ГЕАБАТАНІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты расліннасці, карты, якія адлюстроўваюць геагр. пашырэнне тыпалагічных падраздзяленняў расліннасці (асацыяцый, груп, фармацый) ці іх прасторавых камбінацый (комплексаў, спалучэнняў, радоў). У залежнасці ад мэтавага прызначэння і прынцыпаў пабудовы геабатанічныя карты падзяляюцца на універсальныя і спецыялізаваныя. Універсальныя геабатанічныя карты паказваюць размеркаванне натуральных адзінак расліннага покрыва, што склаліся ў працэсе яго гіст. развіцця, змены, якія адбыліся пад уплывам дзейнасці чалавека. Спецыялізаваныя геабатанічныя карты адлюстроўваюць рысы расліннасці, найб. важныя для гасп. выкарыстання, маюць пэўныя прыкладныя задачы (кармавыя, лясныя, раслінных рэсурсаў), часам уключаюць дадатковыя паказчыкі.
т. 5, с. 109
ГЕАБІЁНТЫ
[ад геа... + біёнт(ы)],
пастаянныя насельнікі глебы, цыкл развіцця якіх праходзіць у глебавым асяроддзі. Тыповыя прадстаўнікі — дажджавыя чэрві, многія першаснабяскрылыя насякомыя, краты і інш. Геабіёнты — частка глебавых біяцэнозаў.
т. 5, с. 109
ГЕАГЕЛЬМІ́НТЫ
(ад геа... + гельмінты),
група паразітычных чарвей, яйцы або лічынкі якіх развіваюцца ў вонкавым асяроддзі без прамежкавых гаспадароў у адрозненне ад біягельмінтаў. Тэрмін прапанавалі сав. гельмінтолагі К.І.Скрабін і Р.С.Шульц (1928). Пашыраны ў краінах з цёплым і ўмераным кліматам, у т. л. на Беларусі. Выклікаюць хваробы жывёл і чалавека — гельмінтозы. У жывёл найчасцей паразітуюць аскарыдаты, аксіўраты, странгіляты, трыхацэфаляты, у чалавека — аскарыды, анкіластомы, вастрыцы, воласагаловы і інш. Крыніца заражэння — забруджаная інвазійнымі яйцамі вада, глеба, корм. Лічынкі могуць пранікаць праз скуру. Паразітуюць пераважна ў тонкім кішэчніку.
т. 5, с. 109
ГЕАГІГІЕ́НА
(ад геа... + гігіена),
навуковая дысцыпліна, якая вывучае мед. аспекты глабальных вынікаў дзейнасці чалавека: прамыя ўздзеянні на яго здароўе і апасродкаваныя праз змены балансу экалагічных кампанентаў і экасістэм. Стварае аснову для распрацоўкі мерапрыемстваў па захаванні і паляпшэнні сан. стану навакольнага асяроддзя, прадухіленні негатыўных антрапагенных змен у прыродзе, якія адмоўна ўплываюць на здароўе чалавека (напр., дзеянне забруджвальных рэчываў). Цесна звязана з комплексам экалагічных, мед., геагр і інш. навук. Зрэдку (у вузкім сэнсе) разумеюць як сінонім аховы прыроды (навакольнага асяроддзя).
т. 5, с. 110
ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА ЛЕДАВІ́К,
на Заходнім Паміры, у вярхоўі р. Ванч, на стыку хр. Акадэміі Навук і хр. Дарвазскі, у Таджыкістане. Даўж. 24 км, пл. каля 64,4 км².
т. 5, с. 110
ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
зямная прырода, частка геаграфічнай абалонкі, якая асвоена чалавекам, уключана ў грамадскую вытворчасць і з’яўляецца неабходнай умовай існавання грамадства. Мае складаную структуру суадносін прыродных і антрапагенных кампанентаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, уздзейнічаюць адзін на аднаго і ўтвараюць складаныя сістэмы. Асаблівасці геаграфічнага асяроддзя выяўляюцца праз разнастайнасць прыродных умоў розных рэгіёнаў і краін (клімат, рэльеф, глебы, расліннасць і інш.), уздзейнічаюць на жыццё грамадства, вызначаюць характар і спосабы прыродакарыстання. Пастаяннае пераўтварэнне геаграфічнага асяроддзя пад уплывам чалавечай дзейнасці, насычанасць антрапагеннымі элементамі адбываюцца на працягу ўсяго жыцця чалавецтва, вызначаюць узровень гаспадаркі, паскараюць або запавольваюць яго развіццё. З расшырэннем сферы дзейнасці чалавека ў ходзе грамадскага развіцця і росту вытв. сіл геаграфічнае асяроддзе ахоплівае ўсё б.ч. геагр. абалонкі. Ва ўмовах навук.-тэхн. прагрэсу рэзка мяняецца сам змест адносін чалавека і геаграфічнага асяроддзя. Дзейнасць чалавека прыводзіць да забруджвання навакольнага асяроддзя і ўплывае на механізм самарэгуляцыі ў прыродзе. Таму перад чалавецтвам усё больш востра паўстаюць праблемы экалогіі, устанаўлення гарманічных адносін грамадства і геаграфічнага асяроддзя. Для ацэнкі стану і якасці геаграфічнага асяроддзя выкарыстоўваецца тэрмін прыроднае асяроддзе.
