Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАНІЁМЕТР

(ад грэч. gonia вугал + ...метр),

1) прылада для вымярэння двухгранных вуглоў паміж гранямі цвёрдых цел. Бывае прыкладны і адбівальны. Прыкладны ганіёметр мае транспарцір і лінейку. Дакладнасць вымярэнняў да 15. Адбівальны ганіёметр мае каліматар, зрокавую трубу і адліковае прыстасаванне. Дакладнасць вымярэнняў да 1′. Выкарыстоўваецца ў метралогіі, крышталяграфіі, геадэзіі і інш. 2) Прыстасаванне для зрушэння дыяграмы накіраванасці антэны эл. спосабам. Выкарыстоўваецца ў радыёпеленгатарах.

т. 5, с. 28

ГАНІМЕ́Д,

у грэчаскай міфалогіі сын траянскага цара Троса. За незвычайную прыгажосць яго выкраў Зеўс (паслаў за ім арла ці быў сам у абліччы арла). На Алімпе Ганімед стаў каханкам Зеўса і віначэрпам багоў. Паводле інш. міфаў, Ганімед узнесены на неба ў выглядзе задыякальнага сузор’я Вадалей. Міф пра Ганімеда — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. роспісы, малюнак Мікеланджэла, скульптуры Леахара, Б.Торвальдсена, карціны Карэджа, П.П.Рубенса, Рэмбранта і інш.).

т. 5, с. 28

ГАНІМЕ́Д,

малая планета № 1036. Дыяметр 28 км, найменшая адлегласць ад Сонца 1,22 а.а., найбольшая — 4,1 а.а. Па выцягнутасці (эксцэнтрысітэт 0,54) і нахіле да плоскасці зямной арбіты (26°) арбіта нагадвае арбіту каметы (заходзіць унутр арбіты Марса). Адкрыта В.Баадэ (Германія, 1924).

т. 5, с. 28

ГАНІМЕ́Д,

спадарожнік планеты Юпітэр. Дыяметр каля 5280 км, адлегласць ад Юпітэра 1,07 млн. км. Ганімед — самы вял. па памерах спадарожнік Юпітэра, на 40% складаецца з вадзянога лёду, мае атмасферу. Адкрыты Г.Галілеем (1610).

т. 5, с. 28

ГА́НІЧАЎ Валерый Мікалаевіч

(н. 3.8.1933, ст. Пестава Наўгародскай вобл., Расія),

рускі празаік, публіцыст. Д-р гіст. н. (1978). Скончыў Кіеўскі ун-т (1956). Працаваў гал. рэдактарам «Комсомольской правды» (1978—80). З 1981 гал. рэдактар «Роман-газеты», з 1994 старшыня СП Расіі. Нам. кіраўніка Рус. нар. сабора. Аўтар гіст. раманаў «Рос непераможны» (1985), «Флотаводзец», 1992), кн. публіцыстыкі «Рускія вёрсты» (1994).

С.С.Лаўшук.

т. 5, с. 28

ГАНІЯТЫ́ТЫ

(Goniatitidae),

атрад вымерлых галаваногіх малюскаў надатр. аманітаў. Каля 300 родаў. Жылі з дэвону да пач. трыясу ў морах. Частка іх свабодна плавала, некаторыя — донныя. На Беларусі рэшткі ракавін пашыраны ў фаменскіх (міжсалявых) адкладах дэвону Прыпяцкай упадзіны.

Мелі плоскаспіральную ракавіну з доўгай жылой камерай. Сіфон краявы, брушны, лопасцевая лінія параўнальна простая. Драпежнікі.

Літ.:

Основы палеонтологии: Моллюски-головоногие. М., 1962;

Богоявленская О.В., Федоров М.Ф. Основы палеонтологии. М., 1990.

