Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гладкоў Леў Львовіч

т. 18, кн. 1, с. 372

ГЛА́ДСТАН ((Gladstone) Уільям Юарт) (29.12.1809, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 19.5.1898),

брытанскі дзярж. дзеяч. У 1832 выбраны ў парламент ад партыі торы. Быў міністрам гандлю (1843—45), калоній (1845—47), фінансаў (1952—55, 1859—66). З 1867 лідэр Ліберальнай партыі. У 1868—74 прэм’ер-міністр. Яго ўрад рэфармаваў пач. адукацыю, легалізаваў прафсаюзы, увёў тайнае галасаванне на выбарах. З 1874 узначальваў апазіцыю. У 1880—85 на чале ўрада, які ў 1882 паслаў англ. войскі для захопу Егіпта, жорстка падаўляў нац.-вызв. рух у Ірландыі. Разгром брыт. войск у Судане і ўскладненні ў Ірландыі прывялі да падзення яго ўрада. У 1886 і ў 1892—94 зноў узначальваў урад.

т. 5, с. 282

ГЛАДУ́Н,

грыжная трава (Herniaria), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Зах. Азіі, пераважна ў Міжземнамор’і. У Беларусі ўсюды трапляецца гладун гладкі (H. glabra) і зрэдку, пераважна ў паўд. раёнах, гладун мнагашлюбны (H. polygama). Растуць на сухіх грунтавых, пераважна пясчаных агаленнях, на пустках, папарах, каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з кароткім галінастым распасцёртым сцяблом даўж. 5—20 см, прыціснутым да зямлі накшталт разеткі. Лісце прадаўгавата-эліптычнае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, двух- ці аднаполыя, жаўтавата-зялёныя або белыя ў пазухах верхняга лісця. Плод — шарападобны аднанасенны арэшак. Лек. (мачагонны і вяжучы сродак), дэкар., кармавыя і інсектыцыдныя расліны. Маюць пахучае рэчыва кумарын, сапаніны. Ядавітыя.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 282

ГЛАДЫЁЛУС,

шпажнік (Gladiolus), род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Паўн. Афрыцы, Еўропе, Усх. Азіі. У Беларусі ўсюды зрэдку трапляецца гладыёлус чарапіцавы (G. imbricatus) і вельмі рэдка (у Белавежскай пушчы, наваколлях гарадоў Магілёў і Рагачоў) гладыёлус балотны (G. palustris). Растуць на вільготных лугах, лясных палянах, каля балот, у хмызняках. Гладыёлус чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, гладыёлус балотны лічыцца зніклым. У калекцыі Цэнтр. бат. саду Нац. АН Беларусі больш за 600 сартоў гладыёлуса гібрыднага (G. hybridus). У сусв. селекцыі — больш за 10 тыс. сартоў.

Шматгадовыя клубнецыбульныя прыгожаквітучыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. 20—220 см. Клубнецыбуліна круглаватая або пляскатая, з 2—3 плевачнымі ці валакністымі абалонкамі, якія штогод аднаўляюцца. Лісце лінейна-мечападобнае, зялёнае або блакітна-зялёнае. Кветкі лейкападобныя, разнастайнай афарбоўкі, у некат. відаў пахучыя, сабраныя па некалькі (ад 2—5 да 40) у адна- ці двухбаковае коласападобнае суквецце. Плод — 3-створкавая шматнасенная каробачка. Размнажаюцца вегетатыўна (клубнецыбулінамі і «дзеткамі») і насеннем. Выкарыстоўваюць на зразанне, нізкарослыя — для бардзюраў і груп.

Г.У.Вынаеу.

т. 5, с. 283

ГЛА́ДЫШ,

тое, што гарлач.

т. 5, с. 283

ГЛАДЫ́Ш (Laserpitium),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. У Беларусі зрэдку трапляюцца гладыш прускі (L. prutenicum) і шыракалісты (L. latifolia). Растуць у шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах, хмызняках, на высечках.

