Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАНТАБРЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (Cordillera Cantabrica),

горы на Пн Іспаніі, уздоўж паўд. ўзбярэжжа Біскайскага зал. Атлантычнага ак. Даўж. 500 км. Выш. да 2613 м. Паўн. схілы стромкія, расчлянёныя далінамі рэк і цяснінамі, паўд. — пакатыя. Найб. высокая зах. ч. (каля 2000 м) складзена з палеазойскіх кварцытаў, мармуру, вапнякоў; усх. ч. (Баскскія горы) больш нізкая, (1000—1500 м) складзена з мезазойскіх вапнякоў і інш. Вельмі пашыраны карст. Радовішчы жал. і поліметал. руд, каменнага вугалю. Клімат вільготны. Ападкаў больш за 1000 мм за год. Густая сетка рэк. На паўн. схілах лясы з дубу, буку, каштану, хвоі, на паўд. — ксерафітавыя хмызнякі і альпійскія лугі. Нац. парк Кавадонга, рэзерват Саха.

т. 7, с. 602

КАНТА́БРЫЯ (Cantabria),

аўтаномная вобласць і адм. правінцыя на Пн Іспаніі, на ўзбярэжжы Біскайскага зал. Пл. 5,3 тыс. км². Нас. 524 тыс. чал. (199. Адм. ц., прамысл. і трансп. вузел — г. Сантандэр. Большую ч. тэр. займаюць Кантабрыйскія горы. Важны прамысл. раён. Здабыча поліметал. і жал. руд. Выплаўка чыгуну і сталі. Металург., судна- і самалётабуд., электратэхн., хім., тэкст., харчасмакавая (пераважна рыбакансервавая, тытунёвая) прам-сць. Мяса-малочная жывёлагадоўля. У пасевах пераважае кукуруза і бабовыя. Гал. тэхн. культура — тытунь. Развіта агародніцтва і садоўніцтва. Рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 7, с. 602

КАНТАДЖЭ́Н (ад лац. kontego укрываць),

1) хаатычная канцэнтрацыя ці групоўка арганізмаў, што склалася ў выніку стыхійнага працэсу паводле масавага высялення жывёл у неўласцівыя для іх мясцовасці (напр., пры высяленнях у час стыхійных бедстваў або пад уплывам антрапагенных фактараў).

2) Метад вывучэння распаўсюджанасці віду, заснаваны на атрыманні проб па квадратах і складанні рада градацый шчыльнасці відавога насельніцтва.

т. 7, с. 602

«КАНТАДО́РСКАЯ ГРУ́ПА»,

міжнародная пасрэдніцкая група ў Лац. Амерыцы ў 1980-я г. Створана ў студз. 1983 у час нарады прадстаўнікоў Мексікі, Венесуэлы, Панамы і Калумбіі на панамскім в-ве Кантадора (адсюль назва) з мэтай садзейнічаць мірнаму паліт. ўрэгуляванню крызісу ў Цэнтр. Амерыцы (ваен. канфлікты ў Нікарагуа, Сальвадоры і інш.). У ліп. 1983 прэзідэнты краін групы падпісалі Канкунскую дэкларацыю, у якой прапанаваны ў якасці перадумоў мірнага ўрэгулявання вывад замежных ваен. саветнікаў, забарона выкарыстання тэрыторыі адных краін для ваен. і паліт. акцый супраць іншых, спыненне паставак зброі і інш. У 1984 распрацаваны праект «Акта міру і супрацоўніцтва ў Цэнтр. Амерыцы». У 1985 створана т. зв. група лац.-амер. падтрымкі К.г. (Аргенціна, Бразілія, Перу, Уругвай). Аднак матэрыяльная падтрымка нікарагуанскай узбр. апазіцыі з боку ЗША падрывала намаганні К.г., якая пасля 1987 фактычна спыніла дзейнасць.

т. 7, с. 602

КАНТАКАРЭ́НТ (ад італьян. conto рахунак + corrente бягучы),

кантакарэнтны рахунак, адзіны бягучы і пазыковы рахунак, які адкрываецца банкам кліенту для захоўвання сродкаў і ажыццяўлення разлікаў. Па К. праходзяць пазыкі, што банк дае кліенту, і сродкі, якія паступаюць у банк ад кліентаў у выглядзе ўкладаў, вяртання пазык і інш.

т. 7, с. 602

КАНТА́КТ (ад лац. contactus дакрананне),

1) судакрананне, непасрэдная блізкасць да месца знаходжання чаго-н. ці каго-н.

2) Сувязь, узаемадзеянне, узгодненасць у рабоце; узаемаразуменне.

3) Паверхня, месца, зона судакранання чаго-н.

4) Судакрананне, злучэнне чаго-н. Напр., К. электрычны — злучэнне 2 праваднікоў, пры якім эл. ток можа ісці ад аднаго правадніка да другога; паверхня судакранання праваднікоў току ці прыстасаванне, якое забяспечвае такое злучэнне.

