НІРВА́НА (санскр., літар. знікненне, згасанне),

у будызме і джайнізме канчатковае духоўнае выратаванне, якое дасягаецца асабістымі намаганнямі веруючага. Азначае найвышэйшы стан свядомасці, процілеглае сансары, калі адсутнічаюць перараджэнні і пераходы ад адной сферы сансарнага існавання да другой. Псіхалагічна стан Н. негатыўна апісваецца як адсутнасць жадання, прагі да жыцця ўвогуле, а пазітыўна — як стан дасканаласці, задаволенасці, самадастатковасці. Паводле тэорыі будызму, Н. — стан свабоды, незалежнасці, спакою, толькі чалавек можа дасягнуць Н. і стаць будай. Лічыцца, што поўнасцю дасягнуць Н. можна толькі пасля смерці, т.зв. парынірвана. У міфалогіі махаяны адрозніваюць некалькі ўзроўняў Н.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)