Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЮПО́НЫ

(Du Pont),

сямейная фін. і прамысл. група ў ЗША. Заснавальнік — Э.І.Дзюпон дэ Немур (1771—1834), сын П.С.Дзюпона дэ Немура. У 1802 ён пабудаваў у пас. Уілмінгтан (штат Дэлавэр) парахавы з-д. Разбагацелі на ваен. бізнесе ў час англа-амер. вайны 1812—14, амер.-мекс. вайны 1846—48, грамадз. вайны ў ЗША 1861—65, 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры Т.К.Дзюпоне (1863—1930) узнік хім. канцэрн «Дзюпон дэ Немур энд компані» (1899).

т. 6, с. 131

ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р (Duponts de Nemours) П’ер Самюэль

(14.12.1739, Парыж — 7.8.1817),

французскі эканаміст і паліт. дзеяч. Прадстаўнік школы фізіякратаў (увёў гэты тэрмін). Вучань і супрацоўнік Ф.Кенэ, дарадчык А.Р.Ж. Цюрго і яго паслядоўнікаў. У 1767 апублікаваў працу «Аб узнікненні і развіцці новай навукі», у якой даў найб. поўны сістэм. выклад вучэння фізіякратаў. У 1780 ініцыіраваў правядзенне ў Францыі фін. рэформ. У 1789 абраны ў Нац. сход. Прыхільнік усеагульнай асветы, распрацаваў шэраг адукац. праектаў, заснаваных на вучэнні фізіякратаў, у т.л. для Цюрго ў Францыі (1775) і Т.Джэферсана ў ЗША (1800), а таксама для Адукацыйнай камісіі ў Рэчы Паспалітай (у 1774 кароткі час быў яе сакратаром). У сваіх працах адзначаў узорны характар асв. рэформы ў Рэчы Паспалітай. У 1814 эмігрыраваў у ЗША.

Н.К.Мазоўка.

т. 6, с. 130

«ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р ЭНД КО́МПАНІ»

(E.I. Du Pont de Nemours and Company),

буйнейшы ў свеце хімічны і па вытв-сці зброі канцэрн ЗША Узнік на аснове невял. парахавога завода, заснаванага ў 1802 франц. эмігрантам Э.І.Дзюпонам дэ Немурам. У 1899 адбылося аб’яднанне ўсіх прадпрыемстваў, якія належалі сям’і Дзюпон. Да 1-й сусв. вайны канцэрн вырабляў выключна выбуховыя матэрыялы і неарган. сыравіну, у час вайны гал. пастаўшчык выбуховых матэрыялаў у краіны Антанты, апрача таго развіваў вытв-сць фарбавальнікаў і штучнага шоўку. Пасля вайны канцэрн устанавіў свой кантроль над большасцю прадпрыемстваў хім. прам-сці ў ЗША. У 1938—39 пачаў вытв-сць першага поліаміднага валакна — нейлону. З 1942 вырабляе кампаненты для ядзернай зброі і ядзерных рэактараў. Звязаны фінансава з групай Моргана, а таксама з брыт. канцэрнам «Імпірыял кемікал індастрыс» і бельг. канцэрнам «Сальвэ». Робіць значны ўплыў на палітыку ўрада ЗША.

Н.К.Мазоўка.

т. 6, с. 130

ДЗЮПРЭ́ (Dupré) Жуль

(5.4.1811, г. Нант, Францыя — 6.10.1889),

французскі жывапісец, адзін з вядучых пейзажыстаў барбізонскай школы. Працаваў у Парыжы і Л’Іль-Адане. Для яго творчасці характэрны эмацыянальная, рамант. трактоўка драм. з’яў прыроды, цяга да гучнасці і насычанасці колеравага тону, кантрастаў святла і ценю («Вялікі дуб», 1844—45, «Дубы ля дарогі», 1850-я г., «Марскі адліў у Нармандыі», каля 1870), уключэнне ў пейзаж жанравых матываў («Пейзаж з каровамі», 1850-я г.).

т. 6, с. 131

ДЗЮПРЭ́ (Dupré) Луі

(каля 1697 — кастр. 1774),

французскі танцоўшчык, балетмайстар, педагог; адзін з заснавальнікаў мужчынскага сцэн. танца. Вучыўся ў школе пры «Каралеўскай акадэміі музыкі і танца» ў Парыжы («Гранд-Апера»), у 1715—22 і 1730—51 саліст гэтага т-ра. У 1722—30 працаваў у Варшаве, гастраліраваў у Лондане, Дрэздэне, Вене. Танцаваў у лірычных трагедыях, балетах, операх-балетах, а таксама чаконы і пасакаллі. Яго танец вылучаўся грацыёзнасцю, пластычнасцю, высакароднай манерай выканання. У 1756 запрошаны Г.Ф.Радзівілам у прыдворны т-р у Слуцку, разам з А.Пуціні. Дз. — стваральнік мясц. балета. У 1756—58 выкладаў у Слуцкай балетнай школе, выступаў у Слуцку і ў Белым (Бяла-Падляска, Польшча). У 1758 пераехаў у Нясвіж, дзе паводле дагавору з М.К.Радзівілам Рыбанькай павінен быў да 1761 выступаць на сцэне, пісаць лібрэта і ставіць балеты, падрыхтаваць для т-ра 8 дзяцей і вучыць танцам усіх, каго яму дадуць. Сярод яго вучняў Ж.Ж.Навер, Г.Вестрыс, М.Гардэль.

