУ ад г. Шчучын, 91 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Ражанка. 518 ж., 217 двароў (2000). Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі селішча 12—13 ст.

т. 11, с. 449

О́РСА (Аляксандр) (24.7.1896, в. Нягневічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. —2.11.1959),

грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, педагог. Д-р прыродазнаўчых н. (1929). Скончыў гар. вучылішча (1913) і настаўніцкія курсы (1915) у Навагрудку, сярэднюю школу пры Укр. пед. ін-це (1923) і прыродазнаўчы ф-т Карлава ун-та (1928) у Празе. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце, афіцэр. З 1918 настаўнічаў у пач. школе в. Гараб’евічы і ў Навагрудку: бел. гімназіі (1929—34), польск. пач. школе (1934—39), сярэдняй школе (1939), пед. вучылішчы (1940—41). У час вайны супрацоўнічаў з акупац. ўладамі, з 1941 школьны інспектар Навагрудскай акругі. З 1944 у Германіі: настаўнік і дырэктар Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945-49). З 1949 у Нью-Йорку (ЗША). Адзін з заснавальнікаў і сяброў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік у Нью-Йорку першай парафіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы, ініцыятар стварэння і заснавальнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, арганізатар першых бел. школ у Нью-Йорку. Уваходзіў ва ўрад БНР у эміграцыі (міністр асветы). Рэдагаваў падручнікі для сярэдніх эмігранцкіх бел. школ.

А.С.Ляднёва.

т. 11, с. 449

О́РСА-РАМА́НА (Ала Аляксандраўна) (н. ў 1936, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.),

грамадскі і культ. дзеяч бел. дыяспары ў ЗША, амер. вучоны-хімік. Д-р хім. н. (1967). З 1944 у Германіі, дзе вучылася ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945—49). У 1949 разам з бацькамі пераехала ў ЗША. Скончыла гарадскі (1957) і політэхнічны ун-ты ў Нью-Йорку. З 1971 выкладчык, потым праф. кафедры біяхіміі Нью-Йоркскага гар. ун-та. Старшыня Бруклінскага аддзела Амер. хім. т-ва, чл. Амер. крышталеграфічнай асацыяцыі і Амер. к-та па хіміі. У 1956—92 кіраўнік бел. танц. ансамбля «Васілёк» (Нью-Йорк). Прапагандуе ў ЗША бел. культуру і гісторыю. Актывістка Бел. аўтакефальнай правасл. царквы за мяжой. Чл. Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку і інш. грамадскіх арг-цый беларусаў у ЗША. Аказвае дапамогу пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аўтар навук. прац па даследаванні крышт. структуры арган. злучэнняў у нізкіх тэмпературах.

А.С.Ляднёва.

т. 11, с. 449

ОРТ (ад грэч. orthos прамы),

тое, што адзінкавы вектар.

т. 11, с. 449

ОРТ (ням. Ort літар. месца) у горнай справе, гарызантальная падземная горная вырабатка, якая пракладзена ўпоперак распасцірання радовішча і не мае непасрэднага выхаду на паверхню.

т. 11, с. 449

ОРТ (ням. Ort),

сярэбраная манета Рэчы Паспалітай і германскіх дзяржаў у 17—18 ст. Адпавядаў ​1/4 талера. Намінальны кошт О. мяняўся са зменай курсу талера. Першыя О., выпушчаныя ў 1608 у Гданьску, раўняліся 10 грошам, пазней 16 і 18 грошам. У 1660-я г. курс О. зраўняўся з коштам злотых (тымфаў), таму ў актавых крыніцах яны абазначалі адну і тую ж грашовую адзінку. На тэр. Беларусі ў 17—18 ст. абарачаліся польскія і прускія О.

