НІПУ́Р,
старажытны шумерскі горад, рэліг. цэнтр, месца культу вярх. бога Энліля (на ПдУ ад сучаснага г. Эд-Дыванія ў Іраку). У 18 ст. да н.э. захоплены Вавілонам, пазней меў унутр. аўтаномію. Археал. раскопкамі канца 19 — пач. 20 ст. ўзноўлены план і арх. помнікі стараж. часткі Н.: палацы правіцеляў Нарамсіна і Шаркалішары (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), Ур-Наму (канец 3-га тыс. да н.э.), Ашурбаніпала (7 ст. да н.э.), храм Энліля-Экур з зікуратам. У 80 памяшканнях жрэцкай б-кі захавалася каля 60 тыс. гліняных клінапісных таблічак, у якіх зафіксавана большая частка шумерскай л-ры.
І.М.Язэпенка.
т. 11, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)