Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛІ́ТЫЙ (лац. Lithium),

Li, хімічны элемент I гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 3, ат. м. 6,941, адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​6Li (7,52%) і ​7Li (92,48%). У зямной кары 6,510​−3 % па масе (гл. Літыевыя руды). Адкрыты ў 1817 швед. хімікам А.​Арфведсанам у мінерале петаліце; назва ад грэч. lithos — камень. Л. метал. атрыманы ў 1818 англ. хімікам Г.​Дэві.

Мяккі і пластычны серабрыста-беды метал, tпл 180,54 ​С, шчыльн. 533 кг/м³ (самы лёгкі метал). Узаемадзейнічае з вадой, бурна з разбаўленымі мінер. к-тамі (утварае солі; гл. Літыю злучэнні), з галагенамі (з ёдам пры награванні), кіслародам і азотам. У паветры хутка цьмянее з-за ўтварэння Л. нітрыду Li3N і аксіду Li2O. Пры награванні ўзаемадзейнічае з вадародам, вугляродам, серай і інш. неметаламі. З металамі ўтварае інтэрметаліды. Важнейшымі злучэннямі Л. з’яўляюцца літыйарганічныя злучэнні. Захоўваюць Л. у герметычных бляшанках пад слоем сумесі парафіну з мінер. маслам. Атрымліваюць электролізам расплаўленай сумесі хларыдаў Л. і калію (ці барыю). Выкарыстоўваюць у вытв-сці анодаў для хім. крыніц току, як кампанент сплаваў магнію і алюмінію, антыфрыкцыйных сплаваў (бабітаў), як каталізатар полімерызацыі; вадкі — у якасці цепланосьбіта ў ядз. рэактарах; ізатоп ​6Li — у вытв-сці трытыю. Пры кантакце выклікае апёкі вільготнай скуры і вачэй, пры пападанні ў арганізм — слабасць, санлівасць, галавакружэнне.

І.​В.​Боднар.

т. 9, с. 318

ЛІТЫЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

металаарганічныя злучэнні, якія маюць у малекуле атам літыю, непасрэдна злучаны з атамам вугляроду.

У асн. Л.з. — цвёрдыя рэчывы. Бутыллітый C4H9Li і аліфатычныя Л.з. з 7—12 атамамі вугляроду ў малекуле — вязкія вадкасці. Аліфатычныя Л.з. добра раствараюцца ў вуглевадародах (акрамя метыллітыю CH3Li) і эфірах, араматычныя — толькі ў эфірах. Л.з. лёгка акісляюцца (напр., CH3Li у паветры самазагараецца), бурна ўзаемадзейнічаюць з вадой, спіртамі, к-тамі, галагенамі. Паводле хім. уласцівасцей блізкія да рэактываў Грыньяра (гл. Грыньяра рэакцыя). Звычайна атрымліваюць узаемадзеяннем алкілбрамідаў ці алкілхларыдаў з метал. літыем у арган. растваральніку. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, у прам-сці — як каталізатары стэрэаспецыфічнай полімерызацыі (напр., пры атрыманні бутадыенавых і ізапрэнавых каўчукоў).

т. 9, с. 318

ЛІ́ТЫЮ ЗЛУЧЭННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць літый. Найб. пашыраныя — солі мінер. кіслот, бінарныя неарган. злучэнні і літыйарганічныя злучэнні.

Літыю аксід Li2O — асноўны тугаплаўкі аксід (tпл 1453 °C). Утвараецца пры награванні металу ў паветры. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. шкла (напр., з невялікім тэмпературным каэф. лінейнага расшырэння), палівы і эмалей (павышае іх хім. і тэрмічную ўстойлівасць). Літыю алюмагідрыд LiAlH4крышт. парашок, які бурна ўзаемадзейнічае з вадой, спіртамі і к-тамі з вылучэннем вадароду. Выкарыстоўваюць як селектыўны аднаўляльнік у арган. сінтэзе, асушальнік растваральнікаў, для атрымання гідрыдаў. Літыю гідраксід LiOH — моцная аснова (шчолач). Вельмі гіграскапічнае рэчыва. Выкарыстоўваюць як кампанент электралітаў у шчолачных акумулятарах, паглынальнік вуглякіслага газу ў процівагазах, падводных лодках, самалётах. LiOH і яго водныя растворы выклікаюць апёкі скуры і слізістых абалонак. Літыю гідрыд LiH раскладаецца вадой з утварэннем LiOH і вадароду. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем расплаву Li з вадародам пры 630—730 °C. Выкарыстоўваюць як крыніцу вадароду для напаўнення аэрастатаў, аднаўляльнік у арган. сінтэзе, для атрымання боравадародаў, літыйарган. злучэнняў, трытыю. Солі літыю (фтарыд LiF, карбанат Li2CO3, сульфат Li2SO4 і інш.) выкарыстоўваюць як кампаненты спец. шкла, тэрмаўстойлівай керамікі, палівы, эмалей, люмінафораў, лек. сродкаў.

