Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАНСУЛЬТА́ЦЫЯ (ад лац. consultatio нарада),

1) абмеркаванне якога-н. пытання спецыялістамі.

2) Парада спецыяліста па якім-н. пытанні.

3) Установа, якая аказвае дапамогу насельніцтву парадамі спецыялістаў па якіх-н. пытаннях (напр. мед., юрыд. К.).

4) Дадатковыя заняткі выкладчыка з навучэнцамі для лепшага засваення прадмета.

т. 7, с. 600

КАНСУЛЬТА́ЦЫЯ медыцынская,

лячэбна-прафілактычная ўстанова для аказання мед. дапамогі дзецям і жанчынам. Існавалі 3 тыпы К.: дзіцячая (прафілакт. і лячэбная дапамога дзецям да 3 гадоў), жаночая і змешаная. На Беларусі з 1975 лячэбна-прафілакт. дапамогу дзецям аказваюць дзіцячыя бальніцы, аб’яднаныя з паліклінікамі, і дзіцячыя паліклінікі. Жаночыя К. (структурнае падраздзяленне радзільнага дома, паліклінікі ці амбулаторыі) забяспечваюць прафілакт. і лячэбную дапамогу цяжарным і гінекалагічна хворым жанчынам, ажыццяўляюць меры па ахове і замацаванні здароўя жанчын. Асн. задача жаночай К. — назіранне за цяжарнай, своечасовае выяўленне паталогіі цяжарнасці і аказанне кваліфікаванай дапамогі, назіранне за парадзіхамі. Пры жаночай К. працуюць школы маці, юрыд. кансультацыі. На Беларусі жаночыя К. працуюць як структурныя падраздзяленні ў 110 установах (1998).

Э.А.Вальчук.

т. 7, с. 600

КАНСУМЕ́НТЫ (ад лац. consumo спажываю),

арганізмы, якія кормяцца жывым арган. рэчывам (жывёлы, большасць мікраарганізмаў, часткова насякомаедныя расліны, драпежныя грыбы). Падтрымліваюць сваё існаванне з дапамогай пераўтварэння рэчываў, якія выраблены прадуцэнтамі. У трафічных (харчовых) ланцугах К. з’яўляюцца другім пасля прадуцэнтаў звяном. Паводле тыпу жыўлення ўваходзяць у групу гетэратрофаў. Адрозніваюць К. першасныя (расліннаедныя арганізмы), другасныя (драпежныя, якія кормяцца расліннаеднымі арганізмамі, заафагі), трацічныя (драпежнікі ў адносінах да арганізмаў з папярэдняй групы — заафагі другога парадку) і больш высокіх парадкаў.

т. 7, с. 600

КАНСЭ́НСУС (ад лац. consensus згода, аднадушша, саўдзел),

1) адзінства поглядаў, меркаванняў, узаемная згода людзей. Неабходнасць дасягнення К. адзначалі заснавальнікі і прыхільнікі ідэі грамадзянскай супольнасці і грамадскага дагавору Т.Гобс, Д.Дзідро, Дж.Лок, Ш.Мантэск’ё, Ж.Ж.Русо і інш. Паводле Г.Гегеля, забеспячэнне ўзаемнага «прызнання» людзьмі адзін аднаго (аж да прымусовага К.) з’яўляецца найбольш агульнай умовай рэалізацыі магчымасцей грамадства. У процілегласць такому падыходу прадстаўнікі франц.

Асветніцтва, а потым Э.Дзюркгейм і яго паслядоўнікі лічылі К. рацыянальна ўсвядомленай салідарнасцю, арган. уласцівасцю «нармальнага» сац. жыцця людзей. М.Вебер разглядаў К. не толькі як атрыбут «нармальнага» (ідэальнага) стану грамадства, але і як неад’емную характарыстыку любога грамадства, калі яно валодае элементарным парадкам, згодай — гармоніяй яго элементаў. Г.Тард, наадварот, выводзіў К. з псіхал. «законаў пераймання», а Г.Лебон — з пастуліраванага ім закону «духоўнага адзінства», што дзейнічае ў любым чалавечым калектыве. Паводле тэорыі традыцыяналізму (Ч.Морыс, А.Конт, Ф.Ніцшэ, М.Хайдэгер), К. звязаны з ажыццяўленнем прынцыпу «адзінства ў разнастайнасці», як спалучэння ў адзіным арганізме вялікай федэрацыі разнастайных аўтаномных супольнасцей (сямейных, прафес., этн., рэліг., рэгіянальных), кожная з якіх з’яўляецца прамежкавым звяном паміж індывідамі і дзяржавай. Аб радыкальным парушэнні грамадзянскага К. сведчаць грамадзянскія войны, рэвалюцыі, сац., рэліг. і міжнац. канфлікты.

