ХАЛЕКАЛЬЦЫФЕРО́Л, вітамін D3,
тлушчарастваральны вітамін; адзін з найважн. кальцыферолаў. Гал. крыніцы Х.: печань млекакормячых, птушак і рыб, яечны жаўток, сметанковае масла.
Бясколернае крышт. злучэнне, добра раствараецца ў маслах і арган. растваральніках (спірт, эфір і інш.). Х. вельмі адчувальны да ўздзеяння святла і кіслароду. Недахоп у арганізме выклікае рахіт у дзяцей, мышачныя болі, дыстрафію касцявой тканкі ў дарослых. Прысутнічае ў выглядзе правітаміну Х. ў скурным покрыве людзей (для ператварэння ў Х. дастаткова сонечнага апрамянення). Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
т. 16, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)