Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛА́ДАВАЯ ПЕРАМЕ́ННАСЦЬ,

тыповае для народнай музыкі ўзаемадзеянне дыятанічных манадыйных (меладычных) ладоў. Можа выяўляцца ў пераходзе з аднаго ладу ў іншы (падобна мадуляцыі) або, значна радзей, у іх узаемапранікненні ў рамках адзінай структуры. Засн. на пераасэнсаванні тонаў меладычнага ладу. Вылучаюць 3 тыпы Л.п.: паралельную, аднайменную і складаную.

Пры першай узаемадзейнічаюць т. зв. паралельныя лады з агульным дыятанічным гукарадам, але рознымі ўстоямі (меладычнымі тонікамі); у традыц. муз. фальклоры ўсх.-слав. народаў, у т.л. беларусаў, найб. пашырана секундавая, квартавая, тэрцавая пераменнасць. Другая ўтвараецца ў выніку ўзаемадзеяння т.зв. аднайменных ладоў з агульным устоем, але рознымі гукарадамі, нязменнасць устоя цягне за сабой вышынную варыянтнасць пабочных ступеней гукарада. Складаная Л.п. вызначаецца ўзаемадзеяннем ладоў з рознымі ўстоямі і неаднолькавымі гукарадамі, звычайна ўтвараецца пры спалучэнні ў адным напеве меладычных фраз рознай ладавай структуры; у бел. нар. музыцы характэрна пазаабрадавай лірыцы познакласічнай традыцыі. Л.п. шырока адлюстравана ў творчасці бел. кампазітараў.

Літ.:

Кастальский А.Д. Особенности народно-русской музыкальной сисгемы. М., 1961;

Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1964. № 4;

Юденич Н.Н. Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;

М., 1973. Вып. 2.

А.А.Друкт.

т. 9, с. 94

ЛА́ДАВА БАЛО́ТА На ПнЗ Хойніцкага р-на Гомельскай вобл., абапал берагоў р. Віць. Нізіннага тыпу. Пл. 12 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 9,9 тыс. га. Глыб. торфу да 7,3 м. На балоце радовішча сапрапелю. Здабычу торфу на 0,6 тыс. га вядзе торфабрыкетны з-д «Хойніцкі». Астатняя частка выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць.

т. 9, с. 94

ЛА́ДАГА,

старажытнарускі горад на р. Волхаў (цяпер с. Старая Л. Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл.). Згадваецца ў рус. летапісах і скандынаўскіх сагах. Да 10 ст. апорны пункт на шляху «з варагаў у грэкі», у 11—15 ст. крэпасць і рамесна-гандл- цэнтр Наўгародскай феадальнай рэспублікі, з 1478 — Маскоўскага вялікага княства. Эканам. значэнне страціла пасля буд-ва паўн. порта ў Архангельску, ваеннае захоўвала да 17 ст. У 1703 Пётр I перанёс горад у вусце Волхава (Новая Л.). На месцы стараж. Л. захаваліся рэшткі землянога вала, каменнай крэпасці, тры царквы 12—15 ст. з фрагментамі фрэсак. Раскопкі вядуцца з 1880-х г.

