ГЛАГО́ЛЕЎ (Васіль Васілевіч) (4.3.1898, г. Калуга, Расія — 21.9.1947),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943), ген.-палк. (1944). У арміі з 1916. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на фронце, камандзір дывізіі, корпуса, камандуючы арміямі. Камандаваў 31-й арміяй, якая ў час Беларускай аперацыі 1944 прарвала абарону ворага пад Дуброўнам, удзельнічала ў вызваленні Оршы, Барысава, Мінска, Гродна. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.
т. 5, с. 281
ГЛАГО́ЛІЦА,
адна з дзвюх стараж. славянскіх азбук. Назва ад стараслав. «глаголь» — слова, маўленне. Глаголіца амаль супадае з кірыліцай алфавітным складам (40 літар), назвай, размяшчэннем і гукавым значэннем літар; адрознівалася формаю літар і складанасцю іх напісання. На думку некаторых вучоных, глаголіца створана ў 9 ст. асветнікам Кірылам (Канстанцінам) Філосафам. Бытавала на слав. землях паралельна з кірыліцай (у Харватыі, Далмацыі і Ілірыі да 18 ст.), зрэдку ўжывалася ў Кіеўскай Русі. Найстарэйшыя помнікі глагалічнага пісьма: надпіс 893 на надмагільнай пліце, знойдзенай у руінах Сімяонаўскай царквы ў Праславе (Балгарыя), Кіеўскія лісткі (10 ст.), Зографскае, Марыінскае, Асеманава евангеллі (10—11 ст.) і інш. Паступова глаголіца выцеснена на У і Пд кірыліцай, на З — лацінскім пісьмом.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Сказания о начале славянской письменности. М., 1981;
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.
М.Б.Батвіннік.
т. 5, с. 281
ГЛАДЗЬ,
від вышыўкі. Вядома са старажытнасці. Дасканаласцю вызначаліся гладзь стараж. Кітая («жывапіс іголкай»), еўрап. сюжэтная вышыўка эпохі Адраджэння. Пашырана ў нар. вышыўцы Украіны, Расіі і інш. На Беларусі як від нар. вышыўкі (гладзь лічаная, адвольная, 1- ці 2-баковая, прамая, касая і інш.) ужывалася для аздаблення кашуль, фартухоў, ручніковых галаўных убораў і інш. Паралельнымі шыўкамі чырвоных, белых, чорных і інш. нітак па лініі асновы, утку або па дыяганалі вышывалі арнамент з простых геам. фігур (разеткі, зоркі, крыжыкі, ромбы і інш.). З пач. 20 ст. пашыраецца паліхромная адвольная гладзь расліннага характару, якая ў 1950-я г. набыла папулярнасць, выцесніўшы традыц. лічаную гладзь геам. характару. Цяпер нар. вышывальшчыцы (пераважна на Палессі) і на прадпрыемствах маст. вырабаў ёю упрыгожваюць ручнікі, парцьеры, абрусы, пасцельную бялізну, дэталі жан. адзення і інш.
Я.М.Сахута.
т. 5, с. 281
ГЛАДКЕ́ВІЧ (Уладзімір Васілевіч) (н. 15.11.1954, г. Жодзіна Мінскай вобл.),
бел. графік і жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1975), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1986). З 1987 выкладчык Бел. АМ (з 1997 дацэнт). Аўтар станковых графічных твораў: серыі «Хворыя воблакі» (1989), «Вяртанне Францыска Скарыны» (1990), «Стварэнне свету» (1992), «Вузлы і дрэвы» (1995) і інш. Аформіў і праілюстраваў паэму «Тарас на Парнасе» (1992), зб. «Легенды і казкі польскіх і беларускіх паэтаў» (1992), кн. «Зіма з летам сустракаецца» (1995). Сярод жывапісных твораў: «Затопленыя вёскі» і «Малітва» (усе 1994—95), трыпціх «Метамарфозы» (1996) і інш. Валодае разнастайнай сімволіка-алегарычнай выяўл. мовай, у творах — імкненне да апалітычнасці і маст. абагульнення.
С.Ф.Салавей Л.Ф.Салавей.
т. 5, с. 282
ГЛАДКО́Ў (Генадзь Ігаравіч) (н. 18.2.1935, Масква),
рускі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1964). Працуе пераважна ў муз.-сцэн. жанрах. Аўтар оперы «Старэйшы сын» (паст. 1984), балетаў «Вій» (1984), «12 крэслаў» (1985), аперэты «Тры Іваны», мюзіклаў «Брэменскія музыканты» (1968), «Тэмп—1929» (1971), «Дульсінея Табоская» (1972), «Тыль» (1974). Сярод інш. твораў: араторыя; кантаты; сімфанічныя, харавыя творы; музыка для дзяцей, да кіна- і мультфільмаў (больш за 100), драм. спектакляў (больш за 30). Яркі меладыст, у папулярных жанрах арыентуецца на класічныя традыцыі.
Літ.:
Федосова Э. Геннадий Гладков // Композиторы Москвы. М., 1980. Вып. 2.
т. 5, с. 282
ГЛАДКО́Ў (Фёдар Васілевіч) (21.6.1883, в. Чарнаўка Пензенскай вобл., Расія — 20.12.1958),
рускі пісьменнік. Друкавацца пачаў у 1900. За ўдзел у рэв. руху ў 1907 — 10 быў у ссылцы. Аўтар аповесцей «Удар» (1909), «Ізгоі» («У выгнанні», 1909, апубл. 1922), «Новая зямля» (1930); раманаў «Цэмент» (1925, новая рэд. 1930, перапр. 1944) — пра аднаўленне прамысловасці пасля грамадз. вайны, «Энергія» (1932—38, новая рэд. 1947) — пра буд-ва Днепрагэса, цыкла аўтабіягр. твораў: «Аповесць пра дзяцінства» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Вольніца» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Ліхалецце» (1954), «Мяцежнае юнацтва» (1956, не скончаны). Творы Гладкова на бел. мову перакладалі М.Зарэцкі, Я.Скрыган, А.Гурло, А.Дудар, Я.Шарахоўскі. У бел. перакладах выйшлі яго кнігі «Галаваногі чалавек», «Цэмент» (абедзве 1930), «Новая зямля» (1932), «Энергія» (1935), «Аповесць пра дзяцінства» (1952).
Тв.:
Собр. Соч. Т. 1—5. М., 1983—85.
Літ.:
Пухов Ю.С. Федор Гладков: Очерк творчества. М., 1983.
т. 5, с. 282
ГЛАДКО́Ў (Яўген Пятровіч) (н. 10.10.1941, в. Іванькава Пермскай вобл., Расія),
бел. цымбаліст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968, клас І.Жыновіча), з 1966 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1980 заг. кафедры, праф. з 1987). Выступае з сольнымі канцэртамі. У рэпертуары творы класічнай і сучаснай айч. і зарубежнай музыкі (яму належаць многія пералажэнні і выканальніцкія рэдакцыі). Першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў (Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дарохіна, С.Картэса, Э.Тырманд, К.Цесакова і інш.). Манера ігры адметная тэхн. свабодай, тэмпераментам, выяўляе тонкае адчуванне бел. нар. меласу. Аўтар «Школы ігры на цымбалах» (1983), метадычных дапаможнікаў, складальнік і рэдактар зборнікаў цымбальных твораў бел. кампазітараў. Чл. прэзідыума Сусв. асацыяцыі цымбалістаў (1995).
І.І.Зубрыч.
т. 5, с. 282