т. 11, с. 449

О́РТА, Арта,

Хорта (Horta) Віктар (6.1.1861, г. Гент, Бельгія — 8.9.1947), бельгійскі архітэктар; адзін са стваральнікаў стылю мадэрн. Вучыўся ў АМ у Генце (з 1876) і Бруселі (з 1880). Праф. Свабоднага ун-та ў Бруселі (1892—1912), АМ у Антверпене (1919—27) і Бруселі (1912—31, у 1927—31 дырэктар). З 1915 працаваў у Вялікабрытаніі, у 1916—19 у ЗША. Для пабудоў О. (пераважна асабнякі) характэрны свабода планіроўкі, падабенства канструкцый да прыродных форм, пластычнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, шырокае выкарыстанне металу і шкла, выяўленне іх дэкар. магчымасцей, стыліст. адзінства ўсіх элементаў збудавання. У дэкоры інтэр’ераў і фасадаў багата выкарыстоўваў расл. арнамент, увёў у стылістыку мадэрну гнуткую лінію — т. зв. ўдар О., ці ўдар бізуна. Сярод твораў: асабнякі Таселя (1892—93), Сольве (1895—1900), Нар. дом (1896—99) — усе ў Бруселі. У позняй творчасці перайшоў на пазіцыі неакласіцызму (Цэнтр. вакзал у Бруселі, 1953). Іл. гл. ад арт. Мадэрн.

т. 11, с. 449

ОРТА-, МЕТА-, ПАРА- ў хіміі,

прэфіксы, якімі карыстаюцца ў арган. хіміі для абазначэння становішча двух (аднолькавых ці розных) замяшчальнікаў адносна адзін аднаго ў бензольным кальцы. У орта-злучэннях замяшчальнікі знаходзяцца ў 1,2-, у мета у 1,3- і ў пара у 1,4-становішчах (адпаведныя скарачэнні: о-, м-, п-), напр., 1,2-дыметылбензол наз. орта-ксілол ці о-ксілол (гл. Ксілолы). Прыстаўкі «орта» і «мета» выкарыстоўваюць у неарган. хіміі ў трывіяльных назвах кіслародзмяшчальных кіслот з рознай колькасцю гідраксільных груп пры цэнтр. атаме (орта — найбольшая, мета — найменшая), напр., к-ты артафосфарная H3PO4 ці (HO)3PO і метафосфарная HPO3 ці HOPO2.

т. 11, с. 449

О́РУЭЛ (Orwell) Джордж [сапр. Блэр

(Віаіг) Эрык Артур; 25.1.1903, г. Матыхары, Індыя — 21.1.1950], англійскі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Ітанскі каледж (1921). У 1922—27 служыў у брыт. калан. войсках у Бірме. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі на баку рэспубліканцаў, у 2-ю сусв. вайну рэпарцёр брыт. газет і радыёстанцыі Бі-Бі-Сі. Друкаваўся з 1914. Жыццёвыя ўражанні ў аснове рэаліст., сац.-крытычных раманаў «Дні ў Бірме» (1934),

«Няхай Аспідыстра ляціць» (1936), «Дарога да прыстані ва Уігане» (1937), «За глытком свежага паветра» (1939), дакумент. нататак «Валацужнае жыццё ў Парыжы і Лондане» (1933), «З Каталоніяй у сэрцы» (1938). Сусв. вядомасць прынеслі творы ў жанры антыутопіі — аповесць «Ферма» (1945) і раман «1984» (1949), у якіх у традыцыях Дж.Свіфта створаны бязлітасна-праўдзівы маст. вобраз таталітарнай дзяржавы. Аўтар зб-каў эсэ і публіцыстыкі. На бел. мову яго асобныя творы пераклаў С.Шупа.

Тв.:

Бел. пер. — Ферма;

1984. Мн., 1992;

Рус. пер. — «1984» и эссе разных лет: Роман и худож. публицистика. М., 1989;

Проза отчаяния и надежды. Л., 1990.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 11, с. 450

О́РУ-ПРЭ́ТУ, Оўру-Прэту (Ouro Prêto),

горад на ПдУ Бразіліі, у штаце Мінас-Жэрайс. Засн. ў 1711 пад назвай Віла-Рыка як цэнтр здабычы золата, у 1724—1897 адм. ц. Мінас-Жэрайса. Каля 50 тыс. ж. (1999). Трансп. вузел. Цэнтр здабычы баксітаў, жал. і марганцавых руд. Выплаўка алюмінію, баваўняная і гарбарна-абутковая прам-сць.

Тэатр (адзін са старэйшых у краіне). Ун-т. Музей Школы горнай справы і металургіі. Горад-помнік з 1933, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Арх. помнікі 18 ст. (браз. барока), Цэнтр турызму.

т. 11, с. 449