ГЕАГІГІЕ́НА

(ад геа... + гігіена),

навуковая дысцыпліна, якая вывучае мед. аспекты глабальных вынікаў дзейнасці чалавека: прамыя ўздзеянні на яго здароўе і апасродкаваныя праз змены балансу экалагічных кампанентаў і экасістэм. Стварае аснову для распрацоўкі мерапрыемстваў па захаванні і паляпшэнні сан. стану навакольнага асяроддзя, прадухіленні негатыўных антрапагенных змен у прыродзе, якія адмоўна ўплываюць на здароўе чалавека (напр., дзеянне забруджвальных рэчываў). Цесна звязана з комплексам экалагічных, мед., геагр і інш. навук. Зрэдку (у вузкім сэнсе) разумеюць як сінонім аховы прыроды (навакольнага асяроддзя).

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)