В.С.Аношка.
т. 5, с. 110
ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ СТАНО́ВІШЧА,
становішча геагр. аб’екта адносна паверхні Зямлі, а таксама ў адносінах да інш. аб’ектаў, з якімі ён знаходзіцца ва ўзаемадзеянні. Дае ўяўленне аб прыродных і сац.-эканам. умовах і асаблівасцях аб’екта. Вызначаецца пры дапамозе геаграфічных каардынат. Вылучаюць фізіка-геагр. (рэльеф, клімат і інш. прыродныя ўмовы, якія накладваюць адбітак на прыроду і гісторыю), эканоміка- і транспартна-геагр. (месцазнаходжанне суадносна раёнаў з высокім эканам. развіццём), геапалітычнае становішча і інш.
А.М.Матузка.
т. 5, с. 110
ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ АБАЛО́НКА,
ландшафтная абалонка, цэласная абалонка Зямлі, якая ахоплівае верхнюю ч. літасферы, ніжнія слаі атмасферы, біясферу і гідрасферу; адна са сфер Зямлі (гл. Геасфера). Тэрмін прапанаваў сав. географ А.А.Грыгор’еў (1932). Часткі геаграфічнай абалонкі знаходзяцца ў цесным узаемадзеянні, пранікаюць адна ў адну і ўтвараюць адзіную сістэму, для якой характэрна самаразвіццё і адносная раўнавага. Таўшчыня геаграфічнай абалонкі каля 40 км. Адрозніваецца ад інш. частак планеты наяўнасцю жыцця, рэчыва ў трох станах (цвёрдым, вадкім і газападобным), найб. разнастайнасцю відаў і багаццем свабоднай энергіі. У геаграфічнай абалонцы працякаюць экзагенныя і эндагенныя працэсы. Экзагенныя ўтвараюцца ў першую чаргу пад уздзеяннем сонечнай энергіі, нераўнамернае размеркаванне якой на паверхні Зямлі выклікае дыферэнцыяцыю прыродных умоў і ўтварэнне геагр. паясоў, прыродных зон. Для геаграфічнай абалонкі характэрна і рэгіянальная дыферэнцыяцыя, выкліканая формай Зямлі, рознай вышынёй паверхні Зямлі, аддаленасцю ад акіянаў і інш. Эндагенныя працэсы абумоўлены ўнутр. цяплом Зямлі, вулканічнымі, тэктанічнымі і інш. сіламі. З імі звязана ўтварэнне кантынентаў, акіянаў, гор і інш. Заканамернасці геаграфічнай абалонкі: цыклічнасць (рытмічнасць) працякання прыродных працэсаў; кругавароты рэчываў — цыркуляцыя атмасферы, марскія цячэнні, кругаварот вады, біял. кругаварот і інш.; шыротная занальнасць і вышынная пояснасць ландшафтаў. У сувязі з ростам уздзеяння вытв. дзейнасці чалавека на прыроду ў складзе геаграфічнай абалонкі з 1970-х г. пачалі вылучаць сацыясферу і тэхнасферу. Паводле тэорыі В.І.Вярнадскага, у выніку разумнага ўздзеяння чалавека на геаграфічную абалонку яна можа перайсці ў вышэйшую стадыю свайго развіцця — наасферу. Геаграфічную абалонку вывучаюць фізічная геаграфія і землязнаўства.
В.С.Аношка.
т. 5, с. 110
ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць мерыдыянаў і паралелей на тэарэтычна разлічанай паверхні зямнога эліпсоіда, шара ці на глобусе.
т. 5, с. 110