ЗО́РНЫЯ СУ́ТКІ,
прамежак часу паміж дзвюма паслядоўнымі аднайм. кульмінацыямі пункта вясенняга раўнадзенства на адным і тым жа геагр. мерыдыяне; прамежак часу, роўны перыяду вярчэння Зямлі адносна зорак. Гл. таксама Суткі.
т. 7, с. 113
ЗО́РНЫ ГАРАДО́К,
горад у Расіі, у Маскоўскай вобл. Засн. ў 1960. У З.г. знаходзіцца Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў.
т. 7, с. 113
ЗО́РНЫ ДОЖДЖ,
з’яўленне шматлікіх метэораў за кароткі прамежак часу. Адбываецца пры сустрэчы Зямлі з метэорным патокам.
т. 7, с. 113
ЗО́РНЫ ЧАС,
сістэма адліку часу, у якой працягласць сутак вызначаецца па кульмінацыях пункта вясенняга раўнадзенства ў месцы назірання (гл. Зорныя суткі). Роўны прамому ўзыходжанню (у гадзіннай меры) нябеснага свяціла ў момант яго верхняй кульмінацыі. Выкарыстоўваецца ў астраноміі.
т. 7, с. 113
ЗО́РЫН (сапр. Табашнікаў) Мікалай Анфілохіевіч
(н. 25.12.1917, ст. Чарняўская Чэлябінскай вобл., Расія),
бел. артыст эстрады. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў тэатр. студыю Чэлябінскага драм. т-ра (1939). Працаваў у філармоніях Чэлябінска, Арла, Бранска. У 1948—81 чытальнік Бел. філармоніі. Творчай манеры ўласціва высокая патэтыка. Рэжысёр і выканаўца літ. кампазіцый: «Вецер з Волгі» А.Вялюгіна, «Паэзія роднага краю» (П.Броўкі, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка), «Кніга пра байца» (па творах А.Твардоўскага), «Паэты ўсміхаюцца і смяюцца» (па творах А.Пушкіна, М.Лермантава, У.Маякоўскага) і інш.
т. 7, с. 113
ЗО́РЫН (Усевалад Уладзіміравіч) (1893—1942),
бел. жывапісец, педагог. Вучыўся ў вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1910-я г.). Жыў і працаваў у Гомелі, выкладаў у сярэдніх навуч. установах (1919—40) і Доме нар. творчасці (1930-я г.). Аўтар твораў «Эцюд» (1927), «Піянеры» (1930), «Дрэва» (1937), «Нацюрморт» (1940).
т. 7, с. 113
ЗО́РЫЧЫ,
вёска ў Вяляціцкім с/с Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 32 км ад Барысава, 103 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Прыяміна. 588 ж., 193 двары (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — царква (мяжа 19—20 ст.).
т. 7, с. 114
«ЗО́РЬКА»,
газета для школьнікаў. Выдаецца з 1.1.1945 у Мінску штотыднёва на рус. мове. Да № 11 (1945) наз. «Пионер Белоруссии». Змяшчае матэрыялы пра вучобу і адпачынак дзяцей і падлеткаў. Сярод публікацый — вершы і апавяданні юных аўтараў, водгукі на кнігі, матэрыялы для вынаходнікаў, аматараў свойскіх жывёл, уражанні дзяцей ад падарожжаў па інш. краінах. Закранае пытанні экалогіі. Праводзіць конкурсы, віктарыны. Друкуе старонку для малодшых школьнікаў «Агеньчык».
Т.А.Меляшкевіч.
т. 7, с. 114