ГЛАДЗЬ,
від вышыўкі. Вядома са старажытнасці. Дасканаласцю вызначаліся гладзь стараж. Кітая («жывапіс іголкай»), еўрап. сюжэтная вышыўка эпохі Адраджэння. Пашырана ў нар. вышыўцы Украіны, Расіі і інш. На Беларусі як від нар. вышыўкі (гладзь лічаная, адвольная, 1- ці 2-баковая, прамая, касая і інш.) ужывалася для аздаблення кашуль, фартухоў, ручніковых галаўных убораў і інш. Паралельнымі шыўкамі чырвоных, белых, чорных і інш. нітак па лініі асновы, утку або па дыяганалі вышывалі арнамент з простых геам. фігур (разеткі, зоркі, крыжыкі, ромбы і інш.). З пач. 20 ст. пашыраецца паліхромная адвольная гладзь расліннага характару, якая ў 1950-я г. набыла папулярнасць, выцесніўшы традыц. лічаную гладзь геам. характару. Цяпер нар. вышывальшчыцы (пераважна на Палессі) і на прадпрыемствах маст. вырабаў ёю упрыгожваюць ручнікі, парцьеры, абрусы, пасцельную бялізну, дэталі жан. адзення і інш.
Я.М.Сахута.
т. 5, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)