Г.І.Барышаў.

Ж.Дзюпрэ. Дубы ля дарогі. 1850-я г.

т. 6, с. 131

ДЗЮР Мікалай Восіпавіч

(17.12.1807, С.-Пецярбург — 28.5.1839),

рускі акцёр. Выхаванец Пецярбургскага тэатр. вучылішча (1816—29). У 1829 прыняты ў Пецярбургскі т-р. Спачатку выконваў невял. ролі ў трагедыях, меладрамах. операх (партыі барытона). З 1831 выступаў пераважна ў вадэвілях. Жывасць і прастата ігры. прыгожы голас, уменне танцаваць і свабодна трымацца на сцэне прынеслі яму асаблівы поспех у ролях «свецкіх ветрагонаў» і «камічных старых»: Фрэйтаг, Макар Губкін («Дзяўчына-гусар», «Студэнт, артыст, харыст і аферыст» Ф.Коні), Жавіяль («Страпчы пад сталом» Дз.Ленскага) і інш. Першы выканаўца ролі Хлестакова («Рэвізор» М.Гогаля).

т. 6, с. 131

ДЗЮРА́ЛЬ, дзюралюміній (ад назвы ням. г. Дзюрэн, дзе распачалі прамысл. вытв-сць сплаву + алюміній),

гл. Дуралюмін.

т. 6, с. 131

ДЗЮРА́НС

(Durance),

рака на ПдУ Францыі, левы прыток Роны. Даўж. 350 км, пл. бас. 14,2 тыс. км2. Пачынаецца ў Коцкіх Альпах, перасякае адгор’і Праванскіх Альпаў, у нізоўі цячэ па Ронскай нізіне. Сярэдні расход вады 190 м3/с. Жыўленне ў вярхоўі снегавое, на астатнім працягу — дажджавое. Вяснова-летнія высокія паводкі; бываюць навадненні. Каскад ГЭС. Выкарыстоўваецца для арашэння. У вусці — г. Авіньён.

т. 6, с. 131

ДЗЮРВІ́ЛЯ МО́РА

(d’Urville Sea),

ускраіннае мора Індыйскага ак., каля берагоў Антарктыды. Абмывае Зямлю Адэлі. Паўд. ч. мора знаходзіцца ў межах мацерыковай водмелі (глыб. каля 500 м), паўночная — мацерыковага схілу (глыб. да 3610 м). Дрэйфучыя ільды; шмат айсбергаў. Салёнасць каля 34‰. Адкрыта ў 1914 аўстрал. антарктычнай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Д.Моўсана. Названа ў гонар франц. мараплаўца Ж.Дзюмон-Дзюрвіля.

т. 6, с. 131

ДЗЮРКГЕ́ЙМ (Durkheim) Эміль

(15.4.1858, г. Эпіналь, Францыя — 15.11.1917),

французскі філосаф і сацыёлаг, заснавальнік франц. сацыялагічнай школы. Праф. сацыялогіі і педагогікі ў Бардо (з 1896) і Сарбоне (з 1902). Грамадства разглядаў як асобую рэальнасць, аснову якой складаюць сац. факты, якія існуюць незалежна ад індывідаў і здольныя аказваць на іх прымусовы націск. Сац. факты Дз. падзяляў на марфалагічныя (складаюць матэрыяльны субстрат грамадства — шчыльнасць насельніцтва, развіццё шляхоў зносін і інш.) і духоўныя (утвараюць у сукупнасці калектыўную або агульную свядомасць). Кожнае грамадства мае розную ступень сац. салідарнасці, згуртаванасці. Грамадскае развіццё — пераход ад «механічнай» салідарнасці, заснаванай на падабенстве індывідаў і функцый, якія яны выконваюць, да «арганічнай», якая грунтуецца на падзеле працы. Антыпод сац. салідарнасці — анамія. Сацыялогія Дз. — першы разгорнуты варыянт структурна-функцыян. падыходу пры вывучэнні грамадства. які атрымаў класічнае адлюстраванне ў працах Т.Парсанса і Р.Мертана.

Тв.:

Рус. пер. — О разделении общественного труда: Метод социологии. М., 1990;

Самоубийство: Социол. этюд. М., 1994.

А.У.Рубанаў.

т. 6, с. 131