ГАНДЫСЫША́НЬ,

Трансгімалаі, горная сістэма ў Азіі, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Выш. да 7315 м (г. Алінг-Гангры). Працягнулася на 1600 км паралельна Гімалаям, аддзелена ад іх на Пд далінамі р. Цангпо (мясцовая назва р. Брахмапутра) і верхнім цячэннем р. Інд. Складзена пераважна з мезазойскіх гранітаў, кварцытаў, сланцаў, вапнякоў. Горныя ланцугі выцягнуты ў шыротным напрамку. Асн. хрыбты: Кайлас, Алінг-Гангры, Ньенчэн-Тангла і інш. Паўн. схілы гор звычайна слаба расчлянёныя, паўд. — больш стромкія. Пераважаюць выш. 5000—5500 м, адносныя перавышэнні невял. (500—1000 м). Ва ўнутр. раёнах — чаргаванне горных ланцугоў і міжгорных катлавін унутр. сцёку на выш. каля 4500 м; у катлавінах шмат азёр (Намца і інш.). Клімат высакагорны, рэзка кантынентальны. Высакагорны стэп і халодныя пустыні; на паўд., больш вільготных схілах — участкі лугоў і хмызнякоў; каля азёр дрэвападобныя ядлоўцы. Пашыраны камяністыя паверхні. Невял. ледавікі, снежнікі. Жывёльны свет: з капытных — які, бараны, антылопы, куку-яманы, з драпежнікаў — воўк, тыбецкі ліс.

т. 5, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)