ДРУГІ́ З’ЕЗД КП(б)Б (аб’яднаўчы). Адбыўся 4—6.3.1919 у Вільні. Прысутнічалі 159 дэлегатаў з рашаючым і 10 з дарадчым голасам ад 17 636 камуністаў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, ч. Ковенскай і Сувалкаўскай губ. Парадак дня: даклады ЦБ КП(б)Б і ЦК КП(б)ЛіЗБ (В.Г.Кнорын, А.І.Вайнштэйн-Браноўскі); аб’яднанне Кампартыі Беларусі і Кампартыі Літвы і Зах. Беларусі; III Камуніст. Інтэрнацыянал (В.С.Міцкевіч-Капсукас); арганізац. пытанне; Саветы і партыя (І.І.Рэйнгольд); работа на вёсцы; ваен. пытанне; праграма Камуніст. партыі (А.Ф.Мяснікоў); выбары кіруючых органаў. Скліканне з’езда было абумоўлена ўтварэннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел). З’езд ухваліў утварэнне Літбела і пастанавіў аб’яднаць Кампартыю Беларусі і Кампартыю Літвы і Зах. Беларусі ў адзіную Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] «як неад’емную частку РКП(б)». Зацвердзіў «Палажэнне па арганізацыйным пытанні», у якім вызначалася структура пабудовы КП(б)ЛіБ. У тэзісах «Саветы і партыя» замацоўваліся прынцыпы, формы і метады парт. кіраўніцтва Саветамі. З’езд прыняў тэзісы па ваен. пытанні, у якіх падкрэслівалася неабходнасць строгага класавага прынцыпу фарміравання Чырв. Арміі. Была прынята рэзалюцыя аб Камуніст. саюзе моладзі. Выбраў ЦК КП(б)ЛіБ у складзе 15 чл., дэлегатаў на VIII з’езд РКП(б) — 18 чал.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. (1918—1927). Мн., 1983.
У.М.Міхнюк.
т. 6, с. 215
ДРУГІ́ З’ЕЗД КПЗБ.
Адбыўся 8—18.5.1935 у в. Сляпянка каля Мінска (цяпер у межах горада). У рабоце з’езда ўдзельнічалі 57 чал., у т. л. 21 дэлегат з рашаючым і 13 з дарадчым голасам ад 3327 членаў партыі Беластоцкай, Віленскай, Глыбоцкай, Гродзенскай, Навагрудскай і Слонімскай акруг КПЗБ. Парадак дня: паліт. сітуацыя ў Польшчы, адзіны рабочы і антыфаш. нар. фронт (Ю.Ленскі); паліт. справаздача ЦК КПЗБ і задачы партыі [І.К.Лагіновіч (П.Корчык)]; задачы партыі ў нац.-вызв. руху (М.С.Арэхва); справаздачы мандатнай, арганізац., прафс., вясковай і маладзёжнай камісій; выбары ЦК. Была разгледжана таксама дзейнасць КСМЗБ. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, вызначыў задачы партыі па развіцці рэв. і нац.-вызв. руху ва ўмовах наступу сіл фашызму і нарастання ваен. небяспекі. Гал. недахопам партыі ў практычнай дзейнасці, на думку дэлегатаў, былі сектанцкія погляды і метады работы. У сял. пытанні была дадзена ўстаноўка на арганізацыю барацьбы сял. мас за частковыя патрабаванні: змяншэнне падаткаў, шарварак, арэнднай платы, адмена камасацыі і інш. Асн. задачай партыі ў нац.-вызв. руху з’езд вызначыў стварэнне антыакупац. нар. фронту. Прыняў рэзалюцыю «На барацьбу з пагрозай вайны, у абарону СССР». З’езд выбраў ЦК КПЗБ: чл. Лагіновіч, С.А.Мертэнс, М.А.Блінчыкаў, Арэхва, Е.І.Шоламаў, М.П.Маслоўскі (усе 6 былі абраны таксама на VII кангрэс Камінтэрна), Ю.Брун, Л.М.Янкоўская, І.Ф.Сяменнікаў, Х.Р.Гелер, А.Раф; канд. ў чл. С.М.Малько, М.М.Дворнікаў, Ф.Б.Пірышка, Э.К.Аболіна, М.С.Майскі.
Літ.:
В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
У.Ф.Ладысеў.
т. 6, с. 215
ДРУГІ́ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.
