Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІ́ВЫ,

племя фіна-угорскага паходжання, якое ў старажытнасці і ў сярэднія вякі жыло на 3 і ПнЗ сучаснай Латвіі (узбярэжжа Рыжскага заліва і Пн Курляндыі). У рус. летапісах наз. «либь». Займаліся пераважна земляробствам, а таксама рыбалоўствам, бортніцтвам і гандлем. У 9—12 ст. знаходзіліся пад кіраваннем старэйшын і князёў. Падтрымлівалі сувязі з Полацкам і плацілі даніну полацкаму князю. У пач. 13 ст. разам з палачанамі змагаліся супраць крыжацкай агрэсіі, да 1206 заваяваны крыжакамі і прымусова хрысціянізаваны (у каталіцтва). У далейшым большасць Л. паступова асімілявана куршамі і латгаламі. Ад этноніма «лівы» лац. назва краю Лівонія (Livonia), ням. назва Ліфлянд (Livland краіна ліваў) і назвы Ліфляндыя, Інфлянты. Цяпер Л. — невял. этн. група, што жыве ў ваколіцах г. Вентспілс (Латвія).

т. 9, с. 246

ЛІ́ГА (франц. ligue ад лац. ligo звязваю),

саюз, згуртаванне, аб’яднанне асоб, арг-цый, дзяржаў. Гл. таксама Ліга арабскіх дзяржаў, Ліга Нацый.

т. 9, с. 246

ЛІГА́ЗЫ,

сінтэтазы, клас ферментаў, якія каталізуюць рэакцыі далучэння дзвюх розных малекул за кошт энергіі АТФ (адэназінтрыфасфату). Больш за 100 Л. У залежнасці ад характару сувязі (C—O, C—S, C—N i C—C-сувязі) Л. падзяляюць на 5 падкласаў. Пашыраны ў прыродзе і адыгрываюць вял. ролю ў найважн. анабалічных працэсах — біясінтэзе бялкоў, ліпідаў, вугляводаў.

т. 9, с. 247

ЛІГА́НДЫ (ад лац. ligo звязваю),

малекулы ці іоны, непасрэдна злучаныя з цэнтр. атамам у комплексных злучэннях.

Звычайна Л. з’яўляюцца аніёны (напр., гідраксіл ОН​, астачы азотнай NO3, салянай Cl, сінільнай CN​ кіслот) ці нейтральныя малекулы, якія маюць атамы кіслароду, азоту, фосфару, крэмнію, мыш’яку або кратныя сувязі (напр., неарган. малекулы — аксід вугляроду CO у карбанілах металаў, аміяк NH3; арган. злучэнні — аміны, спірты, алефіны). У каардынацыйнай сферы комплексаўтваральніка Л. можа займаць адно (т.зв. монадэнтатныя Л.) ці некалькі месцаў (полідэнтатныя Л., якія злучаны з цэнтр. атамам праз некалькі атамаў Л.). Комплексы з полідэнтатнымі Л. наз. хелатнымі (гл. Хелатныя злучэнні).

т. 9, с. 247

ЛІГАТУ́РА (ад позналац. ligatura сувязь, злучэнне),

1) знак любой сістэмы пісьменнасці ці фанет. транскрыпцыі, утвораны шляхам спалучэння элементаў двух графем ці транскрыпцыйных знакаў. Напр., дацкае, ісланд., нарв. æ, ням. β. Такога тыпу Л. часта выкарыстоўваліся ў скорапісе, для ўпрыгожання, арнаменталізацыі тэкстаў (гл. Вязь).

2) Спалучанае напісанне двух (гл. Дыграф) і большай колькасці літар, якія перадаюць адзін гук; напр., бел. дж, дз., польск. sz, cz, ням. sch.

3) Злітнае напісанне двух ці некалькіх пісьмовых знакаў. Трапляецца ў слав. азбуцы, у замежных шрыфтах (напр., Æ — злітны абрыс A i Е).

т. 9, с. 247

ЛІГАТУ́РА ў музыцы,

1) у мензуральнай натацыі знакі, што абазначаюць дзве і болей ноты, якія выконваюцца звязна, звычайна на адзін склад. 2) Абазначэнне аб’яднання 2 суседніх нот аднолькавай вышыні ў адну ноту сумарнай працягласці з дапамогай лігі — дугападобнай рысы, выгнутай уверх або ўніз. Ліга над групай нот рознай вышыні патрабуе іх звязнага выканання і адасаблення ад суседніх гукаў ці іх груп, у вак. музыцы — выканання ўсіх аб’яднаных лігай нот на адзін склад.