2) Прыняцце рашэнняў або дагавораў на аснове агульнай згоды ўдзельнікаў. Метад К. прыняты ў шэрагу органаў ААН і інш. міжнар. арг-цый. Напр., прынцып К. выкарыстаны пры прыняцці кардынальных рашэнняў па міжнар. палітыцы на Нарадзе па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975.

3) Дамоўленасць, згода наконт умоў ажыццяўлення якой.-н. аперацыі або дзейнасці, у якіх зацікаўлены некалькі бакоў (напр., дагавор куплі-продажу, дагавор падраду, дагавор камісіі і г.д.).

С.Ф.Дубянецкі.

т. 7, с. 600

КАНТ (ад лац. cantus спевы, песня),

свецкая бытавая вакальна-харавая песня-гімн. Пашыраны ў слав. народаў у 16—18 ст.

К. ўласцівы: сілабічны рыфмаваны верш з тыповымі структурамі 11(5+6), 13(7+6), 14(8+6), 12(6+6) і інш.; папевачны прынцып муз. мыслення; страфічная форма арганізацыі (ад 2—4 да шматрадковай шматчасткавай са строфамі вышэйшага парадку); шматстрофная будова; тыповая быт. танц. мелодыка і рытміка; характэрныя рытмаформулы і рытмаінтанацыі; стэрэатыпізацыя кадэнцыйных і экспазіцыйных зваротаў, секвентны метад развіцця; танізацыя мелодыкай сілабічнага верша і крышталізацыя сілабатонікі; лінеарны прынцып фактурнага мыслення; крышталізацыя функцыянальнай гармоніі на канцах радкоў і строф э пераважнай натуральна-ладавай у сярэдзіне; сувязь са знаменным спевам і нар. песняй.

К. з’явіліся ў Чэхіі ў 14 ст. На Беларусі ўзніклі ў 15 ст. Іх прататыпы — псальмы і песні з гусіцкіх зборнікаў («Псалтыр» Я.Гуса) і шматлікіх пратэстанцкіх канцыяналаў, катэхізісаў, песеннікаў. Найб. раннія К. былі 1-, 2-галосымі. Паступова на Беларусі і Украіне замацавалася 3- і 4-галосая фактура. 3-галоссе стэрэатыпізавалася і стала штампам з уласцівымі яму функцыямі галасоў: верхні — вядучы, сярэдні (у тэрцыю ці сексту) і ніжні — бас (гарманічны фундамент). Гэты тып фактуры значна паўплываў на бел. нар.-песеннае шматгалоссе, стаў тыповым прынцыпам арганізацыі партый для «траістай музыкі». Змест К. звязаны са старажытнасцю і сучаснымі ім эпохамі. Бытавалі славільныя, патрыят., гіст., пакаянныя, малітоўныя, любоўныя, лірычныя, пастаральныя, застольныя, апакаліптычныя, эсхаталагічныя, сац. накіраванасці. Складваліся ў духоўных акадэміях, калегіях, семінарыях, павятовых і парафіяльных вучылішчах, брацкіх школах, манастырах, пазней у купецкім, мяшчанскім асяроддзі. Вядомы К. Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага. Е.Славінецкага (Беларусь), Дз.Растоўскага (Туптала), С.Яворскага, Ф.Пракаповіча, Р.Скаварады (Украіна), А.Кантэміра, В.Традзьякоўскага, М.Ламаносава, А.Сумарокава, І.Багдановіча (Расія) і інш.

Літ.:

Орлова Е. О традициях канта в русской музыке // Теоретические наблюдения над историей музыки. М., 1978;

Келдыш Ю.В. Внекультовая духовная песня // История русской музыки М., 1983. Т. 1;

Яго ж. Песня в рукописных сборниках // Там жа. М., 1984. Т. 2, ч. 1;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.

Л.П.Касцюкавеи.

т. 7, с. 600

КАНТ ((Kant) Герман) (н. 14.6.1926, г. Гамбург, Германія),

нямецкі пісьменнік. Скончыў Грайсфальдскі (1952) і Берлінскі (1956) ун-ты. Дэбютаваў зб. апавяд. «Крышку Паўднёвага мора» (1962). У раманах «Актавая зала» (1965), «Выхадныя звесткі» (1972), «Прыпынак у дарозе» (1977), зб-ках апавяд. «Парушэнне граніцы» (1975), «У дадатак да анкеты», «Трэці цвік» (абодва 1981), «Бронзавы век» (1986) тэмы фашызму і вайны, індывід. і калект. віны, жыцця пасляваен. Германіі. Яго творам уласцівы мазаічнасць структуры, насычанасць сімваламі-лейтматывамі, спалучэнне гумару і іроніі, сатыры і сарказму. На бел. мову асобныя творы К. пераклала Н.Мацяш. Нац. прэмія ГДР 1973.

