Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХА́ЛЕД Ібн Абд аль-Азіз ас-Саўд

(1913, Эр-Рыяд — 1982),

кароль Саудаўскай Аравіі [1975—82], адзін з 36 сыноў караля Ібн Сауда. Атрымаў рэліг. адукацыю. У 1930-я г. займаў розныя адм. пасады, з 1934 нам. міністра замежных спраў, з 1962 нам. кіраўніка ўрада, з 1965 — наследны прынц. Абвешчаны каралём 25.3.1975, пасля забойства яго брата караля Саудаўскай Аравіі Фейсала.

т. 16, с. 528

ХАЛЕКАЛЬЦЫФЕРО́Л, вітамін D3,

тлушчарастваральны вітамін; адзін з найважн. кальцыферолаў. Гал. крыніцы Х.: печань млекакормячых, птушак і рыб, яечны жаўток, сметанковае масла.

Бясколернае крышт. злучэнне, добра раствараецца ў маслах і арган. растваральніках (спірт, эфір і інш.). Х. вельмі адчувальны да ўздзеяння святла і кіслароду. Недахоп у арганізме выклікае рахіт у дзяцей, мышачныя болі, дыстрафію касцявой тканкі ў дарослых. Прысутнічае ў выглядзе правітаміну Х. ў скурным покрыве людзей (для ператварэння ў Х. дастаткова сонечнага апрамянення). Выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 16, с. 528

ХАЛЕ́РА (грэч. cholera ад cholē жоўць),

вострая інфекцыйная хвароба чалавека; адна з каранцінных хвароб. Яе ўзбуджальнікі — класічныя халерныя вібрыёны (Інаба, Агава, Гікашыма), таксама вібрыён Х. 01 біятып Эль-Тор і новы штам (V. Cholerae 0139), які з’явіўся ў Індыі (1992).

Крыніца інфекцыі — хворы на Х. або вібрыёнаносьбіт. Заражэнне кантактна-быт. шляхам па фекальна-аральным механізме. Інкубацыйны перыяд 1—6 дзён. Пачынаецца з раптоўнага паносу (на фоне нармальнай т-ры цела). Стул мутнавата-белага колеру (т.зв. рысавы адвар»). Пазней з’яўляецца рвота (часам вадзяністая). У хворых на Х. развіваецца абязводжванне арганізма (смага, сухасць слізістых абалонак, зніжэнне тургару скуры), агульная інтаксікацыя. У цяжкіх выпадках — парушэнне свядомасці, шок. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў, Г.​А.​Збароўская.

т. 16, с. 529

ХАЛЕ́РА ПТУ́ШАК,

інфекцыйная хвароба; гл. ў арт. Пастэрэлёз.

т. 16, с. 529

ХАЛЕ́РНЫЯ БУ́НТЫ ў Расіі,

масавыя стыхійныя выступленні гараджан, сялян, салдат у час эпідэміі халеры 1830—31. Незадаволенасць насельніцтва выклікалі незразумелыя яму і звязаныя з рознымі нязручнасцямі супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы ўрада (каранціны, ўзбр. кардоны, забароны перамяшчэнняў і інш.), выкананне якіх часам суправаджалася жорсткім абыходжаннем з людзьмі. Непасрэднай падставай для бунтаў сталі чуткі пра наўмыснае атручванне народа лекарамі і чыноўнікамі. Узрушаныя натоўпы грамілі паліцэйскія ўстановы і казённыя бальніцы, забівалі мед. работнікаў, чыноўнікаў, афіцэраў, памешчыкаў. Найбуйнейшыя Х.б.: Севастопальскі (1830), Тамбоўскі, на Сеннай плошчы ў Пецярбургу, У Старарускай і Наўгародскай акругах ваенных пасяленняў (1831). Падаўлены войскамі; тысячы ўдзельнікаў пакараны цялесна (многія пасля памерлі) і сасланы на катаргу.

