ХАЛЕЦЫСТЫ́Т (ад грэч. cholē жоўць + kystis пузыр),

запаленне жоўцевага пузыра. Звычайна ўзнікае пры застоі жоўці і камянях у жоўцевым пузыры, пападанні ў яго мікраарганізмаў. Часта бывае разам з жоўцекамянёвай хваробай.

Востры Х. або абвастрэнне хранічнага выяўляюцца болямі ў правым падрабрынні, моташнасцю, ірвотай, павышэннем т-ры цела, зрэдку развіццём жаўтухі. Пры хранічным Х. гаркота ў роце, моташнасць, балючасць і адчуванне цяжару ў правым падрабрынні і жываце (узмацняецца пасля прыёму тлустай і смажанай ежы). Ускладненні: утварэнне гнайнікоў, перытаніт і інш. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)