ДЗЮПРЭ́ (Dupré) Луі

(каля 1697 — кастр. 1774),

французскі танцоўшчык, балетмайстар, педагог; адзін з заснавальнікаў мужчынскага сцэн. танца. Вучыўся ў школе пры «Каралеўскай акадэміі музыкі і танца» ў Парыжы («Гранд-Апера»), у 1715—22 і 1730—51 саліст гэтага т-ра. У 1722—30 працаваў у Варшаве, гастраліраваў у Лондане, Дрэздэне, Вене. Танцаваў у лірычных трагедыях, балетах, операх-балетах, а таксама чаконы і пасакаллі. Яго танец вылучаўся грацыёзнасцю, пластычнасцю, высакароднай манерай выканання. У 1756 запрошаны Г.Ф.Радзівілам у прыдворны т-р у Слуцку, разам з А.Пуціні. Дз. — стваральнік мясц. балета. У 1756—58 выкладаў у Слуцкай балетнай школе, выступаў у Слуцку і ў Белым (Бяла-Падляска, Польшча). У 1758 пераехаў у Нясвіж, дзе паводле дагавору з М.К.Радзівілам Рыбанькай павінен быў да 1761 выступаць на сцэне, пісаць лібрэта і ставіць балеты, падрыхтаваць для т-ра 8 дзяцей і вучыць танцам усіх, каго яму дадуць. Сярод яго вучняў Ж.Ж.Навер, Г.Вестрыс, М.Гардэль.

Г.І.Барышаў.

Ж.Дзюпрэ. Дубы ля дарогі. 1850-я г.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)