т. 9, с. 247

ЛІГАТУ́РА,

зліццё дзвюх літар у асобных словах, пры якім элемент адной літары з’яўляецца агульным для наступнай: «AE» у «Æ», «OE» у «Œ» і г.д. Часта сустракаецца ў кругавых легендах манет.

т. 9, с. 247

ЛІГАТУ́РА ў медыцыне,

нітка, завязаная вакол крывяноснага, лімфатычнага сасуда ці інш. трубчастых органаў для спынення кровацячэння ці яго папярэджвання, злучэння органаў і тканак. Выкарыстоўваюць шоўк, кетгут, лаўсан, капрон, конскі волас і інш.

т. 9, с. 247

ЛІГАТУ́РА ў тэхніцы,

1) дапаможныя сплавы, якія выкарыстоўваюцца для ўвядзення легіруючых элементаў у вадкі метал (гл. Легіраванне).

Засваенне легіруючага элемента з Л. больш высокае і ўстойлівае, чым пры ўвядзенні яго ў чыстым выглядзе. Л. атрымліваюць сплаўленнем кампанентаў, што ўваходзяць у яе састаў, або ўзнаўленнем іх з руд, канцэнтратаў ці аксідаў. У якасці Л. выкарыстоўваюць медзь, ртуць (гл. Амальгама) і інш. Л. наз. таксама металы, якія ўводзяцца ў высакародныя металы для надання цвёрдасці, зніжэння іх кошту і інш. Колькасць Л. ў сплаве вызначаецца пробай. Для манет рэкамендуецца Л., найб. устойлівая да зношвальнасці. Напр., да золата і серабра дабаўляюць медзь; аптымальныя суадносіны для золата 9:1 (900-я проба), для серабра 5:1 (833-я проба).

2) У паліграфіі 2 злучаныя паміж сабой (злітыя) літары на адной ножцы.

т. 9, с. 247

ЛІ́ГА АРА́БСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (ЛАД),

міжнар арганізацыя, засн. ў 1945 на канферэнцыі ў Каіры (Егіпет) прадстаўнікамі Ірака, Саудаўскай Аравіі, Лівана, Егіпта, Сірыі, Трансіарданіі (з 1950 Іарданія), Йемена (з 1962 Йеменская Араб. Рэспубліка; з 1990 у складзе Йеменскай Рэспублікі, ЙР). Пазней да Лігі далучыліся Лівія (1953), Судан (1956), Марока (1958), Туніс (1958), Кувейт (1971), Алжыр (1962), Нар.-Дэмакр. Рэспубліка Йемен (з 1990 у складзе ЙР), Аман (1971), Аб’яднаныя Араб. Эміраты (1971), Бахрэйн (1971), Катар (1971), Маўрытанія (1973), Самалі (1974), Джыбуці (1977). З 1964 права дарадчага голасу маюць прадстаўнікі Палесціны. Мэта арг-цыі — садзейнічаць умацаванню эканам., паліт. і культ. адносін паміж арабскімі краінамі. Вышэйшы орган — Савет Лігі, складаецца з кіраўнікоў і прэм’ер-міністраў араб. краін ці упаўнаважаных. Штаб-кватэра ў Каіры. Ліга прызнана ААН як рэгіянальная арг-цыя і мае пастаяннае прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Йорку. Эфектыўнасць рашэнняў Савета Лігі зніжаецца абавязковасцю іх выканання толькі тымі краінамі, якія за іх галасавалі. У ходзе Блізкаўсходняга канфлікту Ліга заняла крайне адмоўную пазіцыю ў адносінах да Ізраіля, каардынуючы палітыку супрацьстаяння яўр. дзяржаве. У 1979 за заключэнне Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў Егіпет быў выключаны з Лігі (адноўлены ў 1989), а штаб-кватэра Лігі перанесена ў Туніс (да 1990). Сур’ёзны раскол у Лізе адбыўся ў час Кувейцкага крызісу 1990—91, калі адны араб. краіны падтрымалі Кувейт, другія — Ірак. У галіне навук.-тэхн. супрацоўніцтва створана сумесная сістэма сувязі — АРАБСАТ. Дзейнічаюць спецыялізаваныя ўстановы: Араб. фонд эканам. і сац. развіцця, Араб арг-цыя па пытаннях асветы, культуры і навукі і інш.

т. 9, с. 246