ГАНДУРА́СКІ ЗАЛІ́Ў
(ісп. Golfo de Honduras),
заліў Карыбскага м. Абмывае берагі Беліза, Гватэмалы, Гандураса. Даўж. каля 102 км, шыр. да 155 км. Глыб. 22—54 м, каля ўвахода — больш за 2000 м. Упадае рака Матагуа. Салёнасць каля 36 ‰. Прылівы мяшаныя (да 0,7 м). Асн. парты: Пуэрта-Картэс (Гандурас), Пуэрта-Барыяс і Лівінгстан (Гватэмала).
т. 5, с. 27
ГАНДЫСЫША́НЬ, Трансгімалаі,
горная сістэма ў Азіі, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Выш. да 7315 м (г. Алінг-Гангры). Працягнулася на 1600 км паралельна Гімалаям, аддзелена ад іх на Пд далінамі р. Цангпо (мясцовая назва р. Брахмапутра) і верхнім цячэннем р. Інд. Складзена пераважна з мезазойскіх гранітаў, кварцытаў, сланцаў, вапнякоў. Горныя ланцугі выцягнуты ў шыротным напрамку. Асн. хрыбты: Кайлас, Алінг-Гангры, Ньенчэн-Тангла і інш. Паўн. схілы гор звычайна слаба расчлянёныя, паўд. — больш стромкія. Пераважаюць выш. 5000—5500 м, адносныя перавышэнні невял. (500—1000 м). Ва ўнутр. раёнах — чаргаванне горных ланцугоў і міжгорных катлавін унутр. сцёку на выш. каля 4500 м; у катлавінах шмат азёр (Намца і інш.). Клімат высакагорны, рэзка кантынентальны. Высакагорны стэп і халодныя пустыні; на паўд., больш вільготных схілах — участкі лугоў і хмызнякоў; каля азёр дрэвападобныя ядлоўцы. Пашыраны камяністыя паверхні. Невял. ледавікі, снежнікі. Жывёльны свет: з капытных — які, бараны, антылопы, куку-яманы, з драпежнікаў — воўк, тыбецкі ліс.
т. 5, с. 27
ГАНЕ́СТАВА Людміла Раманаўна
(н. 18.7.1923, в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Бел. кансерваторыю (1955, клас В.Несцярэнка). З 1949 артыстка хору Бел. радыё, у 1957—80 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У операх бел. кампазітараў стварыла яркія вобразы Марысі («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Аксаны («Калі ападае лісце» Ю.Семянякі). Яе творчай індывідуальнасці найб. блізкія былі партыі драм. і трагедыйнага плана ў класічных операх: Наташа («Русалка» А.Даргамыжскага), Тамара («Дэман» А.Рубінштэйна), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Чыо-Чыо-сан, Тоска (аднайм. оперы Дж.Пучыні); сярод інш. партый класічнага рэпертуару: Марыя, Настасся («Мазепа», «Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Леанора, Амелія («Трубадур», «Баль-маскарад» Вердзі), Джаконда («Джаконда» А.Панк’елі).
А.Я.Ракава.
т. 5, с. 27
ГАНЕ́ША, Ганапаці,
у індуісцкай міфалогіі «ўладар ганы» (групы) ніжэйшых божастваў, якія складаюць світу Шывы. Паводле эпасу, малююць з тулавам чалавека чырв. ці жоўтага колеру, вял. шарападобным жыватом, чатырма рукамі і галавой слана, з пашчы якой тарчыць толькі адзін бівень. Ганеша належыць да найб. папулярных інд. багоў, яго выявы і храмы вельмі пашыраны ў Індыі.
т. 5, с. 27
ГАНЖА́ Віталій Лявонцьевіч
(н. 1.1.1939, г. Палтава, Украіна),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р тэхн. н. (1992). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Скончыў Кіеўскі тэхнал. ін-т харч. прам-сці (1962). З 1964 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі; адначасова з 1994 праф. Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па цепламасапераносе ў мнагафазных сістэмах і цеплаабмене ў дысперсных асяроддзях, па ўласцівасцях псеўдазвадкаваных пластоў і праблемах энергазберажэння.
Тв.:
Фильтрация двухфазных однокомпонентных потоков в дисперсных средах. Мн., 1988 (разам з Г.І.Жураўскім);
Тепломассоперенос в многофазных системах. Мн, 1990 (разам з Г.І.Жураўскім, Э.М.Сімкіным).