Ажыццёўлены ў 1793 Рас. імперыяй і Прусіяй у змове з кансерватыўнай арыстакратыяй Рэчы Паспалітай, якая была незадаволена рэформамі Чатырохгадовага сейма 1788—92 і Канстытуцыяй 3 мая 1791. Апазіцыя стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю (1792) і папрасіла Кацярыну II дапамагчы аднавіць перадсеймавую сістэму кардынальных правоў. 11.5.1792 Кацярына II увяла на Беларусь і Украіну 73-тысячнае войска на чале з ген.-аншэфам М.М.Крачэтнікавым. Войску ВКЛ у баях пад Мірам 10 чэрв., Крамянцом і Брэстам 24 ліп. не ўдалося стрымаць наступ рас. арміі. 23.1.1793 Расія і Прусія заключылі ў Пецярбургу тайную канвенцыю для скасавання Канстытуцыі 3 мая і аб сумесным падаўленні ўзбр. супраціўлення з боку Рэчы Паспалітай. 27.3.1793 яны абвясцілі акты аб падзеле вызначаных долей (разам 308 тыс. км²). Прусія анексіравала частку Мазовіі, Кракаўскае ваяв., амаль усю Вял. Польшчу, г. Гданьск, Торунь, Расія — Правабярэжную Украіну, часткі Полацкага, Мінскага ваяв., Аршанскага пав., якія засталіся пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, частку Навагрудскага, Брэсцкага і Віленскага ваяв. (да лініі Друя—Пінск з г. Барысаў, Мінск, Слуцк, Нясвіж, Тураў, Пінск; усяго 250 тыс. км² з 13 млн. ж.). Караля польскага і вял. князя ВКЛ Станіслава Панятоўскага прымусілі падтрымаць Генеральную канфедэрацыю і склікаць Гродзенскі сейм 1793, які ратыфікаваў трактаты з Расіяй і Прусіяй.
Я.К.Анішчанка.
т. 6, с. 216
ДРУГІ́ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР, Другі чырвонаармейскі паказальны тэатр пры палітаддзеле 16-й арміі Заходняга фронту. Існаваў з восені 1920 да ліп. 1921. Сфарміраваны ў Бабруйску з акцёраў Петраградскага нар. дома, рус. труп і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Меў філіял у авіяатрадзе «Ілья Мурамец». Начальнікі т-ра С.Бахрах, В.Няволін, рэж. А.Пакрасаў-Гяцэвіч. Меў важнае значэнне для аб’яднання творчых работнікаў, узаемаабагачэння бел. і рус. тэатр. культур. У рэпертуары пераважалі рус. класічная драматургія, агітацыйныя п’есы і канцэрты.
Сярод пастановак: «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, «Без віны вінаватыя», «Апошняя ахвяра», «Беднасць не загана», «Беспасажніца» А.Астроўскага, «Горкі лёс» А.Пісемскага, «Павел I» Дз.Меражкоўскага, «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Жывы труп» Л.Талстога, «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна, «Дні нашага жыцця» Л.Андрэева, «Рэвізор» і «Жанідьба» М.Гогаля, «На дне» М.Горкага, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана, «Атэла» У.Шэкспіра. У трупе т-ра было каля 80 чал., у т. л. акцёры Б.Быхоўскі, М.Дняпроў, К.Замешына, В.Зярноў, К.Кулакоў, Няволін, У.Фарасаў. Вясной 1921 т-р быў рэарганізаваны і перададзены палітупраўленню Зах. фронту, узначальваў яго Дняпроў. Неўзабаве расфарміраваны.
т. 6, с. 216
ДРУГІ́ СТА́ТУТ ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА,
гл. Статут Вялікага княства Літоўскага 1566.
т. 6, с. 216
ДРУГІ́ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх,
батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 13—17.12.1920 у Мінску. Прысутнічалі 202 дэлегаты з рашаючым і 16 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ВРК БССР (А.Р.Чарвякоў); бягучы момант і Сав. Беларусь (В.Г.Кнорын); аб сацыяліст. землеўпарадкаванні (А.С.Хаценка); аб харч. палітыцы ў Беларусі (І.А.Адамайціс); аднаўленне прам-сці (А.І.Вайнштэйн); нар. асвета (М.Я.Фрумкіна); сац. забеспячэнне (С.З.Кацэнбоген); арганізацыя сав. улады на Беларусі (С.А.Мертэнс); аб правядзенні працоўнай павіннасці; аб рабоце каап. арг-цый; выбары ЦВК БССР і дэлегатаў на Усерас. з’езд Саветаў; бягучыя справы. З’езд адобрыў работу ВРК БССР, прыняў дадаткі да Канстытуцыі БССР, у якіх абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК БССР, выканаўчым органам — СНК БССР у складзе 15 наркаматаў. Устанавіў дзярж. манаполію на асн. віды прадукцыі, цвёрдыя цэны, дзярж. нарыхтоўку і забеспячэнне насельніцтва прадметамі першай неабходнасці; падкрэсліў неабходнасць барацьбы са спекуляцыяй і ажыццяўлення поўнай нацыяналізацыі гандлю. Вызначыў задачы СНГ БССР у аднаўленні прам-сці і транспарту. Зацвердзіў «Тэзісы па аграрным пытанні», у якіх прадугледжваў новыя, сацыяліст. формы землекарыстання, надзяленне беззямельных і малазямельных сялян землямі былых памешчыцкіх гаспадарак, стварэнне саўгасаў. Ратыфікаваў Рыжскі прэлімінарны дагавор ад 12.10.1920 і пацвердзіў мандат ВРК БССР ураду РСФСР на права заключэння ад імя БССР міру. Прыняў зварот «Да працоўнага народа Беларусі». Выбраў ЦВК БССР з 60 чл. і 12 канд., дэлегатаў на VIII Усерас. з’езд Саветаў.
