Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖАЎТУ́ХА,

жаўтушная афарбоўка склер, скуры, слізістых абалонак; сіндром захворванняў з парушэннем білірубінавага абмену. Назіраецца пры хваробах печані (гл. Гепатыт інфекцыйны), жоўцевых шляхоў (гл. Жоўцекамянёвая хвароба і інш. механічныя Ж.), крыві (гл. Гемалітычная хвароба нованароджаных і інш. гемалітычныя Ж.), пры некат. фізіял. станах, ад павышанага назапашвання ў крыві і ў тканках жоўцевага пігменту — білірубіну. Жаўтуха нованароджаных — жаўтушная афарбоўка скуры і слізістых абалонак у дзяцей да 4—5 тыдняў жыцця. Бывае ад парушэння звязвання білірубіну (фізіял. Ж.н.), ад узмоцненага распаду — гемолізу эрытрацытаў (гемалітычная хвароба нованароджаных), ад мех. затрымкі жоўці (прыроджанае недаразвіццё ці набытае звужэнне жоўцевывадных шляхоў), ад пашкоджання тканак печані. Лячэнне: выдаленне білірубіну з арганізма.

А.Л.Лстапаў.

т. 6, с. 428

ЖАЎТУ́ХА РАСЛІ́Н,

хваробы, якія выклікаюцца пераважна мікаплазмападобнымі арганізмамі і вірусамі. Пашкоджвае бульбу, канюшыну, цыбулю, моркву, дэкар. культуры і інш. Пашырана ўсюды. Хворыя расліны характарызуюцца карлікавасцю, хларозам і пажаўценнем лісця, шматлікімі бакавымі парасткамі, якія прыціснуты да гал. сцябла; у кветках падоўжаныя чашалісцікі з пазелянелымі дэфармаванымі венчыкамі, завязь прарастае ў лісцікі. Рэзерватары віруса — пустазелле (дзьмухавец, асот палявы, шчаўе, рамонкі, трыпутнік і інш.). Узбуджальнік перадаецца насякомымі-пераносчыкамі (пераважна цыкадамі і тлямі). Пра меры барацьбы гл. ў арт. Вірусныя хваробы раслін.

т. 6, с. 429

ЖАЎТУ́ШКІ (Colias),

род дзённых матылёў сям. бялянак. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Жывуць пераважна ў высакагор’ях і ў арктычнай зоне. Некат. трапляюцца на раўнінах: у стэпах, на балотах, лугах, у лясах і інш. На Беларусі 4 віды Ж.: малая, ці лугавая (C. hyale), шафранавая (C. croceus), зяноўцавая (C. myrmidone), тарфянікавая (C. palaeno; занесена ў Чырв. кнігу).

Крылы (размах да 6 см) чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зеленаватыя, часта з чорным абадком на вонкавым краі. Ніз задніх крылаў жоўты. Выразны палавы дымарфізм або полімарфізм: крылы ў самак святлейшыя, чым у самцоў (звычайна зеленаватыя або белыя). Вусікі кароткія, з прытупленай булавой. Вусені развіваюцца пераважна на бабовых раслінах.

Жаўтушкі: 1 — шафранавая; 2 — лугавая; 3 — тарфянікавая (а — самец; б — самка).

т. 6, с. 429

ЖАЎТУ́ШНІК (Erysimum). род кветкавых раслін сям. капуставых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Афрыкі. пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 5 відаў: Ж. выгрызены (E. repandum), лакфіёлевы (E. cheiranthoides), раскідзісты (E. diffusum), цвёрды (E. durum) і ястрабковалісты (E. hieracifolium). Растуць на лугах. травяных схілах, у ярах, як пустазелле на палях і агародах, таксама як занесеныя каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае, пераважна падоўжана-ланцэтнае. Кветкі дробныя, жоўтыя. рэдка ліловыя або белыя, у густых гронках. Плод — стручок. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Некаторыя віды ядавітыя.

Г.У.Вынаеў.

Жаўтушнік раскідзісты.

т. 6, с. 429

ЖАЎЦЯГО́ННЫЯ СРО́ДКІ,

рэчывы, якія стымулююць утварэнне жоўці або павялічваюць выдзяленне яе ў дванаццаціперсную кішку.

Падзяляюць на 3 групы: прэпараты, у якіх ёсць жоўць і жоўцевыя к-ты (алахол, дыгідрахолевая к-та, халензім і інш.), сінт. рэчывы (оксафенамід, нікадзін і інш.), лек. настоі, экстракты, канцэнтраты, якія атрымліваюць з кветак бяссмертніку пясчанага, рыльцаў кукурузы, вял. падтынніку, амурскага барбарысу і інш. Ж.с. ўжываюць пры хваробах печані, жоўцевага пузыра і жоўцевывадных шляхоў (гепатыт, халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба, халангіт і інш.).

т. 6, с. 429

ЖАХО́ЎСКІ (Цыпрыян) (Кіпрыян, каля 1635, Полацкае ваяв.кастр. 1693),

уніяцкі царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Д-р тэалогіі. Вучыўся ў Грэчаскім калегіуме ў Рыме (1658—64). Архімандрыт шэрагу манастыроў, у 1671—74 каад’ютар (памочнік-намеснік) пры мітрапаліце Г.Календзе. Мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі (1674—93), адначасова архіепіскап полацкі. Для пашырэння уніі выкарыстоўваў адм. сродкі. Удзельнік склікання ў 1680 у Любліне з’езда уніятаў і праваслаўных, які апісаў у кнізе «Люблінскі калёквіум...» (Замосце, 1680, на польскай мове). Імкнуўся абмежаваць у царкве ўплыў базыльян, што выклікала з імі канфлікт. У пач. 1690-х г. заснаваў Супрасльскую друкарню. Ахвяраваў сродкі на рамонт храмаў у Вільні, Навагрудку, Полацку.

С.В.Казуля.

т. 6, с. 429

ЖА́ЦЕРАЎКА, Зацяржуўка,

рака ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. і Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 91 км². Пачынаецца каля в. Азёрскае Карэліцкага р-на, на ўсім працягу каналізаваная. Створана сажалка.

т. 6, с. 429

ЖАШУ́Й, Эдзін-Гол (у вярхоўі — Хэйхэ),

рака на Пн Кітая. Даўж. каля 900 км. Вытокі ў ледавіках хрыбтоў Ціляньшань і Таалайшань (горы Наньшань), цячэ праз пустыні Алашань і Гобі, упадае некалькімі рукавамі (гал. — Марын-Гол, Іх-Гол) у азёры Гашун-Нур і Саго-Нур. Летняя паводка. Выкарыстоўваецца на арашэнне.

т. 6, с. 429