ХАЛІ́ЗМ (ад грэч. holos цэлы, увесь),

метадалагічны прынцып, згодна з якім цэлае большае, чым сума яго частак. Сфармуляваны паўд.-афр. філосафам Я.​Смэтсам у працы «Халізм і эвалюцыя» (1926). Цэлае ў Х. разумеецца як цэнтр. паняцце філасофіі, якое сінтэзуе ў сабе аб’ектыўнае і суб’ектыўнае, матэрыяльнае і духоўнае; выяўленнем цэлага лічыцца працэс эвалюцыі, які ў ходзе якасных пераўтварэнняў параджае новыя аб’екты (цэласнасці). Паводле Х., прынцып цэласнасці як арганічная сусв. субстанцыя нерасчляняльны і непазнавальны ў адрозненне ад інш. састаўляючай кожнай з’явы — мех. структурнасці, даступнай навук. пазнанню. Найвышэйшай формай арган. цэласнасці Х. прызнае чалавечую асобу. Ідэі Х. развівалі А.​Меер-Абіх (Германія), А.​Леман (Францыя); на прынцыпе Х. пабудаваны шэраг фундаментальных палажэнняў філасофіі навукі, фенаменалогіі і гештальтпсіхалогіі.

т. 16, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)