Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕКСАХЛОРЭТА́Н,

хлорзамешчаны этан CCl3—CCl3. Бясколерныя крышталі са слабым пахам камфары, tпл 187 °C (у закрытым капіляры), tкіп 185, 6 °C (вазганяецца), шчыльн. 2091 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў серавугляродзе. Выкарыстоўваюць у вытв-сці хладону-113, як інтэнсіфікатар свячэння піратэхн. саставаў, дымаўтваральнік (у сумесі з некат. металамі), у медыцыне (процігліставы сродак). ГДК 10 мг/м³.

т. 5, с. 138

ГЕКСА́ЭДР

(ад гекса... + грэч. hedra аснова, грань),

мнагаграннік з 6 гранямі (напр., пяцівугольная піраміда). Правільны гексаэдр — куб. У крышталяграфіі адна з простых формаў кубічнай сістэмы.

т. 5, с. 138

ГЕ́КСЛІ, Хакслі (Huxley) Томас Генры (4.5.1825, г. Ілінг, каля Лондана — 29.6.1895), англійскі біёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1864). Па адукацыі ўрач. Паплечнік Ч.Дарвіна і прапагандыст яго вучэння. Праф. Каралеўскай горнай школы (1854—95), сакратар (1871—80) і прэзідэнт (1883—85) Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па заалогіі, параўнальнай анатоміі, палеанталогіі, антрапалогіі і эвалюцыйнай тэорыі. Распрацоўваў таксама пытанні геалогіі. Параўнальна-анатамічнымі даследаваннямі даказаў марфал. блізкасць чалавека і вышэйшых малпаў, птушак і паўзуноў, медуз і паліпаў. Развіў і абгрунтаваў палажэнне пра адзінства будовы чэрапа пазваночных жывёл.

т. 5, с. 138

ГЕКСОЗАФАСФА́ТЫ,

складаныя эфіры, утвораныя гексозамі і адным або двума астаткамі фосфарнай к-ты (гексозамонафасфаты і гексозадыфасфаты); прамежкавыя прадукты гліколізу. Значныя прамежкавыя рэчывы вугляводнага абмену жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Утвараюцца пры фасфарыліраванні гексозаў, пераважна за кошт энергіі адэназінтрыфосфарнай к-ты.

т. 5, с. 138

ГЕКСО́ЗЫ,

монацукрыды з 6 вугляроднымі атамамі ў малекуле (C6H12O6). Знаходзяцца ў раслінных і жывёльных тканках у свабодным стане і ў поліцукрыдах. Гексозы, якія маюць у малекуле альдэгідную групу, адносяцца да альдоз (глюкоза, маноза, галактоза), кетонную — да кетоз (фруктоза). Найб. выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці.

т. 5, с. 138

ГЕКТА...

(ад грэч. hekaton сто),

дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​2 зыходным адзінкам. Пазначаецца г. Напр., 1 гл = 10​2 л = 100 л, 1 гВт = 10​2 Вт = 100 Вт.

т. 5, с. 138

ГЕ́КТАР,

герой у грэчаскай міфалогіі, сын Прыяма і Гекубы, муж Андрамахі. Галоўны траянскі герой у «Іліядзе», правадыр у Траянскай вайне, вылучаўся сілай і геройствам. Двойчы ўступаў у адзінаборства з найб. магутным пасля Ахіла ахейскім героем Аяксам. Траянцы на чале з Гектарам уварваліся ва ўмацаваны лагер ахейцаў і падпалілі адзін карабель. Загінуў у адзінаборстве з Ахілам, які помсціў яму за забойства Патрокла. Лёс Гектара адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, рэльефы саркафагаў, скульптуры А.Кановы, Б.Торвальдсена), л-ры (Ф.Шылер, Ж.Жыраду) і інш.

т. 5, с. 138

ГЕКТА́Р

(ад гекта... + ар),

адзінка плошчы ў метрычнай сістэме мер. Пазначаецца га. 1 га = 100 ар = 10 000 м².

т. 5, с. 138

ГЕКТО́ГРАФ

(ад гекта... + ...граф),

простая друкавальная прылада для размножвання тэкстаў і ілюстрацый. Дзеянне заснавана на здольнасці застылай жэлаціна-гліцэрынавай масы ўспрымаць спец. (гектаграфскае) чарніла, якім выконваюцца тэксты і ілюстрацыі, а потым перадаваць іх (пры прыцісканні) на лісты паперы. На гектографе можна атрымаць да 100 адбіткаў. Вынайдзены рус. вынаходнікам М.І.Алісавым у 1869.

т. 5, с. 138

ГЕКУ́БА, Гекаба,

у грэчаскай міфалогіі жонка траянскага. цара Прыяма, маці Гектара, Парыса, Касандры і інш. Пры разбурэнні Троі перажыла смерць усіх блізкіх і стала нявольніцай Адысея, пазней ператворана ў сабаку. Загінула ў час пераправы цераз праліў Гелеспонт (Дарданелы). Вобраз Гекубы ўвайшоў у класічную л-ру (Эўрыпід, Дантэ, У.Шэкспір і інш.).

т. 5, с. 138