Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛАЗА́НКІ,

у беларусаў даўняя мучная страва. Крута замешанае цеста з пшанічнай, жытняй або грэцкай мукі тонка раскачвалі, рэзалі на кавалкі (квадраты, трохвугольнікі), варылі, адцэджвалі, залівалі салам, алеем з цыбуляй ці смятанай, у пост — цёртым макам, тоўчаным семем, размятымі ягадамі. Шырока вядомы ў Браслаўскім р-не Віцебскай, Мядзельскім р-не Мінскай, Ваўкавыскім р-не Гродзенскай абласцей, часткова на Магілёўшчыне, Цэнтр. і Усх. Палессі. У некаторых раёнах зах. і цэнтр. частках Беларусі, на Магілёўшчыне Л. пяклі з пшанічнай мукі («праснаком») у форме «кантовых» кавалачкаў (іх называлі ламанцамі). Елі з цёртым макам, семем, звычайна на посную куццю.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 98

ЛАЗА́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922—23.

Адбылася 20.11.1922—24.7.1923 у г. Лазана (Швейцарыя). Склікана па ініцыятыве Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22, удзельнічалі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Грэцыі, Румыніі, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, Японіі, Турцыі, ЗША (апошнія прадстаўляў назіральнік). Быў падпісаны Лазанскі мірны дагавор 1923, прынята канвенцыя аб чарнаморскіх пралівах (у абмеркаванні ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі СССР і Балгарыі), якая прадугледжвала дэмілітарызацыю праліваў, дапускала праход праз Басфор і Дарданелы гандл. і ваен. (з некаторымі абмежаваннямі) суднаў любой краіны. Канвенцыя не была ратыфікавана ў СССР, яна перагледжана на Мантро канферэнцыі 1936. Астатнія 15 дакументаў, падпісаных на канферэнцыі, тычыліся больш прыватных пытанняў, у т. л. вяртання палонных, узаемнага абмену грэч. і тур. насельніцтва.

т. 9, с. 98

ЛАЗА́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1923 Падпісаны 24.7.1923 на заключным пасяджэнні Лазанскай канферэнцыі 1922—23 прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Японіі, Грэцыі, Румыніі, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з аднаго боку, і Турцыі — з другога. Замяніў Сеўрскі мірны дагавор 1920. Устанавіў сучасныя межы Турцыі (акрамя яе мяжы з Іракам з-за спрэчкі вакол тэрыторыі, прылеглай да г. Масул), адмяніў рэжым капітуляцый, эканам. і паліт. Прывілеі іншаземцаў у краіне, міжнар. фінансавы кантроль над Турцыяй. Замацаваў вынікі Кемалісцкай рэвалюцыі ў Турцыі і грэка-турэцкай вайны 1919—22. Не быў ратыфікаваны Каралеўствам сербаў, харватаў і славенцаў.

т. 9, с. 98

ЛА́ЗАРАВА МО́РА,

ускраіннае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Усх. Антарктыды, паміж 0° і 14° усх. д. Пл. 929 тыс. км². Глыбіні пераважна больш за 3000 м, найб. глыб. больш за 4500 м. Берагі ўтвораны стромкімі ледзянымі абрывамі шэльфавых ледавікоў. Большую частку года ўкрыта дрэйфуючымі крыгамі, шмат айсбергаў. У канцы лета і восенню дрэйфуючыя крыгі захоўваюцца толькі каля ўзбярэжжа. Л.м. вылучана ўдзельнікамі сав. антарктычнай экспедыцыі ў 1962 і названа ў гонар М.П.Лазарава.

т. 9, с. 98

ЛА́ЗАРАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 3.1.1938, С.-Пецярбург),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў школу-студыю МХАТа (1959), працуе ў т-ры імя Маякоўскага (Масква). Творчасць адметная майстэрствам псіхал. і сац. абмалёўкі персанажа. У рэпертуары драм., камедыйныя, вострахарактарныя ролі: Звяздзінскі («Плады асветы» Л.​Талстога), Хлудаў («Бег» М.​Булгакава), Ясон («Медэя» Эўрыпіда), Георгій Абашвілі, Давід («Каўказскі ’мелавы круг» Б.​Брэхта), Віктар («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Жорж Піту («Смех лангусты» Дж.​Марэла). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Яшчэ раз пра каханне», «Праз церні да зорак», «Кветкі запозненыя», «Казка, расказаная ноччу», «Дзямідавы», «Вар’яцкі дзень інжынера Баркасава» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1977.

