Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ЗО́ЛУШКА»,

пячора на Пд Букавіны, на Украіне. Даўж. каля 40 км. Утварылася ў тартонскіх (неагенавых) гіпсах. Характэрны сталактыты і сталагміты, гіпсавыя кветкі. Дно ўкрыта гліністымі наносамі. Спелеатурызм.

Р.Р.Паўлавец.

т. 7, с. 105

ЗО́МБАРТ ((Sombart) Вернер) (19.1.1863, г. Эрмслебен, Германія — 18.5.1941),

нямецкі эканаміст, сацыёлаг і гісторык, філосаф культуры. Адзін са стваральнікаў тэорыі «арганізаванага капіталізму». У 1890 праф. у Вроцлаве, з 1906 — у Берліне. Працы З. прысвечаны даследаванню эканам. гісторыі Зах. Еўропы, у прыватнасці, узнікненню капіталізму, праблемам сац. стратыфікацыі і сац. мабільнасці. З. распрацаваў катэгорыю «эканамічнай сістэмы» ў сэнсе акрэсленай цэласнасці, якая ўключае спецыфічныя эканам. ін-ты, што ў сваю чаргу з’яўляюцца ўвасабленнем «духу грамадства». Вядучая ідэя яго творчасці — ідэя аб паступовай мірнай эвалюцыі капіталізму ў грамадства «сацыяльнага плюралізму», дзе доўгі час побач суіснуюць элементы капіталізму і сацыялізму. Асн. працы З.: «Сацыялізм і сацыяльны рух у 19 ст.» (1896), «Будучыня капіталізму» (1932).

В.І.Боўш.

т. 7, с. 105

ЗО́МЕРФЕЛЬД ((Sommerfeld) Арнольд) (5.12.1868, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія —26.4.1951),

нямецкі фізік-тэарэтык, заснавальнік мюнхенскай школы тэарэт. фізікі. Чл.-кар. Берлінскай АН (1920), замежны чл. АН СССР (1929). Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1891). З 1891 працаваў у розных ВНУ Германіі, у 1908—40 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па квантавай тэорыі атама, спектраскапіі, электроннай тэорыі металаў. Рашыў задачу аб выпрамяненні вертыкальнага дыполя, які знаходзіцца на мяжы 2 асяроддзяў (1909), удакладніў мадэль атама Бора і стварыў тэорыю тонкай структуры спектра вадародападобных атамаў (1916), распрацаваў тэорыю тармазнога выпрамянення электронаў (1931). Аўтар падручнікаў па тэарэт. фізіцы.

Тв.:

Рус. пер. — Пути познания в физике. М. 1973.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 391—392.

А.Зомерфельд.

т. 7, с. 105

ЗО́НА (ад грэч. zōnē пояс),

паласа, прастора паміж якімі-н. межамі; тэрыторыя, што характарызуецца якой-н. агульнай прыкметай (напр., зона экалагічнай рызыкі).

т. 7, с. 105

ЗО́НА ў музыцы,

колькасная характарыстыка ступеневых якасцей музычных гукаў. Вызначае адносіны паміж элементамі муз. гуку як фіз. з’явы (частата, інтэнсіўнасць, склад гуку, працягласць) і яго муз. якасцямі (вышыня, гучнасць, тэмбр, працягласць) як адбіткамі ў свядомасці чалавека гэтых фіз. уласцівасцей гуку. Ступеневая якасць, напр., гуку а​1 не пераходзіць у суседнія якасці ў дастаткова шырокай зоне — прыкладна ад 430 да 450 герц; З. абсалютнага слыху прыблізна 80 цэнтаў; інтэрвальнага, адноснага слыху — каля 60—70 цэнтаў. Унутры З. музыканты адрозніваюць вял. колькасць інтанацыйных адценняў. Паняцце З. пашыраецца і на ўспрыняцце тэмпу і рытму, дынамічны і тэмбравы слых. Вучэнне пра З. (распрацавана муз. акустыкам М.Гарбузавым) адкрыла новыя магчымасці для вывучэння маст. інтэрпрэтацыі муз. твораў.

Літ.:

Н.А.Гарбузов — музыкант, исследователь, педагог. М., 1980. С. 11—48, 80—270.

