Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«НІПО́Н СТЫЛ»

(«Nippon Steel Corp.»),

буйнейшы металургічны канцэрн у Японіі, другі па велічыні ў свеце. Знаходзіцца ў Токіо. Засн. ў 1970 у выніку аб’яднання кампаній «Явата айран энд стыл» (засн. ў 1901) і «Фудзі айран энд стыл» (засн. ў 1934). Вырабляе чорныя металы, увесь асартымент стальной прадукцыі, алюміній, нафтахім. прадукцыю; дае інжынерынг па праектаванні і будаванні металургічных аб’ектаў. Мае 9 металургічных і металаапр. з-даў, каля 60 даччыных і асацыіраваных фірм, у сферу ўплыву ўваходзіць каля 200 кампаній, з якіх больш за 20 металургічныя. У 1992 абарот склаў 25,5 млрд. дол., у вытв-сці занята 50,5 тыс. чал.

т. 11, с. 349

НІПУ́Р,

старажытны шумерскі горад, рэліг. цэнтр, месца культу вярх. бога Энліля (на ПдУ ад сучаснага г. Эд-Дыванія ў Іраку). У 18 ст. да н.э. захоплены Вавілонам, пазней меў унутр. аўтаномію. Археал. раскопкамі канца 19 — пач. 20 ст. ўзноўлены план і арх. помнікі стараж. часткі Н.: палацы правіцеляў Нарамсіна і Шаркалішары (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), Ур-Наму (канец 3-га тыс. да н.э.), Ашурбаніпала (7 ст. да н.э.), храм Энліля-Экур з зікуратам. У 80 памяшканнях жрэцкай б-кі захавалася каля 60 тыс. гліняных клінапісных таблічак, у якіх зафіксавана большая частка шумерскай л-ры.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 349

НІРВА́НА (санскр., літар. знікненне, згасанне),

у будызме і джайнізме канчатковае духоўнае выратаванне, якое дасягаецца асабістымі намаганнямі веруючага. Азначае найвышэйшы стан свядомасці, процілеглае сансары, калі адсутнічаюць перараджэнні і пераходы ад адной сферы сансарнага існавання да другой. Псіхалагічна стан Н. негатыўна апісваецца як адсутнасць жадання, прагі да жыцця ўвогуле, а пазітыўна — як стан дасканаласці, задаволенасці, самадастатковасці. Паводле тэорыі будызму, Н. — стан свабоды, незалежнасці, спакою, толькі чалавек можа дасягнуць Н. і стаць будай. Лічыцца, што поўнасцю дасягнуць Н. можна толькі пасля смерці, т.зв. парынірвана. У міфалогіі махаяны адрозніваюць некалькі ўзроўняў Н.

т. 11, с. 349

НІ́РЭНБЕРГ ((Nirenberg) Маршал Уорэн) (н. 10.4.1927, Нью-Йорк),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1967) і Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1966). Скончыў ун-т у штаце Фларыда (1952). З 1952 у Мічыганскім ун-це, з 1957 у Ін-це артрытаў і хвароб абмену рэчываў; з 1962 у Лінгаўскім нац. ін-це сэрца. Навук. працы па расшыфроўцы генет. кода і механізмах бялковага сінтэзу. Распрацаваў метад выяўлення кодавага значэння нуклеатыдных трыплетаў. Сінтэзаваў і выпрабаваў усе тэарэтычна магчымыя трынуклеатыды. Нобелеўская прэмія 1968 (разам з Х.Г.Каранам, Р.У.Холі).

М.Нірэнберг.

т. 11, с. 349

НІ́СА,

старажытны і сярэдневяковы горад Сярэдняй Азіі, важны цэнтр Парфянскага царства. Руіны за 18 км на З ад г. Ашгабат у Туркменіі. У 3 ст. да н.э. тут існаваў горад (гарадзішча Новая Н.) і ўмацаваная царская рэзідэнцыя (гарадзішча Старая Н.). У выніку археал. даследаванняў (з 1946) выяўлены рэшткі храмаў, гасп. пабудоў, залы палаца з глінянай скульптурай і, верагодна, царскай скарбніцы: помнікі мастацтва 3—2 ст. н.э. з моцным уплывам элінізму (мармуровыя статуі, рытоны са слановай косці з разнымі рэльефамі, прадметы тарэўтыкі), больш за 2 тыс. гліняных чарапкоў з надпісамі (гасп. архіў I ст. да н.э.), шмат прадметаў узбраення, упрыгожанняў, дробнай скульптуры (тэракотавай і металічнай) і інш. У сярэдневякоўі Н. — важны цэнтр Харасана.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 349

«НІ́САН МО́ТАР»

(«Nissan Motor Co. Ltd.»),

адна з вядучых аўтамаб. кампаній Японіі; займае 4-е месца ў свеце і 2-е у Японіі сярод аўтамаб. кампаній. Засн. ў 1933 у Токіо, у 1966 аб’ядналася з «Прынс мотар карпарэйшэн», у 1968 далучыла кампанію «Фудзі хэві індастрыс». У 1992 тавараабарот склаў 53,8 млрд. дол., у вытв-сці занята 143,3 тыс. чалавек.