т. 6, с. 216
ДРУГІ́ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КАНГРЭ́С 1944,
кангрэс Беларускай цэнтральнай рады (БЦР). Адбыўся 27.6.1944 у Мінску. Быў скліканы па прапанове прэзідэнта БЦР Р.Астроўскага з дазволу в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга. Прысутнічала 1039 дэлегатаў. Парадак дня: справаздача прэзідэнта БЦР праф. Астроўскага аб дзейнасці рады; выбары мандатнай камісіі і камісіі для апрацоўкі рэзалюцый; заслухванне рэферата М.Шкялёнка «Аб прызнанні за няважныя пастановы ўрада СССР і былое Польшчы, якія датычаць Беларусі, яе тэрыторыі і народу»; справаздача мандатнай камісіі (праф. Жарскі); заслухванне рэферата А.Калубовіча «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб Уневажанні маскоўскага голасу ў беларускіх справах»; прыняцце рэзалюцый і заключная прамова. Кангрэс прызнаў правільным рашэнне Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25.3.1918 аб канчатковым разрыве з бальшавіцкай Масквой і Рас. дзяржавай ва ўсіх яго формах, пацвердзіў, што голас Масквы і СССР у бел. справах не мае ніякай законнай сілы, прызнаў БЦР на чале з Астроўскім «адзіным праўным прадстаўніком Беларускага народа і ягонага краю». У сувязі з набліжэннем Чырв. Арміі кангрэс праходзіў у вял. спешцы. Значэнне кангрэса было важкім у асн. для амбіцый Астроўскага, які атрымаў ад дэлегатаў паўнамоцтвы на прэзідэнцтва БЦР, чым і карыстаўся да сваёй смерці.
А.М.Літвін.
т. 6, с. 216
ДРУГІ́ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ З’ЕЗД.
Адбыўся 1013.2.1927 у Мінску. Прысутнічала 187 дэлегатаў ад 240 краязн. арг-цый (аб’ядноўвалі больш за 9 тыс. чл.). Адбыліся 2 пленарныя пасяджэнні, працавалі секцыі: прыродна-геагр., культ.-гіст., школьна-краязн., яўрэйская. З’езд заслухаў справаздачны даклад Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК, А.З.Казак), адзначыў пашырэнне краязн. руху — заснаванне шэрагу мясц. музеяў і бібліятэк, з’яўленне краязн. вопісаў некат. раёнаў, збіранне вуснай нар. творчасці і слоўнікавага матэрыялу, практычнай і метадычнай падрыхтоўкі краязнаўцаў. Была зацверджана арганізац. структура краязнаўства рэспублікі: пярвічная адзінка — гурток; працу гурткоў аб’ядноўвалі раённыя і акр. т-вы; узначальвала, накіроўвала і каардынавала краязн. работу ЦБК пры Інбелкульце, якое распрацоўвала інструкцыі, праграмы, метадычныя дапаможнікі, апрацоўвала дасланыя краязн. матэрыялы, выдавала час. «Наш край».
В.С.Вяргей.
т. 6, с. 216
ДРУГІ́ УСЕРАСІ́ЙСКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых і салдацкіх дэпутатаў,
адбыўся 7—9.11(25—27.10).1917 у Петраградзе. Прысутнічала 649 дэлегатаў, 390 бальшавікоў, 160 эсэраў, 72 меншавікі, 14 аб’яднаных інтэрнацыяналістаў, у т. л. ад Беларусі і салдат Зах. фронту 51 дэлегат. Парадак дня: 1) аб арганізацыі ўлады; 2) аб вайне і міры; 3) аб зямлі. У 3 гадз 10 мін 8 ліст. (26 кастр.) з’езд атрымаў вестку, што ўзяты Зімні палац і арыштаваны Часовы ўрад. Меншавікі, правыя эсэры і бундаўцы (каля 70 чал.) адмовіліся прызнаць сацыяліст. рэвалюцыю і пакінулі з’езд. З’езд прыняў напісаную У.І.Леніным адозву «Рабочым, салдатам і сялянам!», якая абвяшчала пераход улады ў рукі Саветаў. Прыняў Дэкрэты аб міры і аб зямлі, рашэнне аб пераходзе ўлады на месцах да Саветаў і інш. На з’ездзе створаны першы сав. ўрад — Савет Народных Камісараў на чале з Леніным.
т. 6, с. 217