т. 16, с. 529

ХАЛЕ́РЫК (ад грэч. cholē жоўць),

суб’ект, які мае адзін з чатырох асн. тыпаў тэмпераменту і характарызуецца высокім узроўнем псіхічнай актыўнасці, энергічнасцю дзеянняў, рэзкасцю, імклівасцю, хуткасцю і парывістасцю рухаў. Схільны да рэзкіх змен настрою, запальчывасці, нецярплівасці, часам да агрэсіўнасці. Пры неспрыяльных умовах і адсутнасці патрэбнага выхавання недастатковая эмацыянальная ўраўнаважанасць можа прывесці да няздольнасці кантраляваць свае эмоцыі.

т. 16, с. 529

ХАЛЕСТЭРЫ́Н, халестэрол,

арганічнае злучэнне, важнейшы стэрын жывёл. Вылучаны з жоўцевых камянёў (адсюль назва: грэч. cholē жоўць). Прысутнічае ў жывых арганізмах, у т. л. бактэрыях і інш.

Бясколерныя крышталі, нерастваральныя ў вадзе. Здольныя да ўтварэння малекулярных комплексаў з солямі, к-тамі, бялкамі і інш. Усмоктваецца ў тонкім кішэчніку. У пазваночных жывёл вял. колькасць Х. ў ліпідах нерв. тканкі, печані, наднырачніках. Важнейшая біяхім. функцыя Х. ў пазваночных — ператварэнне ў прагестэрон у плацэнце, семянніках, наднырачніках. Лішак Х. ў арганізме садзейнічае развіццю атэрасклерозу. У прам-сці з Х. сінтэзуюць стэроідныя прэпараты.

т. 16, с. 529

ХАЛЕ́ЦКІЯ,

шляхецкі род уласнага герба ў ВКЛ. Родапачынальнік Мішка жыў у канцы 14 ст., меў некалькі сыноў, у т. л. Каленіка, з нашчадкаў якога паходзіць род Тышкевічаў. Павел Мішкавіч у 1437 атрымаў ад вял. кн. Свідрыгайлы замест г. Сноўск у Северскай зямлі маёнтак Хальч недалёка ад Гомеля. Ад назвы маёнтка, які да пач. 20 ст. знаходзіўся ў валоданні роду Х., утворана родавае прозвішча. Сынамі Паўла былі Яўстафій, Андрэй, Багдан, падключы віленскі. Магчыма, сынам Паўла быў Грыгорый (?—1472), мітрапаліт кіеўскі. Найб. вядомыя: Іосіф Яўстаф’евіч, сын Яўстафія Паўлавіча. Гараднічы рэчыцкі (паміж 1501—06). Міхаіл Яўстаф’евіч, сын Яўстафія Паўлавіча. Пасол у Залатую Арду ў 1484, 1496, 1501, 1511. Адыгрываў важную ролю ва ўсх. дыпламатыі ВКЛ, намеснік рэчыцкі ў 1511. Міхаіл Міхайлавіч, сын Міхаіла Яўстаф’евіча. Гараднічы кіеўскі, староста оўруцкі, пасол у Крым у 1521. Есіф Міхайлавіч (7—1559), сын Міхаіла Міхайлавіча. Староста оўруцкі ў 1544—53, чаркаскі і канеўскі з 1555, маршалак гаспадарскі з 1558. У 1537 разам з братам Астафам атрымаў пацвярджальны прывілей на маёнтак Хальч. Дзмітрый Есіфавіч (Іосіфавіч; каля 1550 — да 20.1.1598), сын Есіфа Міхайлавіча. Мечнік ВКЛ у 1579—88, падскарбі дворны ў 1588—90, падскарбі земскі і пісар ВКЛ з 1590. Маршалак сойма ў 1589. Быў каралеўскім камісарам пры падпісанні Брэсцкай уніі 1596. Андрэй Іосіфавіч (7 — да 6.2.1595), сын Есіфа Міхайлавіча. Рэчыцкі пісар земскі ў 1569, суддзя земскі з 1579, маршалак з 1589. Пасол на сойм 1569, падпісаў акт Люблінскай уніі 1569, пасол у Вял. княства Маскоўскае з паведамленнем пра заключэнне уніі. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82, у т. л. ў баях пад Полацкам, Вял. Лукамі, Псковам. Ян Іосіфавіч (? — да 24.8.1615), сын Есіфа Міхайлавіча. Маршалак гаспадарскі ў 1588—89, мечнік ВКЛ з 1589. Мікалай Крыштоф (каля 1589—7.4.1653), сын Дзмітрыя Есіфавіча. Каралеўскі дваранін, 18 разоў быў паслом на соймы. Мечнік ВКЛ у 1615—50, ваявода новагародскі з 1650, староста алькеніцкі, ляйпунскі, оліцкі. Аляксандр (7 — да 12.10.1651), сын Дзмітрыя Есіфавіча. Войт віленскі ў 1610—20, каралеўскі сакратар у 1620, маршалак лідскі з 1623. Шмат разоў выбіраўся паслом на соймы, яго маршалак у 1627, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1628—32. Уладзіслаў Юрый (30.5.1606, мяст. Ваганаў Брэсцкага ваяв. — 4.2.1668), сын Яна Іосіфавіча. З 1625 служыў у войску. Падкаморы і староста мазырскі з 1654, стражнік ВКЛ з 1656. Шмат разоў быў паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ, яго маршалкам у 1649. Вызначыўся ў час баявых дзеянняў з Б.​Хмяльніцкім, у бітве пад Берасцечкам 1651, са шведскімі і рас. войскамі. Міхаіл (12.11.1679, мяст. Вяйсеі Гродзенскага пав., цяпер г. Вейсеяй, Літва — 24.1.1715), сын Караля Казіміра, старосты мазырскага. Староста мазырскі з 1695, абозны ВКЛ з 1709, пасол на соймы 1696—97. Палкоўнік войска ВКЛ (1697), ваяваў супраць Сапегаў, вызначыўся ў бітве пад Алькенікамі 1700. У 1703 пасол да цара Пятра I.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 16, с. 529

