ХАЛЕ́РА (грэч. cholera ад cholē жоўць),
вострая інфекцыйная хвароба чалавека; адна з каранцінных хвароб. Яе ўзбуджальнікі — класічныя халерныя вібрыёны (Інаба, Агава, Гікашыма), таксама вібрыён Х. 01 біятып Эль-Тор і новы штам (V. Cholerae 0139), які з’явіўся ў Індыі (1992).
Крыніца інфекцыі — хворы на Х. або вібрыёнаносьбіт. Заражэнне кантактна-быт. шляхам па фекальна-аральным механізме. Інкубацыйны перыяд 1—6 дзён. Пачынаецца з раптоўнага паносу (на фоне нармальнай т-ры цела). Стул мутнавата-белага колеру (т.зв. рысавы адвар»). Пазней з’яўляецца рвота (часам вадзяністая). У хворых на Х. развіваецца абязводжванне арганізма (смага, сухасць слізістых абалонак, зніжэнне тургару скуры), агульная інтаксікацыя. У цяжкіх выпадках — парушэнне свядомасці, шок. Лячэнне тэрапеўтычнае.
А.А.Астапаў, Г.А.Збароўская.
т. 16, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)