Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДРО́СЕЛЬ (ням. Drossel),

1) прыстасаванне, якое звужае паток вадкасці, пары ці газу ў трубаправодах. Выкарыстоўваецца для вымярэння і рэгулявання ціску і расходу гэтых рэчываў (дросельныя расходамеры, дыяфрагмы, соплы і інш.), а таксама для рэгулявання гаручай сумесі ў рухавіках унутр. згарання (дросельныя клапаны, засланкі).

2) Шпуля з вял. індуктыўным супраціўленнем (гл. Індуктыўнасці шпуля).

т. 6, с. 209

ДРО́ЦІК (ад грэч. dorotos кап’ё),

кароткае кідальнае кап’ё. Вядомы з эпохі верхняга палеаліту (з каменным або касцяным наканечнікам; выкарыстоўваўся як паляўнічая зброя), асабліва ў аўстрал. абарыгенаў і алеутаў. У старажытнасці служыў зброяй першага ўдару ў арміях Грэцыі і Рыма (з жал. наканечнікам). Для павелічэння далёкасці і сілы кідка (да 70—80 м) выкарыстоўвалася раменная пятля. У сярэднія вякі быў пашыраны (з жал. наканечнікам) у Зах. і Усх. Еўропе (на Русі наз. суліца; упершыню згадваецца ў 12 ст. ў «Слове пра паход Ігаравы»).

т. 6, с. 209

ДРУ ((Drew) Джон) (13.11.1853, Нью-Йорк — 9.7.1927),

амерыканскі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у т-ры «Арч-стрыт». У 1875—92 у трупе антрэпрэнёра О.Дэйлі (Нью-Йорк), адзін з вядучых акцёраў трупы. Яго ігра вызначалася вытанчанасцю манер, лёгкасцю і шчырасцю. Сярод роляў: Розенкранц, Петручыо («Гамлет», «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), гаспадар гасцініцы («Рып Ван Вінкль» паводле У.Ірвінга). З 1892 выступаў у якасці «зоркі» ў гастрольных трупах.

т. 6, с. 209

ДРУ́ГАСНАЕ КВАНТАВА́ННЕ,

метад апісання квантавых сістэм з вял. пераменнай колькасцю часціц, у якім ролю незалежных пераменных хвалевых функцый выконваюць лікі часціц у індывід. станах асобнай часціцы (т.з. лікі запаўнення).

Д.к. распрацавана П.Дзіракам для базонаў (1927) і незалежна Ю.Вігнерам і ням. фізікам П.Іорданам для ферміёнаў (1928). Д.к. дасягаецца ўвядзеннем аператараў, што павялічваюць (аператары нараджэння) або памяншаюць (аператары знікнення) лік часціц у вызначаным стане на 1. Матэм. ўласцівасці такіх аператараў устанаўліваюцца перастановачнымі суадносінамі (камутантамі), выгляд якіх вызначаецца спінам часціцы (відам квантавай статыстыкі). Пры такім падыходзе хвалевая функцыя сама становіцца аператарам. Д.к. выкарыстоўваецца ў квантавай тэорыі поля.

А.І.Балсун.

т. 6, с. 209

ДРУ́ГАСНАЯ СЫРАВІ́НА,

адходы жыццезабеспячэння і жыццядзейнасці грамадства, якія пасля адпаведнай апрацоўкі могуць выкарыстоўвацца як вытв. або энергет. сыравіна. Уключае адходы прамысл. вытв-сці, буд-ва (рэшткі металаў, драўніны, шкла), прамысл. вырабаў (брак дэталей, зношаныя аўтапакрышкі), бытавыя (макулатура) і інш.

Неабходнасць выкарыстання Д.с. абумоўлена неўзнаўляльным памяншэннем карысных выкапняў і сыравінных энерганосьбітаў, абмежаванасцю самааднаўлення арган. матэрыялаў расліннага паходжання, таксама эфектыўнасцю. Напр., кошт выплаўкі сталі з металалому ў 10 разоў меншы, чым з руды, медзі — у 5, алюмінію — у 6, прычым затраты эл. энергіі ў 25 разоў; з 1 т косці атрымліваюць 160 кг клею, 110 кг тэхн. тлушчу і 420 кг касцявой мукі.

У Беларусі нарыхтоўкай Д.с. (гл. табл.) займаюцца канцэрн «Белдругрэсурсы» і «Белкаапсаюз», перапрацоўкай — розныя прадпрыемствы і з-ды, у т. л. Жлобінскі металургічны, Магілёўскія рэгенератарны і жэлацінавы, Слонімскі кардонна-папяровы «Альберцін», будматэрыялаў «Даманава» і інш.