т. 9, с. 94

ЛА́ДАЖСКАЕ ВО́ЗЕРА, Ладага,

Няво. Найбуйнейшае прэснаводнае возера ў Еўропе; на ПнЗ еўрап. часткі Рас. Федэрацыі, у Карэліі і Ленінградскай вобл. Пл. 17,7 тыс. км2 (з астравамі 18,1 тыс. км2). Даўж. 219 км, сярэдняя шыр. 83 км, сярэдняя глыб. 51 м, найб. 230 м. Аб’ём вады 908 км3. Катлавіна тэктанічна-ледавіковага паходжання. Дно складанай будовы, у паўн. і цэнтр. частках выслана ілам. Паўн. і паўн.-зах. берагі высокія, скалістыя, глыбока парэзаны фіёрдападобнымі залівамі. Шматлікія лясістыя астравы ўтвараюць шхеры. Паўд. берагі пераважна невысокія, спадзістыя, слабапарэзаныя, з берагавымі валамі і дзюнамі. У многіх месцах прыбярэжжа нагрувашчанне валуноў. На возеры каля 660 астравоў, з іх каля 500 у паўн.-зах. яго частцы. каля 65 — у цэнтральнай, у т.л. Валаамскія астравы і Зах. архіпелаг. Вадазборны басейн (пл. 276 тыс. км2) уключае каля 50 тыс. азёр (найб. Анежскае, Ільмень, Сайма) і 3,5 тыс. рэк даўж. больш за 10 км; упадаюць 35 рэк, найб. з іх Свір, Волхаў, Вуокса; выцякае р. Нява, якая звязвае возера з Фінскім зал. З бас. Волгі — звязана Волга-Балтыйскім водным шляхам, Вышневалоцкай і Ціхвінскай сістэмамі, з Белым морам — праз р. Свір, Анежскае воз. і Беламорска-Балтыйскі канал. Клімат умерана халодны. Сярэдняя т-ра паветра ў лют. ад -8 да -10 °C, у ліп. 16—17 °C; т-ра вады — на паверхні ў жн. каля 16 °C (найб. 25 °C), у глыбінных пластах летам 4—4,5, зімой 2—2,5 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Возера халаднаводнае, з запаволенымі біял. працэсамі. Характэрны згонна-нагонныя з’явы, сейшы, штормы. Прыбярэжная частка замярзае ў ліст.снеж., цэнтр. частка — у снеж.сак., крыгалом у цэнтр. частцы ў 2-й пал. сак., у паўн. частцы ў 1-й пал. мая. Празрыстасць вады ў цэнтр. частцы 4,5 м, каля берагоў 1—2,5 м, на 3 ад вострава Валаам да 8—10 м. Вада прэсная, гідракарбанатна-кальцыевая, з мінералізацыяй 56 мг/л. Каля 58 відаў рыб, у т.л. прамысловыя: асетр, вугор, ласось, стронга, судак, лешч, акунь, корушка, плотка, шчупак. Трапляецца цюлень. Рыбалоўства. Суднаходства. Рэкрэацыя. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. У 9—12 ст. праз Л.в. праходзіў водны шлях «з варагаў у грэкі». З ліст. 1941 да студз. 1944 па Л.в. праходзіла «Дарога жыцця» ў блакіраваны ням. фашыстамі Ленінград. У сувязі з індустрыялізацыяй рэгіёна Л.в. падпала пад значнае антрапагеннае ўздзеянне (забруджванне, эўтрафаванне). На берагах Л.в. гарады Прыазёрск, Петракрэпасць, Сортавала, Новая Ладага, Шлісельбург і інш.

Ладажскае возера.

т. 9, с. 95

ЛАДА́КХ,

горны хрыбет на Пн ад Вял. Гімалаяў, у басейне р. Інд, у Індыі і Кітаі. Даўж. больш за 600 км. Выш. да 7728 м (г. Гурла-Мандхата). Складзены пераважна з гнейсаў і гранітаў. На выш. 5500—5700 м паверхні выраўноўвання, над якімі ўзвышаюцца зубчастыя грабяні са снежнікамі і ледавікамі. На паўд.-зах. схілах хмызняк, на паўн.-ўсх. ландшафты халодных пустынь.

т. 9, с. 95

ЛА́ДАН

(ад грэч. ladanon),

пахучая смала, што выдзяляецца некаторымі раслінамі сям. ладаннікавых і бурзеравых. Мае ў сабе камедзі, эфірныя алеі, горычы і інш. Часткова растваральны ў вадзе і арган. растваральніках; пры награванні ўзганяецца. Л. атрымліваюць падсочкай пераважна ладаннага дрэва і басвеліі свяшчэннай (Усх. Афрыка і ПдЗ Аравійскага п-ва). Выкарыстоўваецца для пахучых курэнняў у рэліг. абрадах, у парфуме.