т. 5, с. 28

ГА́НКІН Евель Мордухавіч

(26.10.1922, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1996),

бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1943). З 1946 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Лепшыя работы адметныя кампазіцыйнай завершанасцю, трапнай характарыстыкай вобразаў. Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954, з А.Грыгар’янцам), «Нашы суседзі» (1957), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958), «Апошні хлеб» (1963), «Крыніцы» (1965), «Я родам з дзяцінства» (1967), «Вайна пад стрэхамі» (1971), «Заўтра будзе позна» (СССР — Чэхаславакія, 1973), «Хлеб пахне порахам» (1974), тэлефільмаў «Кафедра» (1982), «Яго батальён» (1988), «Пайсці і не вярнуцца» (1989). Працаваў таксама ў галіне станковай і кніжнай графікі.

Л.Ф.Салавей.

т. 5, с. 28

ГАНКО́НГ

(англ. Hongkong),

уладанне Вялікабрытаніі (да 1997) на ПдУ Кітая. Гл. Сянган.

т. 5, с. 28

ГАНКУ́Р (Goncourt) дэ, браты Эдмон (26.5.1822, г. Нансі, Францыя — 16.7.1896) і Жуль (17.12.1830, Парыж — 20.6.1870), французскія пісьменнікі-сааўтары, мастацтвазнаўцы. Стварылі раманы, у якіх рысы натуралізму спалучаны з імпрэсіяністычнай манерай пісьма, што перадае найтанчэйшыя станы чалавечай душы і суб’ектыўныя адчуванні: «Шарль Дэмайі» (1860), «Сястра Філамена» (1861), «Рэнэ Мапрэн» (1864), «Жэрміні Ласертэ» (1865), «Манет Саламон» (1867), «Мадам Жэрвезэ» (1869) і інш. Стваральнікі кніг па гісторыі і мастацтве 18 ст.: «Гісторыя французскага грамадства эпохі Рэвалюцыі» (1855), «Гісторыя Марыі Антуанеты» (1858), «Мастацтва XVIII ст» (1859), «Жанчына ў XVIII ст.» (1862) і інш. «Дзённік. Мемуары з літаратурнага жыцця» (т. 1—9, 1887—96, поўнае выд. т. 1—22, 1956—58) — фундаментальная хроніка развіцця л-ры і мастацтва Францыі ў 1851—96. Толькі Эдмон Ганкур напісаў раманы «Дзеўка Эліза» (1877), «Браты Земгано» (1879), «Актрыса Фастэн» (1882) і інш.; працы па японскім мастацтве «Утамара...» (1891), «Хакусай» (1896). Паводле яго завяшчання заснавана т.зв. Ганкураўская акадэмія. У 1903 устаноўлена Ганкураўская прэмія, фонд якой склаў капітал, завешчаны Эдмонам Ганкурам.

Тв.:

Рус. пер. — Дневник. Т. 1—2. М., 1964;

Братья Земганно;

Актриса Фостен. Жермини Ласерте;

М., 1972

С.В.Логіш.

т. 5, с. 28

ГА́ННА ІВА́НАЎНА

(7.2.1693, Масква — 28.10.1740),

расійская імператрыца [1730—40]. З дынастыі Раманавых. Дачка Івана V Аляксеевіча, пляменніца Пятра І. Герцагіня Курляндская (1710—11). Запрошана на прастол Вярхоўным тайным саветам на пэўных умовах («кандыцыях»), якія прадугледжвалі абмежаванне манарх. улады на карысць феад. арыстакратыі. Пры падтрымцы дваранства і афіцэраў гвардыі на пачатку царавання адмовілася ад «кандыцый» і ліквідавала Вярх. тайны савет (4.3.1730). Дала шэраг прывілеяў дваранам (права на валоданне населенымі маёнткамі, абмежаванне тэрміну грамадз. і ваен. службы да 25 гадоў і інш.), заснавала Кабінет міністраў (1731). Пры Ганне Іванаўне заключаны гандл. дагавор паміж Расіяй і Вялікабрытаніяй (1734), адбылася рус.-тур. вайна 1735—39, у выніку якой Расія набыла крэпасць Азоў. Значную ролю ў кіраванні дзяржавай адыгрываў яе фаварыт граф. Э.І.Бірон (гл. Біронаўшчына).

т. 5, с. 28