т. 11, с. 349

НІСІ́МКАВІЧЫ,

комплекс археал. помнікаў каля в. Нісімкавічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — гарадзішча, селішчы, курганны і бескурганны могільнікі. Гарадзішча заснавана насельніцтвам мілаградскай культуры, пазней асвоена носьбітамі зарубінецкай культуры. Пры раскопках выяўлены рэшткі пабудовы, 4 агнішчы, фрагменты ляпной керамікі, гліняныя прасліцы і грузікі, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. На пяці селішчах 5—7 і 9—11 ст. выяўлены рэшткі пабудоў калочынскай культуры, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду, жал. нажы, цвікі, цуглі, бронзавыя і сярэбраныя ўпрыгожанні, гліняныя прасліцы і тыглі, рэшткі металургічнай вытв-сці і інш. У курганным могільніку 10—12 ст. 43 насыпы (дыям. 5—12 м, выш 0,7—2 м), пахавальны абрад — трупапалажэнне ў насыпе ў дубовых калодах. Знойдзены ганчарны посуд, бронзавыя сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы, бранзалеты, лунніцы, фібулы, бурштынавыя, сердалікавыя, шкляныя пацеркі і інш. Належаў радзімічам. Бескурганны могільнік датуецца першымі ст. н.э. (пахавальны абрад — трупаспаленне) і 12—13 ст. (трупапалажэнне). Знойдзены крамянёвыя вырабы, ляпная кераміка, бронзавыя скроневыя кольцы, шыферныя прасліцы і інш.

т. 11, с. 349

НІСІ́МКАВІЧЫ,

вёска ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., на р. Покаць. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПнУ ад г. Чачэрск, 87 км ад Гомеля, 57 км чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 353 ж., 152 двары (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Абеліск у гонар Чачэрскага падп. райкома КП(б)Б і 1-й Гомельскай партыз. брыгады. Комплекс археал. помнікаў Нісімкавічы.

т. 11, с. 350

НІСІНО́МІЯ,

горад у Японіі, прамысл. прыгарад г. Осака. Каля 500 тыс. ж. (1998). Порт на Пд в-ва Хонсю. Вузел скарасных шашэйных дарог. Прам-сць: металургічная, металаапр., авіяц., тэкст., харчасмакавая (вытв-сць лепшых гатункаў рысавай гарэлкі — сакэ), аптычнае і дакладнае машынабудаванне. Ун-т.

т. 11, с. 350

НІ́СКІ (Георгій Рыгоравіч) (21.1.1903, г. Гомель — 19.6.1987),

расійскі мастак. Нар. маст. Расіі (1965). Правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Гомельскай студыі імя М.​Урубеля (1919—21), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях і Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1921—30). Зазнаў уплыў А.Дайнекі. У пейзажах імкнуўся перадаць рытм сучаснага жыцця праз яркае каларыстычнае вырашэнне ў спалучэнні з абагульненасцю кампазіцыі. Сярод твораў: «Беларускі пейзаж» (1947), «Верхняя Волга» (1949), «Вясёлка», «Ля берагоў Далёкага Усходу», «Порт Адэса» (цеплаход «Расія»), «Пейзаж з маяком» (усе 1950), «Падмаскоўная зіма» (1951), «Рыбінскае мора» (1953—54), «Парусны спорт. Пестава» (1954), «Падмаскоўе. Люты», «Падмаскоўная ракада» (абодва 1957), «Азёрны край» (1958), «Над снягамі», «Калгас «Загор’е» (абодва 1959—60), «Каля магілы сябра» (1963—64), трыпціха «На Поўначы» (1957). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1951.

Літ.:

Киселев М.Ф. Г.​Нисский. М., 1972.

Л.​Ф.​Салавей.

Г.Ніскі. Падмаскоўе. Люты. 1957.

т. 11, с. 350