т. 9, с. 98

ЛА́ЗАРАЎ (Васіль Рыгоравіч) (23.2.1928, с. Парошына Кытманаўскага р-на Алтайскага краю, Расія — 31.12.1990),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1973), лётчык-касманаўт СССР (1973), палкоўнік. Скончыў Саратаўскі мед. ін-т (1952), Чугуеўскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1954). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 27—29.9.1973 з А.Р.Макаравым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-12» (як камандзір); 5.4.1975 з Макаравым — субарбітальны палёт на касм. караблі «Саюз 18-1». У космасе правёў 2 сут.

т. 9, с. 98

ЛА́ЗАРАЎ (Віктар Мікітавіч) (3.9.1897, Масква — 1.2.1976),

расійскі мастацтвазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1943). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1917—20), з 1924 выкладаў у ім, прафесар. У 1924—36 працаваў у Музеі выяўл. мастацтваў у Маскве. Даследаваў еўрап. музеі, гісторыю стараж.-рус., візант. і рэнесансавага мастацтва.

Тв.:

Портрет в европейском искусстве XVII в. М.; Л., 1937;

Происхожденис итальянского Возрождения. Т. 1—3. М., 1956—79;

Андрей Рублев и его школа. М., 1966;

Русская средневековая живопись: [Сб. ст.]. М., 1970;

Старые итальянские мастера. М., 1972;

История византийской живописи. [Кн. 1—2], 2 изд. М.,1986.

т. 9, с. 98

ЛА́ЗАРАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (25.8. 1905, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 16.1.1980),

бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1954). На оперную сцэну прыйшоў з маст. самадзейнасці. У 1937—61 (з перапынкам) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Прыроджаная музыкальнасць і артыстызм дазвалялі яму выконваць разнапланавыя партыі: Міхась, Сяргей («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.​Цікоцкага), Нупрэй («Яснае світанне» А.​Туранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Герман, Андрэй, Вакула («Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.​Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Стэфан («Страшны двор» С.​Манюшкі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 98

ЛА́ЗАРАЎ (Міхаіл Васілевіч) (н. 14.7.1946, г. Сімферопаль, Украіна),

вучоны ў галіне ваен. навук. Ген.-лейт. (1994). Канд. ваен. н. (1996). Скончыў Казанскае танк. вучылішча (1966), Ваен. акадэмію бранятанк. войск (1978; Масква). З 1999 начальнік Ваен. акадэміі Беларусі. Навук. працы па праблемах удасканалення і павышэння ўстойлівасці кіравання злучэннямі і часцямі ў армейскіх (карпусных) аперацыях.

З.​А.​Валевач.

т. 9, с. 98

ЛА́ЗАРАЎ (Міхаіл Пятровіч) (14.11.1788, г. Уладзімір, Расія — 23.4.1851),

рускі мараплавец, даследчык Антарктыкі. Адмірал (1843). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1803). Ажыццявіў тры кругасветныя плаванні: у 1813—16 на судне «Сувораў» (адкрыў атол Сувораў); у 1819—21 камандзірам шлюпа «Мірны» і памочнікам нач. экспедыцыі Ф.Ф.Белінсгаўзена (удзельнічаў у адкрыцці Антарктыды і шматлікіх астравоў); у 1822—25 камандзірам фрэгата «Крэйсер». Камандзір лінкора «Азоў», які вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827. У 1833—50 гал. камандзір Чарнаморскага флоту і партоў Чорнага мора. Імем Л. названы: атол у групе а-воў Расіян у Ціхім ак., мысы ў Амурскім лімане і ў паўн. частцы в-ва Унімак, востраў у Аральскім м., мора каля берагоў Усх. Антарктыды і інш.

М.П.Лазараў.

т. 9, с. 99