т. 9, с. 319

«ЛІТЭРАТУ́РА ЛЮДО́ВА»

(«Literatura Ludowa», «Народная літаратура»),

навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс; орган Польскага этнагр. т-ва. Выходзіць на польск. мове 1 раз у 2 месяцы (у 1957—68 у Варшаве, з 1972 у Вроцлаве). Змяшчае навук. даследаванні па пытаннях фалькларыстыкі, этналогіі, культуры. Публікуе справаздачы навук. сходаў т-ва, міжнар. кангрэсаў славістаў, даследчыкаў антрапалагічных і этнагр. навук, вуснай нар. творчасці розных народаў, міжнар. фестываляў фальклору, працы замежных вучоных і інш. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы М.​Гайдука «Беларускія загадкі» (1960, № 2/3), Р.​Вайцяхоўскага «Песні беларускага народа ў зборы Федароўскага і польская народная песня», М.​Канапацкага «Элементы фальклору татар на польска-беларуска-літоўскім сумежжы» (абедзве 1963, №1), А.​Абрэмбскай-Яблонскай «Рэдакцыйная праца над рукапісамі Міхала Федароўскага» (1964, № 4/6), І.​Гутарава «Беларуская фалькларыстыка (1945—1965)» (1966, № 1), Я.​Саламевіча «Беларуская фалькларыстыка XIX і XX ст.» (1967, № 1/3), М.​Шаховіча «Народная загадка ва ўмовах польска-беларускага культурнага сумежжа» (1991, № 1/6), З.​Вуйціка «Філамацкі пераклад Карана для навагрудскіх татар» (1995, № 3) і інш. Друкуе рэцэнзіі на працы бел. і польска-бел даследчыкаў А.​Аксамітава, В.​Бандарчыка, М.​Чурак, Я.​Чачота, М.​Янкоўскага і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ. мове. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшаў 42 том (1998).

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 9, с. 319

ЛІЎР (франц. livre ад лац. libra фунт),

грашова-лікавая адзінка Францыі ў 9—18 ст. Падзяляўся на 20 су, або 240 дэнье. Як рэальная манета выпускаўся ў 1665 пры Людовіку XIV пад назвай «сярэбраны лі» і ў 1720 пры Людовіку XV. Пры Людовіку XVI выпушчаны залатыя манеты ў 24 Л. і сярэбраныя ў 3 і 6 Л. У выніку псавання манет кошт Л. паніжаўся. У 1795 на змену Л. прыйшоў франк.

6 ліўраў 1793; серабро, Францыя.

т. 9, с. 319

ЛІ́ЎШЫЦ (Гілер Маркавіч) (8.7.1909, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 27.6.1983),

бел. гісторык, філосаф. Д-р гіст. (1961) і філас. (1977) навук. Праф. (1962). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1934), выкладаў у ім. З восені 1941 у Кзыл-Ардзінскім пед. ін-це (Казахстан), з 1944 выкладаў у БДУ. Вывучаў сац.-эканам., паліт. становішча і ідэалогію стараж. свету (пераважна Іудзеі і Рыма) і сярэдневяковай Еўропы, ’пытанні навук. атэізму і гісторыі філасофіі. Адзін з буйнейшых даследчыкаў Мёртвага мора рукапісаў.

Тв.:

Классовая борьба в Иудее и восстания против Рима. Мн., 1957;

Кумранские рукописи и их историческое значение. Мн., 1959;

Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967;

Очерки историографии Библии и раннего христианства. Мн., 1970;

Свободомыслие и материалистическая философия в Западной Европе (вторая половина XVII в.). Мн.,1975;

Реформационное движение в Чехии и Германии. Мн., 1978;

Критика идеализма и религии в трудах Г.​В.​Плеханова. Мн., 1981.

Літ.:

Ботвинник М. Г.​М.​Лившиц: Историогр. очерк. Мн., 1994.

М.​Б.​Батвіннік.

т. 9, с. 319

ЛІ́ЎШЫЦ (Іосіф Барысавіч) (28.9.1936, Мінск — 28.10.1991),

бел. вучоны ў галіне эндакрыналогіі. Д-р мед. н. (1985), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1970 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1978 заг. аддзела). Навук. працы па эксперым. і клінічнай эндакрыналогіі.

Тв.:

Влияние острых нагрузок фуросемидом и хлористым натрием на уровень ряда гормонов в крови больных ишемической болезнью сердца // Кардиология. 1982. № 3;

Простагландины и атеросклероз (разам з А.​Г.​Мрочакам, Т.​Дз.​Цябут) // Патол. физиология и эксперимен. терапия. 1983. № 2.

т. 9, с. 319

ЛІ́ЎШЫЦ (Мордух Насонавіч) (17.4.1918, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 7.3.1997),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1941). З 1946 працаваў у праектных ін-тах Мінска (з 1969 гал. архітэктар ін-та «Белкамунпраект», у 1974—78 — ін-та «Белжылпраект»). Найб. значныя работы: у Мінску — планіроўка жылых кварталаў (1950-я г.) і жылыя дамы па вуліцах Я.​Коласа (1951), Чырвонай (1953) і Камуністычнай (1954, абодва ў сааўт.), праспекце Ф.​Скарыны (1956), 2-я чарга тэхнал. ін-та (1967), адм. карпусы Дзяржкамсельгастэхнікі і Мінпрамбуда, Мін-ва мантажных і спец. буд. работ (усе 1970), адм. будынкі на праспекце Ф.​Скарыны (1953) і па вул. Савецкай (1976; усіх кіраўнік аўтарскага калектыву), ін-т «Белжылпраект» (1981); праект рэканструкцыі гіст. цэнтра Гродна (1971, кіраўнік аўтарскага калектыву), серыі тыпавых праектаў жылых дамоў, гандл. збудаванняў і інш. грамадскіх будынкаў (усе 1957—69); планіроўка цэнтр. плошчы (1960) у Барысаве; помнік танкістам каля Дома афіцэраў у Мінску (1952) і інш.

А.​А.​Воінаў.

т. 9, с. 319

Ліўшыц Давыд Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 420

Ліўшыц Іосіф Майсеевіч

т. 18, кн. 1, с. 420