т. 7, с. 602

КАНТА́КТАВАЯ ЗВА́РКА,

зварка, пры якой дэталі злучаюць награваннем месца кантакту эл. токам і адначасовым сцісканнем (асаджваннем); адзін з найб. прадукцыйных спосабаў зваркі. Бывае кропкавая, стыкавая, шыўная (ролікавая) і рэльефная; зварка аплаўленнем (месца злучэння награваюць да аплаўлення), супраціўленнем (да пластычнага стану) і кандэнсатарная (з выкарыстаннем імпульсаў ад батарэі кандэнсатараў).

Найб. пашырана кропкавая К.з., пры якой асобнымі кропкамі-кружкамі злучаюць ліставыя канструкцыі ў нахлёст. Пры стыкавой зварцы дэталі злучаюць па ўсёй плошчы сутыкнення (дрот, арматура, трубы, рэйкі і інш.). Пры шыўнай К.з. (робяць ролікамі-электродамі) кожная зварная кропка перакрывае папярэднюю і ўтварае зварное шво; пры рэльефнай месца зварных кропак вызначаецца загадзя створанымі выступамі. Для К.з. выкарыстоўваюць машыны (устаноўкі) з канструктыўна аб’яднанымі зварачным трансфарматарам (пераўтваральнікам) і мех. прыстасаваннем для сціскання дэталей.

Схемы кантактавай зваркі: а — стыкавой; б — кропкавай; в — шыўнай (ролікавай); 1 — дэталі, якія зварваюцца; 2 — электроды; 3 — зварачны трансфарматар; P — сіла, што сціскае дэталі.

т. 7, с. 602

КАНТА́КТАВАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць прылад для перадачы эл. энергіі ад цягавых падстанцый электравозам, трамваям, тралейбусам і інш. Перадача энергіі ажыццяўляецца праз слізгальны кантакт паміж кантактавым провадам (ці рэйкай) і токаздымнікам рухомага саставу.

Кантактавы провад размяшчаюць над рэйкамі (напр., трамвайнымі) або ўздоўж трасы бязрэйкавага транспарту (тралейбусаў), кантактавую рэйку — на ўзроўні хадавых частак. напр., метрапалітэна. Кантактавы провад прымацоўваюць да апор з дапамогай гнуткіх элементаў (тросаў ці дратоў), спец арматуры і ізалятараў. Для надзейнай работы К.с. дзеляць на секцыі. Пры рамонтных работах, якія патрабуюць зняцця напружання, адключаюць толькі адну секцыю без парушэння сілкавання астатніх участкаў.

т. 7, с. 603

КАНТА́КТАВЫЯ НАПРУ́ЖАННІ,

напружанні, якія ўзнікаюць пры мех. узаемадзеянні цвёрдых цел у месцы іх кантакту. Веданне іх неабходна для разліку падшыпнікаў, зубчастых і чарвячных перадач, колаў рухомага саставу і рэек, кулачковых механізмаў і інш.

У цэнтры пляцоўкі дотыку матэрыял цел знаходзіцца ва ўмовах аб’ёмнага напружанага стану. Макс. датычныя напружанні, якія ў асн. вызначаюць трываласць сцісканых цел, размешчаны на некаторай глыбіні ад кантакту. Размеркаванне К.н. вельмі складанае, вызначаецца пругкасці тэорыяй. Для небяспечных пунктаў вызначаюцца разліковыя напружанні, якія параўноўваюцца з дапушчальнымі нармальнымі напружаннямі пры простым расцяжэнні.

І.І.Леановіч.

Размеркаванне кантактных напружанняў пры сцісканні сферычных цел: P — сціскальныя сілы; p0 — максімальнае напружанне ў цэнтры пляцоўкі кантакту S; p — напружанне на адлегласці r ад цэнтра гэтай пляцоўкі; A — пункт, у якім напружанне максімальнае.

т. 7, с. 603

КАНТА́КТАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

паклады карысных выкапняў, якія ўзнікаюць у зямной кары на кантакце гарачых магматычных парод з умяшчальнымі пародамі. Падзяляюцца на кантактава-метамарфічныя (узнікаюць ад дзеяння высокай т-ры на ўмяшчальныя пароды) і кантактава-метасаматычныя, пры ўтварэнні якіх у пароды пранікаюць лятучыя кампаненты (пара вады, бору. хлору, фтору) і цяжкія металы. Асабліва падлеглыя кантактаваму метасаматызму карбанатныя пароды (гл. Скарны). К.р. — важная крыніца руд жалеза, хрому, медзі, цынку, свінцу, вальфраму, малібдэну, золата, а таксама неметал. карысных выкапняў — мармуру, карунду, андалузіту.

т. 7, с. 603