ХАЛЕЦЫСТЫ́Т (ад грэч. cholē жоўць + kystis пузыр),

запаленне жоўцевага пузыра. Звычайна ўзнікае пры застоі жоўці і камянях у жоўцевым пузыры, пападанні ў яго мікраарганізмаў. Часта бывае разам з жоўцекамянёвай хваробай.

Востры Х. або абвастрэнне хранічнага выяўляюцца болямі ў правым падрабрынні, моташнасцю, ірвотай, павышэннем т-ры цела, зрэдку развіццём жаўтухі. Пры хранічным Х. гаркота ў роце, моташнасць, балючасць і адчуванне цяжару ў правым падрабрынні і жываце (узмацняецца пасля прыёму тлустай і смажанай ежы). Ускладненні: утварэнне гнайнікоў, перытаніт і інш. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 529

ХАЛІ́ЗМ (ад грэч. holos цэлы, увесь),

метадалагічны прынцып, згодна з якім цэлае большае, чым сума яго частак. Сфармуляваны паўд.-афр. філосафам Я.​Смэтсам у працы «Халізм і эвалюцыя» (1926). Цэлае ў Х. разумеецца як цэнтр. паняцце філасофіі, якое сінтэзуе ў сабе аб’ектыўнае і суб’ектыўнае, матэрыяльнае і духоўнае; выяўленнем цэлага лічыцца працэс эвалюцыі, які ў ходзе якасных пераўтварэнняў параджае новыя аб’екты (цэласнасці). Паводле Х., прынцып цэласнасці як арганічная сусв. субстанцыя нерасчляняльны і непазнавальны ў адрозненне ад інш. састаўляючай кожнай з’явы — мех. структурнасці, даступнай навук. пазнанню. Найвышэйшай формай арган. цэласнасці Х. прызнае чалавечую асобу. Ідэі Х. развівалі А.​Меер-Абіх (Германія), А.​Леман (Францыя); на прынцыпе Х. пабудаваны шэраг фундаментальных палажэнняў філасофіі навукі, фенаменалогіі і гештальтпсіхалогіі.

т. 16, с. 529