Шмат-, радзей двухгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным коранем і галінастым сцяблом выш. да 150 см. Лісце доўгачаранковае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя ці жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з крылатымі рэбрамі. Лек. расліны (настойку кораня выкарыстоўваюць пры хваробах страўніка, печані, жаночых захворваннях, як мачагоннае), маюць эфірны алей гераніёл, які ўжываецца ў парфумернай і харч. прам-сці, у касметыцы.

Г.У.Вынаеу.

т. 5, с. 283

ГЛА́ДЫШАЎ (Міхаіл Ціханавіч) (н. 10.1.1938, с. Стара-Сяславіна Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне гідрадынамікі. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1994). Скончыў Маскоўскі ун-т (1960). З 1974 у Новасібірскім ун-це, з 1988 у Бел. ун-це транспарту (г. Гомель). Навук. працы па механіцы вадкасцей і матэм. мадэліраванні адкрытых і напорных патокаў. Распрацаваў тэарэт. асновы нелінейнай выліч. гідраўлікі.

Тв.:

Численное моделирование неустановившихся течений в открытых руслах // Водные ресурсы. 1981. № 3.

т. 5, с. 283

ГЛАДЫШЫ́,

1) Notonectidae, сям. вадзяных клапоў. Каля 200 відаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых вадаёмах. На Беларусі распаўсюджаны гладыш звычайны (Notonecta glauca), радзей трапляецца гладыш жоўты (N. lutea), занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. 7,5—18 мм. Цела пукатае зверху, плоскае знізу. Хабаток моцны, востры. Заднія ногі з плавальнымі шчацінкамі, падобныя да вёслаў. Плаваюць спінай уніз. Добра лётаюць. Яйцы адкладваюць у тканкі водных раслін. Драпежнікі: кормяцца дробнымі воднымі насякомымі, маляўкамі рыб.

2) Phalacridae, сям. жукоў падатр. разнаедных. Больш за 300 відаў. Большасць жыве ў суквеццях складанакветных раслін, некаторыя — на ржаўных грыбах, у якіх развіваюцца.

т. 5, с. 283

ГЛАДЫЯ́ТАРЫ (лац. gladiatores ад gladius меч),

у старажытна-рым. дзяржаве рабы, ваеннапалонныя і інш., якія ў смяротных паядынках біліся паміж сабой або з дзікімі звярамі на арэне амфітэатра. Навучаліся ў спец. школах, якія існавалі ў Рыме, Пампеях, Капуі (у апошняй у 74 да н.э. пачалося паўстанне рабоў пад кіраўніцтвам Спартака) і інш. месцах. Першыя баі гладыятараў арганізаваны ў Рыме ў 264 да н.э. (пераняты ад стараж. плямён этрускаў). Да 1 ст. да н.э. баі былі змененай формай рытуальнага забойства рабоў (з 3 ст. да н.э. суправаджалі пахаванні знатных асоб), потым сталі забавай натоўпу, ладзіліся прыватнымі асобамі або дзяржавай з мэтай набыць папулярнасць сярод гараджан. У 65 да н.э. Гай Юлій Цэзар арганізаваў бой 320 пар гладыятараў. Баі гладыятараў практыкаваліся да пач. 5 ст. н.э.

Літ.:

Хёфлинг Г. Римляне, рабы, гладиаторы: Спартак у ворот Рима: Пер. с нем. М., 1992.

т. 5, с. 283

ГЛАДЭ́НКА (Уладзімір Кузьміч) (н. 12.11.1922, с. Каршачына Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне конегадоўлі. Д-р с.-г. н. (1979), праф. (1990). Скончыў БСГА (1951), дзе і працаваў да 1986, потым у Маскоўскай дзярж. акадэміі вет. медыцыны і біятэхналогіі імя К.І.Скрабіна. Навук. працы па даследаванні эвалюцыі, гісторыі, гасп.-біял. асаблівасці абарыгенных коней, распрацоўцы эфектыўных метадаў селекцыі і выкарыстання, захавання генафонду коней.

Тв.:

Белорусская лошадь. Мн., 1976;

Коневодство Белоруссии. Мн., 1985.

т. 5, с. 284