ЛА́ДАН

(ад грэч. ladanon),

пахучая смала, што выдзяляецца некаторымі раслінамі сям. ладаннікавых і бурзеравых. Мае ў сабе камедзі, эфірныя алеі, горычы і інш. Часткова растваральны ў вадзе і арган. растваральніках; пры награванні ўзганяецца. Л. атрымліваюць падсочкай пераважна ладаннага дрэва і басвеліі свяшчэннай (Усх. Афрыка і ПдЗ Аравійскага п-ва). Выкарыстоўваецца для пахучых курэнняў у рэліг. абрадах, у парфуме.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)