т. 9, с. 95

ЛА́ДАСНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ладасна (выцякае з возера), за 18 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,61 км2, даўж. каля 2 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 13,7 м, даўж. берагавой лініі 4,7 км. Пл. вадазбору 41 км2. Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пад хмызняком, на 3 і ПнУ разараныя. Зона мелкаводдзя вузкая і стромкая, у канцавых ч. возера (на Пд і Пн) больш шырокая, выслана пяскамі. З глыб. 5—6 м дно выслана ілам. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 10 м (на Пн і Пд да 60 м). Упадаюць 4 ручаі, у т.л. з азёр Кабак (на Пд) і Гарадзішча (на 3).

т. 9, с. 95

ЛА́ДА-ЗАБЛО́ЦКІ (Заблоцкі-Лада) Тадэвуш Гіляравіч [27.8.1811, в. Лугінава (Лугінавічы) Сенненскага р-на Віцебскай вобл.жн. 1847], паэт. Пісаў на польск., рус., франц. і, магчыма, бел. мовах. Скончыў Віцебскую гімназію. З 1831 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, член тайнага студэнцкага т-ва, зблізіўся з В.Бялінскім. У 1833 выключаны з ун-та, высланы на радзіму, зняволены ў Віцебскай турме; у 1837 сасланы ў Таганрог. З 1838 на Каўказе, служыў у Каўказскім асобным корпусе, кіраўнік на саляных капальнях. Там пазнаёміўся з груз., азерб., рус. пісьменнікамі і асветнікамі; перакладаў іх творы на польск., франц., рус. мовы. Выступаў як паэт-рамантык. У творах у алегарычнай форме заклікаў да барацьбы супраць самадзяржаўя. Паэтызаваў прыгажосць Віцебшчыны (паэмы «Ваколіцы Віцебска», вершы «Да Дзвіны», «Да Лучосы», «Даўжанскае возера», «Вілія»), Каўказа («Алазанская даліна»), У 1845 выдаў на польск. мове зб. «Паэзія». У рукапісах пакінуў «Матэрыялы да гісторыі славянскай цывілізацыі і літаратуры». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.Бітэль, У.Мархель, К.Цвірка.

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 484—487.

А.В.Мальдзіс.

Т.Г.Лада-Заблоцкі.

т. 9, с. 95

ЛАДДЗЯ́,

старажытнае рачное і марское судна ўсх. славян. Шырока бытавала на тэр. Беларусі. Вядома з 7 ст., калі на іх перавозілі грузы па шляху «з варагаў у грэкі». Аднадрэвы човен, найчасцей з дашчанымі набоямі па баках для павелічэння памераў. З 12 ст. мела палубу. Кіравалася рулявымі вёсламі на карме і носе, рухалася з дапамогай грабных вёслаў і ветразя. Вял. Л. змяшчала 40—60 і нават 100 чал. Тэрмін «Л.» выйшаў з ужытку ў 14 ст. ў сувязі са з’яўленнем тэрміна «судна».

Н.І.Буракоўская.

т. 9, с. 95

ЛАДДЗЯ́Н

(Corallorhiza),

род кветкавых раслін сям. архідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Л. трохнадрэзаны (C. trifida), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы ў Бярэзінскім біясферным запаведніку і бат. заказніку каля воз. Вял. Швакшты (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Трапляецца на аблесеных балотах, у вільготных лясах, ярах.

Шматгадовыя травяністыя расліны, пазбаўленыя хларафілу (сапрафіты), выш. 8—30 см, з мясістым каралападобным карэнішчам. Лісце лускападобнае. жаўтаватае. Кветкі дробныя, жаўтавата- або зеленавата-белыя, паніклыя, у рыхлай гронцы. Плод — каробачка.

Ладдзян трохнадрэзаны.

т. 9, с. 95