А.А.Саламонаў, Я.П.Мініна.

Аб’ёмы нарыхтоўкі некаторых відаў другаснай сыравіны ў Беларусі
Гады Від другаснай сыравіны
Драўнінныя адходы шчыльныя м​3 Макулатура, тыс. т Шыны зношаныя тыс. т
1990 2161,7 261 33,7
1995 719,8 93 4,8
1996 792,1 100,2 4

т. 6, с. 209

ДРУ́ГАСНАЯ ЭЛЕКТРО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ,

выпрамяненне электронаў цвёрдымі і вадкімі целамі (эмітэрамі) пры іх бамбардзіроўцы першаснымі электронамі. Паток другасных электронаў складаецца з пругка і няпругка адбітых першасных электронаў і ўласна другасных электронаў, выбітых з эмітэра. Выкарыстоўваецца для ўзмацнення электронных патокаў (напр., у фотаэлектронных памнажальніках), узнаўлення інфармацыі ў сістэмах электрастатычнага запісу, атрымання газавага разраду ў прыладах з халодным катодам і інш.

т. 6, с. 209

ДРУ́ГАСНЫЯ ДАХО́ДЫ,

даходы фіз. і юрыд. асоб, атрыманыя не ў сферы матэрыяльнай вытв-сці.

т. 6, с. 210

ДРУ́ГАСНЫЯ ПАЛАВЫ́Я ПРЫКМЕ́ТЫ,

сукупнасць асаблівасцей ці прыкмет, што адрозніваюць адзін пол ад другога (за выключэннем першасных палавых прыкмет). Па стадыях развіцця адрозніваюць генетычны (храмасомны), ганадны, саматычны (фенатып) і псіхасексуальны пол. Развіццё Д.п.п. адбываецца ў перыяд палавога выспявання чалавека: у мужчын — вусы, барада, адамаў яблык; у жанчын — тыповае развіццё грудных залоз, форма таза, значнае развіццё тлушчавай клятчаткі. Д.п.п. жывёл: характэрнае яркае апярэнне самцоў птушак, пахучыя залозы, добра развітыя рогі, клыкі ў самцоў млекакормячых.

т. 6, с. 210

ДРУ́ГАСНЫЯ Я́КАСЦІ ў філасофіі,

гл. Першасныя і другасныя якасці.

т. 6, с. 210

ДРУГА́Я ІМПЕ́РЫЯ,

перыяд праўлення ў Францыі імператара Напалеона III

[2.12.1852—4.9.1870],

які прыйшоў да ўлады ў выніку дзярж. перавароту, што скасаваў Другую рэспубліку. Вераснёўская рэвалюцыя 1870 знішчыла Д.і. і абвясціла Францыю рэспублікай.

ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КАМПА́РТЫІ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ.

Адбылася 2—4.2.1919 у Вільні. Прысутнічалі 32 дэлегаты з рашаючым і 32 з дарадчым голасам ад больш чым 5 тыс. чл. КПЛіЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК (П.Эйдукевіч), тактыка партыі (К.Цыхоўскі), даклады з месцаў, сав. будаўніцтва, агр. пытанне (З.І.Ангарэціс), адносіны да Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада, аб’яднанне Літ. і Бел. Сав. рэспублік. Канферэнцыя паставіла перад парт. арг-цыямі задачу мабілізаваць рабочы клас на далейшае развіццё рэвалюцыі, падкрэсліла, што «выбарчым правам могуць карыстацца толькі пралетарыі і паўпралетарыі». Парт. арг-цыям даручалася неадкладна пачаць узбройваць і абучаць ваен. справе ўсіх членаў партыі. Канферэнцыя выказалася супраць падзелу памешчыцкай зямлі паміж сялянамі, пастанавіла ў мэтах спынення спекуляцыі ўвесці манаполію на гандаль. Ухваліла дзейнасць Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада на чале з В.С.Міцкевічам-Капсукасам і прыняла рашэнне пра аб’яднанне Літ. і Бел. Сав. рэспублік. У прынятай рэзалюцыі аб камсамоле гал. яго задачай вызначыла «падрыхтоўку свядомых барацьбітоў за камунізм». Адначасова ў Мінску праходзіў Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў пастанову пра аб’яднанне Беларусі і Літвы.

Літ.:

КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1 (1903—1921 гг.). Мн., 1934;

Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967.

У.М.Міхнюк.

т. 6, с. 210