т. 5, с. 27
ГА́НЗА
(ад ням. Hanse саюз, таварыства),
гандлёва-палітычны саюз купецтва многіх паўн.-еўрап. гарадоў у сярэдзіне 13—17 ст. Узнікла як антыпірацкі саюз купецтва 60 гарадоў Паўн. Германіі на чале з г. Любек (назва «Ганза» з 1358). Падзялялася на некалькі філіялаў: прускі на чале з Данцыгам (Гданьскам), рэйнскі — з Кёльнам і інш.; аб’ядноўвала каля 200 гарадоў. Найб. ролю адыгрывала вендская ганза на чале з Любекам, пазней Гамбургам, якая кантралявала гандаль у Паўн. Еўропе да пач. 16 ст. Ганза склікала сходы (ганзетагі) сваіх прадстаўнікоў, мела ўласны флот, абвяшчала вайну і мір, умешвалася ў справы балт. краін і вяла актыўную барацьбу за панаванне на Балт. і Паўн. морах. Мела калоніі, партовыя збудаванні, канторы, цэрквы ў многіх гарадах Еўропы (Амстэрдаме, Бруге, Лондане, Вісбю, Стакгольме, Бергене, Рызе, Ноўгарадзе і інш.), у т. л. на Беларусі (у Віцебску і Полацку). Паступова ганзейскае купецтва выцеснена са сваіх пазіцый англ., галандскімі і франц. купцамі. Апошні ганзетаг адбыўся ў Любеку ў 1669 з удзелам прадстаўнікоў толькі 6 гарадоў.
Літ.:
Рыбина Е.А. Иноземные дворы в Новгороде XII—XVII вв. М., 1986;
Никулина Т.С. Социально-политическая борьба в Ганзейском городе в XIV—XVI вв.: По материалам Любека. Куйбышев, 1988.
т. 5, с. 27
ГАНЗА́ГА (Gonzago, Gonzaga) П’етра ды Гатарда (25.3.1751, Лангароне, каля г. Венецыя, Італія — 6.8.1831), італьянскі жывапісец, тэатр. дэкаратар і архітэктар. Вучыўся ў Венецыі і Мілане, зазнаў уплыў А.Каналета і Дж.Б.Піранезі. З 1792 працаваў у Расіі. Дэкарацыі, створаныя ім пераважна для прыдворных т-раў і т-ра ў Архангельскім, вызначаліся гарманічнай дакладнасцю класіцыстычных формаў. Выкананыя Ганзага манум.-дэкар. размалёўкі дзякуючы ілюзорным эфектам стваралі ўражанне рэальна існуючай архітэктуры (размалёўка т.зв. галерэі Ганзага ў палацы ў Паўлаўску, 1822—23; захавалася часткова). Удзельнічаў у планіроўцы паркаў (у Паўлаўску і інш.).
т. 5, с. 27
ГА́НЗЕМАН (Hansemann) Давід
(12.7.1790, г. Гамбург, Германія — 4.8.1864),
палітычны дзеяч Германіі. Належаў да плыні памяркоўных лібералаў. Заснаваў Т-ва страхавання ад пажару (1825), «Дысконтнае т-ва» (1851) і «Першае прускае іпатэчнае акц. т-ва» (1862—64). Чл. ландтага (парламента) Рэйнскай прав. (з 1845). У час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі міністр фінансаў, прэм’ер-міністр Прусіі (ліп.—вер. 1848), кіраваў Прускім банкам (да 1851). Выступаў за развіццё сеткі чыгунак, вырашэнне сац. пытанняў эканам. захадамі, скасаванне прывілеяў юнкерства, умацаванне і пашырэнне Герм. мытнага саюза і інш.
т. 5, с. 28
ГАНІБА́Л
(Hannibal; 247 ці 246 да н.э., Карфаген — пач. 183 да н.э.),
карфагенскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Сын Гамількара Баркі. Удзельнічаў у ваен. кампаніях бацькі, у заваяванні карфагенянамі іберыйскіх плямён. З 225 камандаваў карфагенскай конніцай у Іспаніі, у 221 галоўнакаманд. карфагенскай арміяй. У 219 Ганібал напаў на саюзны рымлянам г. Сагунт, чым справакаваў 2-ю Пунічную вайну (218—201). У 218 перайшоў Альпы, атрымаў шэраг перамог у бітвах пры рэках Тыцына, Трэбія (218), каля Тразіменскага возера (217), пры Канах (216). У 202 у бітве пры г. Зама (Паўн. Афрыка) войска Ганібала разгромлена рымлянамі. У 201—195 правіў Карфагенам. Вымушаны пакінуць радзіму (западозраны рымлянамі ў падрыхтоўцы новай вайны), з 195 быў ваен. саветнікам асірыйскага цара Антыёха III. Каб не трапіць у рукі да рымлян, прыняў яд.
Літ.:
Кораблев И.Ш. Ганнибал. Ростов н/Д, 1997.
т. 5, с. 28