Тв.:

Рус. пер. — Остановка в пути. М., 1979;

Объяснимое чудо: Рассказы. Очерки. М., 1982;

Актовый зал;

Выходиые данные. М., 1987.

Літ.:

Леонова Е.А. Литературные реминисценции в романе Г.Канта «Остановка в пути» // Проблема традиций и взаимовлияния в литературах стран Зап. Европы и Америки XIX—XX вв. Нижний Новгород, 1993.

Е.А.Лявонава.

т. 7, с. 601

КАНТ ((Kant) Імануіл) (22.4.1724, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 12.2.1804),

нямецкі філосаф, родапачынальнік ням. класічнага ідэалізму. Скончыўшы Кёнігсбергскі ун-т (1745), працаваў хатнім настаўнікам у розных гарадах Усх. Прусіі. З 1755 прыват-дацэнт, у 1770—96 праф. логікі і метафізікі Кёнігсбергскага ун-та (быў дэканам факультэта, двойчы рэктарам ун-та). У творчай біяграфіі К. вылучаюць 2 перыяды: «дакрытычны» (1746—69) і «крытычны» (1770—97). Для першага перыяду характэрны творы па пытаннях прыродазнаўства і філасофіі прыроды. У працы «Усеагульная натуральная гісторыя і тэорыя неба» (1755) развіў касмаганічную гіпотэзу пра паходжанне і развіццё Сонечнай сістэмы (гл. Касмагонія). У фізіцы, у развіццё ідэй Р.Дэкарта і Г.Галілея, абгрунтаваў новае вучэнне пра адноснасць руху і спакою, у біялогіі сфармуляваў ідэю генеалагічнай класіфікацыі жывёльнага свету, у антрапалогіі — ідэю натуральнай гісторыі чалавечых рас. Гал. творы «крытычнага» перыяду — «Крытыка чыстага розуму» (1781), «Крытыка практычнага розуму» (1788) і «Крытыка здольнасці суджэння» (1790). Паводле К., па-за межамі пачуццёвых феноменаў існуе непазнавальная, але аб’ектыўная ў абсалютным сэнсе рэальнасць, аб якой у тэорыі пазнання маюцца толькі даволі абстрактныя паняцці — наўмены, якія не даюць нічога для пазнання «рэчаў у сабе», але дазваляюць мысліць пра іх як аб спасцігальных сутнасцях. Ён адзначаў супярэчлівасць розуму і мыслення наогул, паказаў, што пазнанне рухаецца ў рэчышчы гнасеалагічных процілегласцей, якія ўзнікаюць і патрабуюць свайго вырашэння (гл. Антыномія). Аснова этыкі К. — вучэнне аб годнасці і самакаштоўнасці кожнай асобы, якое адпавядала ідэям Франц. рэвалюцыі 1789 аб усеагульных і неад’емных правах чалавека і грамадзяніна. Яно выкладзена ў працах «Асновы метафізікі і маралі» (1785), «Метафізіка нораваў» (1797), «Рэлігіі ў межах толькі розуму» (1798) і інш. Маральны закон, паводле К., патрабуе ад кожнага індывіда дзейнічаць так, каб правіла яго асабістых паводзін магло стаць правілам паводзін для ўсіх (гл. Катэгарычны імператыў.) У сувязі з аўтаномнасцю і самастойным існаваннем маральнасці К. прапанаваў сваё разуменне права, дзяржавы, палітыкі і гісторыі. У працах «Ідэі ўсеагульнай гісторыі ў сусветным грамадзянскім плане» (1784), «Да вечнага міру» (1795) і інш. паказаў, што «натуральнае» права павінна ўмацоўваць маральную свабоду асобы, г. зн. ствараць умовы для выканання ёю свайго абавязку. К. вызначыў 3 неадчужальныя прынцыпы грамадскага жыцця ва ўмовах дзяржавы: свабода кожнага члена грамадства, роўнасць усіх падданых, самастойнасць кожнага грамадзяніна. У цэлым, на яго думку, чалавечае грамадства як адзіны механізм развіваецца ў кірунку да «ўсеагульнай прававой грамадзянскай супольнасці» або «сусветна-грамадзянскага стану», г. зн. да дасканалай ідэальнай рэспублікі. Дасягнуць ідэальнага стану грамадства, у якім панаваў бы мір паміж асобнымі людзьмі і дзяржавамі, можна, паводле К., толькі праз пераадоленне ўласцівых гісторыі антаганізмаў, супярэчнасцей, войнаў і звязаных з імі пакут і бедстваў людзей. У сваіх творах ён выклаў асновы крытычнай эстэтыкі, у прыватнасці, эстэтыкі прыгожага, узнёслага і геніяльнага. Ужо сама цікавасць да прыгожага ў прыродзе, лічыў ён, узвышае чалавека ў маральных адносінах. На аснове вучэння К. ўзніклі розныя філас. кірункі і плыні (гл. Бадэнская школа, Кантыянства, Марбургская школа, Неакантыянства).

