ГЛАДКО́Ў Яўген Пятровіч
(н. 10.10.1941, в. Іванькава Пермскай вобл., Расія),
бел. цымбаліст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968, клас І.Жыновіча), з 1966 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1980 заг. кафедры, праф. з 1987). Выступае з сольнымі канцэртамі. У рэпертуары творы класічнай і сучаснай айч. і зарубежнай музыкі (яму належаць многія пералажэнні і выканальніцкія рэдакцыі). Першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў (Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дарохіна, С.Картэса, Э.Тырманд, К.Цесакова і інш.). Манера ігры адметная тэхн. свабодай, тэмпераментам, выяўляе тонкае адчуванне бел. нар. меласу. Аўтар «Школы ігры на цымбалах» (1983), метадычных дапаможнікаў, складальнік і рэдактар зборнікаў цымбальных твораў бел. кампазітараў. Чл. прэзідыума Сусв. асацыяцыі цымбалістаў (1995). І.І.Зубрыч.
т. 5, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)