т. 7, с. 105

ЗО́НА АЭРА́ЦЫІ,

верхняя зона зямной кары паміж яе паверхняй і люстэркам грунтавых вод. Змяшчае гіграскапічныя, плёначныя і капілярныя воды; часова ў ёй з’яўляюцца гравітацыйныя воды.

т. 7, с. 106

ЗО́НА БЕНЬО́ФА у геалогіі,

нахіленая факальная зона глыбінных ачагоў землетрасенняў да 700—800 км (факальная) на дэструктыўных граніцах літасферных пліт. Звязана з апусканнем акіянічных літасферных пліт пад мацерыковыя. Характарызуецца высокай скорасцю і слабым затуханнем сейсмічных хваль. Спалучана з глыбакаводнымі марскімі жалабамі і вулканічнымі паясамі або астраўнымі дугамі, а таксама кардыльерамі. Названа імем амер. геафізіка Г.Беньофа.

Р.Р.Паўлавец.

т. 7, с. 106

ЗО́НА ПРАВО́ДНАСЦІ,

часткова запоўненая або пустая (пры абсалютным нулі т-ры) энергетычная зона ў электронным спектры крышт. цвёрдага цела (гл. Зонная тэорыя). Электроны, што знаходзяцца ў З.п., разам з дзіркамі валентнай зоны вызначаюць электраправоднасць і ўдзельнічаюць у інш. працэсах пераносу ў цвёрдых целах. Наяўнасць электронаў у З.п. пры т-ры абс. нуля адрознівае металы ад паўправаднікоў і дыэлектрыкаў. У некат. цвёрдых цел З.п. можа перакрывацца (паўметалы) або судакранацца (бясшчылінныя паўправаднікі) з валентнай зонай.

т. 7, с. 106

ЗО́НА САНІТА́РНАЙ АХО́ВЫ водных крыніц,

тэрыторыі, што вылучаюць вакол крыніц водазабеспячэння, водазабораў, лекавых вод і інш. для аховы іх ад забруджвання. У іх устанаўліваецца спец. ахоўны сан. рэжым з мэтай папярэджання забруджвання хім. рэчывамі (у т.л. радыеактыўнымі), засмечвання, заражэння хваробатворнымі арганізмамі, ад сцёкавых вод і інш. З.с.а. строгага рэжыму агароджваюць, акружаюць палосамі водаахоўных лясных насаджэнняў, забяспечваюць ахову, у іх забаронены буд-ва, горныя, зямельныя работы і інш. У зоне паласы абмежаванняў З.с.а. праводзяцца пасадкі зялёных насаджэнняў, пратрымліваюцца строгага сан. рэжыму, але дазваляюцца некат. віды прыродакарыстання, у т.л. абмежаванае буд-ва. У абедзвюх палосах З.с.а. забаронена буд-ва паглынальных калодзежаў і свідравін для скідвання сцёкавых вод.

Г.У.Вынаеў.

т. 7, с. 106

ЗО́НА СПАКО́Ю,

месца ў прыродным наваколлі, дзе ў пэўныя перыяды або пастаянна захоўваюць асобы рэжым гасп. дзейнасці і рэкрэацыі. Вылучаюць З.с,, каб забяспечыць спрыяльныя ўмовы для існавання жывых арганізмаў або захаваць асобныя прыродныя ўчасткі ў практычна некранутым стане. Часовыя З.с. вылучаюць у межах паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў, зялёных зон, лесапаркаў і інш., асабліва ў месцах масавага размнажэння дзікіх жывёл. Ахоўны рэжым у іх з сярэдзіны вясны да сярэдзіны лета (т.зв. месяцы цішыні). Знаходжанне людзей, свойскай жывёлы, усе віды дзейнасці, якія могуць парушыць сезонныя рытмы жыцця дзікіх жывёл, забаронены. На тэр. запаведнікаў і нац. паркаў вылучаюцца пастаянныя зоны поўнага спакою (зоны абсалютнай запаведнасці), дзе забараняецца любое ўмяшанне чалавека ў прыродныя працэсы, усе віды гасп. дзейнасці (акрамя прысутнасці навук. супрацоўнікаў, занятых назіраннем за станам і дынамікай асяроддзя). З.с. таксама наз. тэрыторыя, на якой устаноўлены рэжым найменшага або абсалютна мінім. тэхнагеннага ўздзеяння для стварэння ўмоў адпачынку людзей ці фізіятэрапеўт. лячэння.

Г.У.Вынаеў.

т. 7, с. 106