На Беларусі філасофія К. вядома з канца 18 ст. Некаторыя яго творы, у т. л. трактат «Да вечнага міру», пераклаў і выдаў у Вільні Ю.Быхавец. Праф. Віленскага ун-та Ян Г.Абіхт чытаў лекцыі ў духу вучэння К. Ян Снядэцкі лічыў асноватворным пачаткам навук. сістэмы К. сенсуалізм, крытыкаваў яго тэзіс аб «чыстых» (апрыёрных) формах ведаў. А.Доўгірд прааналізаваў супярэчнасці ў канцэпцыі К. аб «рэчах у сабе», даследаваў на аснове прынцыпаў філасофіі «разважнага розуму» яго ўяўленні аб трансцэндэнтальнай дыялектыцы і яго этычную канцэпцыю. Актыўна прапагандавалі погляды К. філосафы Ф.Вігура, М.Чацкі, Ю.Шаняўскі, Ф.Яронскі і інш.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—6. М., 1963—66;

Трактаты и письма. М., 1980.

Літ.:

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Асмус В.Ф. Иммануил Кант. М., 1973;

Нарский И.С. Кант. М., 1976;

Кузнецов В.Н. Немецкая классическая философия второй половины XVIII — начала XIX в. М., 1989;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996;

Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997.

С.Ф.Дубянецкі.

І.Кант.

т. 7, с. 601

КАНТА́БІЛЕ (ад італьян. cantabile літар. пявуча),

пявучасць, напеўнасць мелодыкі (у вак. і інстр. музыцы) і муз. выканання. З 2-й пал. 18 ст. абазначэнне К. (C.) часта выстаўляецца разам з абазначэннем тэмпу муз. твора ці яго часткі, паказваючы на характар музыкі. Сустракаюцца і самаст. творы з назвай «К.» («Кантабіле» для віяланчэлі і фп. Ц.Кюі).

Ансамбль «Кантабіле».

т. 7, с. 601

«КАНТА́БІЛЕ»,

бел. ансамбль старадаўняй музыкі. Створаны ў 1976 у Мінску. Арганізатар і маст. кіраўнік Г.Гедыльтэр. У складзе ансамбля (1998): Гедыльтэр (флейта), Я.Віданаў (флейта), А.Маскаленка (скрыпка), І.Жукоўскі (віяланчэль), К.Шараў (клавесін і арган). Доўгі час у калектыве працавалі С.Драбкін (віяланчэль, да 1995) і П.Сакін (скрыпка, да 1996). У рэпертуары тэматычныя праграмы акрэсленай стыліст. накіраванасці («І.С.Бах і Г.Ф.Гендэль», «Музыка Еўропы да І.С.Баха», «Музычны Парыж 18 ст.», «Музыка барока», «Італія 17—18 ст.», «Руская музыка 17—18 ст.»). Упершыню выканаў многія творы «Полацкага сшытка» — помніка бел. быт. музыкі 17 ст. Пастаянна ўзбагачае рэпертуар за кошт раней невядомых твораў бел. музыкі (Серэнада, Дывертысмент у 3 частках, Санаціна, 2 паланэзы Мацея Радзівіла, 12 песень Міхала Казіміра Агінскага ў пералажэнні для ансамбля і інш.). У 1992—96 калектыў запісаў 4 кампакт-дыскі, сродкі ад рэалізацыі якіх пералічаны ў фонд дапамогі дзецям, пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы.

т. 7, с. 601

КАНТА́БРЫ (лац. Cantabri),

старажытнае племя, якое жыло ў Паўн. Іспаніі на ўзбярэжжы Біскайскага заліва і ў бліжэйшых гарах (цяпер прав. Кантабрыя). Утварылася ў выніку зліцця кельтаў і ібераў з мясц. насельніцтвам. Захоўвалі родавы лад з перажыткамі матрыярхату. У 2—1 ст. да н.э. супраціўляліся рым. заваяванню. Канчаткова падпарадкаваны і часткова знішчаны ў Кантабрыйскую вайну ў час паходаў Аўгуста і Агрыпы (29—12 да н.э.); іх тэр. ўвайшла ў склад рым. правінцыі Іспанія Блізкая.

т. 7, с. 602